Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада правёў нараду па пытанні аднаўлення вайсковых пракуратур. Спачатку ён прапанаваў аднавіць вайсковую пракуратуру, але па выніках нарады заявіў, што такое рашэнне прымаць пакуль рана, паведамляе ягоная прэс-служба.
«Таксама пытанне: не дай бог пачалася вайна — мы хутка ствараем пракуратуры. Без гэтага справіцца не можам? Калі не можам, можа, і трэба. Калі зможам, навошта? І наогул, гэта галоўнае пытанне: адкуль яно з'явілася, чаму сёння ўзнята, пракурорамі перш за ўсё? І пытанне галоўнае: трэба сёння ці не трэба аднаўляць сістэму пракурорскага нагляду, якая была да 2014 года», — сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу генпракурор Андрэй Швед заявіў, што вайсковыя пракуроры з'яўляюцца абавязковым элементам сістэмы нацыянальнай бяспекі. Іх функцыянал паўсюдна задзейнічаецца ва ўсіх ваенных канфліктах, сказаў ён
Падводзячы вынікі нарады пасля абмеркавання пытанняў Лукашэнка адзначыў, што прымаць рашэнне аб стварэнні сістэмы вайсковых пракуратур пакуль рана. «Забягаць наперад не варта, бо ў гэтым няма ніякай надзвычайшчыны», — дадаў ён.
У нарадзе ўзялі ўдзел больш за дзясятак генералаў: кіраўнік Адміністрацыі Ігар Сергеенка, сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вольфавіч, яго намеснік Аляксандр Рахманаў, генпракурор Андрэй Швед, старшыня СК Дзмітрый Гора, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, яго намеснік — кіраўнік унутраных войск Мікалай Карпянкоў, старшыня КДБ Іван Церцель, старшыня Памежнага камітэта Дзмітрый Моластаў, міністр абароны Віктар Хрэнін, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, кіраўнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка.
Каментары