«Энкавэдэшнік амаль плача, што гінуць невінаватыя». Водгук на фільм «На іншым беразе». І на мора памылак у ім
Фільм «На іншым беразе», які расказвае пра жыццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, выклалі ў сеціва. Цікава, што на злітым відэа — ватэрмаркі беларускага МЗС. Журналіст Дзмітрый Гурневіч паглядзеў гэта кіно і запісаў свае ўражанні. «І вось тут я сарваў джэкпот, бо менавіта з гэтых ваколіц паходзіць мой бацька і род маёй мамы, таму я выдатна ведаю гісторыю гэтых земляў».
«Глядзець прапагандысцкі фільм «На іншым беразе» я сеў з чыстымі намерамі, бо бываюць жа і добра зробленыя прапагандысцкія фільмы, — піша ў фэйсбуку Дзмітрый Гурневіч. — Не жартую, я паспрабаваў выключыць mood «змагара», «бэчэбэшніка» і «наркамана», і сканцэнтравацца выключна «на гордости за родную страну», цытатах Качанавай і памятаць пра «Год созидания». Сур'ёзна, я наладаваў сябе быць сапраўды аб’ектыўным. Не ідэалізаваць польскія часы ў Заходняй Беларусі, але і не ачарняць.
Тэма падзелу Беларусі сапраўды заслугоўвае фільма, там і драматызм, і эмоцыі, нацыянальныя пачуцці. Але ці ўдалося аўтарам пераказаць хоць нешта з гэтага гледачам?
Ужо з першых секундаў мяне пачало круціць ад нядбайнасці пра дэталі. Паказваючы карту падзеленай Беларусі, аўтары фільма замест польскіх назваў беларускіх гарадоў, прыдумалі нейкую трасянку: Gancewiczi, а не Hancewicze, Stolbcy, a не Stołpce, і г. д. То бок не знайшлося нават добрага кансультанта, які б параіў, як правільна пісаць па-польску. Я б мог усё гэта дараваць, калі б далей атрымаў дозу добрых уражанняў, але я і не падазраваў, што будзе далей.
Фільм пачынаецца ад сцэны, як на польска-савецкім памежжы, у раёне паміж Стоўбцамі і Рубяжэвічамі, сяляне бунтуюцца супраць намераў польскіх уладаў ператварыць мясцовую царкву ў склад. Там і стрэлы, збіццё сялян бізунамі (!!!) і неўзабаве першы нябожчык.
І вось тут я сарваў джэкпот, бо менавіта з гэтых ваколіц паходзіць мой бацька і род маёй мамы, таму я выдатна ведаю гісторыю гэтых земляў. Царква, напрыклад, у Стоўбцах, спакойна дзейнічала пад «панскай Польшчай». Народжаную ў Стоўбцах Івонку Сурвілу ў гэтай царкве «пры паляках» хрысцілі (1936), а за год да гэтага яе бацькі ўзялі там шлюб.
Тата будучай старшыні Рады БНР быў каталіком, але прыняў падчас шлюбу праваслаўе. Вы не ўяўляеце, што зрабілі палякі падчас службы ў царкве… Яны званілі ў званы ў знак пратэсту, у касцёле, які месціўся насупраць. Менавіта месціўся, бо пасля вайны камуністы яго падарвалі. А праваслаўнага айца Віталя Багаткевіча, вельмі пабожнага святара, камуністы накіравалі ў Талачын, бо ён вельмі актыўна адстойваў менскія святыні пасля вайны. Вось такая рэальная гісторыя. Але і гэта я спачатку вырашыў праігнараваць, ну фільм жа, можна і прыдумаць нешта.
Тое, што не давала глядзець фільм, гэта руская мова. Я нармальна да яе стаўлюся і сам часам размаўляю, але з вуснаў акцёраў гучыць нейкая маскоўская гаворка: «чё-т случилось», «ма» замест мама, «слыш, а». І так нібыта гавораць сяляне з-пад Рубяжэвіч. Адпаведна, я ўвесь фільм ані разу не адчуў, што ён пра беларусаў, нібыта гэта кіно пра Калужскую вобласць.
Зрэшты, слова «беларусы» за ўсе 2,5 гадзіны я хіба ані разу і не пачуў, акрамя як з вуснаў наратара ў першыя секунды. То-бок за ўвесь фільм я ані разу не адчуў, што ён пра беларускую гісторыю. Думаю, такой была задума аўтараў, бо не дай Бог «в Москве возмутятся». А я быў гатовы гэта адчуць, нават у прапагандысцкім фільме ад Мінкульта. Але не атрымалася.
Для птушачкі аўтары ўклінілі ў фільм пару хвілін беларускай мовы. Але ад яе ў мяне было яшчэ большае непрыняцце, чым ад рускай. Па-першае, памылкі, потым вымаўленне, а часам і проста трасянка. Такое ўражанне, што акцёры ўпершыню ў жыцці чыталі беларускі тэкст. Толькі адзін герой, Сава ці нешта такое, сказаў пару сказаў на жывой беларускай мове.
Недапрацоўкі кансультантаў дабівалі мяне кожныя пару хвілін. Напрыклад, польская мова «польскіх герояў» была проста жахлівай, з морам памылак. Палякі ў фільме, напрыклад, падчас суда, называюць чамусьці падсудных па бацьку, чаго проста не існавала і няма ў Польшчы і нават Заходняй Беларусі — Ivan Petrovicz. WTF. Ці, напрыклад, як мясцовага яўрэя (недзе каля Рубяжэвіч) называюць Саламон Маркіч (Маркавіч). Аааааааа.
Былі і сцэны, калі безгустоўнасць перапляталася з абсурдам. Вельмі смешная сцэна была, калі энкавэдэшнік перажывае, што падчас аперацыі КПЗБ у Заходняй Беларусі загінулі мірныя людзі. Маўляў, што пра нас напішуць польскія газеты, што бальшавікі дзейнічаюць такімі метадамі?! (Як міла).
У мяне пасля падзелу Беларусі частка сям’і засталася ў цяперашнім Дзяржынскім раёне. У іх забралі маёмасць, выслалі ў Сібір, а тысячы палякаў у раёне Койданава проста так расстралялі. А тут энкавэдэшнік амаль плача, што гінуць невінаватыя. Ну, рыхтык гэтыя танныя расейскія фільмы пра добрых чэкістаў.
Увогуле, у пэўны момант я сябе злавіў на думцы, што гэта не фільм, а відэатар, якія паказвалі па БТ у пачатку 90-х. І што гэта кепскі відэатар. Я не пачуў (хаця вельмі гэтага хацеў) аніводнага цікавага дыялогу, не ўбачыў аніводнага тыпажу, усе героі там аднолькавыя. Акцёры проста кепска граюць, і гэта ўсё тлумачыць. Фільм атрымаўся як самы танны «кантэнт» для падлеткаў на «Нэтфліксе», які звычайна хочацца выключыць на 3-й хвіліне. Але я глядзеў, плакаў і глядзеў. Хаця вельмі часта гэта набывала проста камічныя маштабы. Напрыклад, ідуць па лесе хлопец з параненай стрэлам у жывот дзяўчынай, і ён за ўсю дарогу ані разу не спрабуе ёй памагчы, яны ідуць і размаўляюць «за жизнь», а ў той крывавая юшка выцякае.
Палякі ў фільме паказаныя не як каланізатары, ворагі, апаненты, акупанты, якія ўчыняюць пакуты. Яны там проста камічныя персанажы, нягеглыя, ганарлівыя, трохі як вампіры з мульціка «Гатэль Трансільванія». Адпаведна і стаўленне да іх проста абыякавае. Як быццам яны памылкова апынуліся ў гэтым фільме. У канцы наратар ізноў палохае, што Польшча пасля падзелаў марыла захапіць усю Беларусь, у тым ліку і савецкую. Агульнавядомы факт, што гэта акурат камуністы раілі палякам забраць на Рыжскай канферэнцыі больш зямлі Беларусі ўзамен за саступкі ва Украіне. Але палякі адмовіліся. Дык навошта ім было займаць гэтыя землі, калі ім раілі іх «за так».
Тэма Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гадах вартая добрага кіно, такога, як раман Адамчыка «Чужая Бацькаўшчына». Тут жа аўтары самі збэсцілі тэму, зрабілі з яе карыкатуру.
Цяжка ўявіць, каб кагосьці ўразіў гэты фільм, каб людзі плакалі, спачувалі, адчувалі эмоцыі. Я вельмі хацеў адчуць, але не змог. Здаецца, гэта польскі кінакрытык Зыгмунт Калужыньскі казаў некалі, што ў любым фільме ёсць нейкая сцэна, выказванне або дыялог, ігра акцёра, за які яго варта запомніць. Калужыньскі памыляўся».
Каментары