«MozgON»а, якому далі 15 гадоў, зноў будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» Уладзіміра Цыгановіча толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення.
За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала завядзенне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў пазбаўлення волі, піша «Вясна».
Судзіць Уладзіміра пачнуць ужо 30 лістапада ў Ваўкавыску.
Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Спачатку яго двойчы пакаралі «суткамі» паводле адміністрацыйных справаў, а потым перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.
Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). 14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў калоніі.
Спачатку палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3, але праз паўгода Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.
Але на гэтым ціск на палітвязня не скончыўся. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра ўзбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК).
Справу пачалі разглядаць 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. На другім пасяджэнні, 10 красавіка, суддзя Таццяна Касцюк агучыла прысуд палітвязню — адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення.
Цяпер стала вядома, што ў судзе Ваўкавыскага раёна 30 лістапада пачнуць разглядаць чарговую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК. Справу будзе весці суддзя Мікалай Сяргейка.
Падтрымайце Уладзіміра паштоўкамі, лістамі і тэлеграмамі:
ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118
Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч
«Перада мной спыніўся бус і выйшлі два бамбізы». Аператар Ціханоўскага, які застаўся на волі, распавёў пра пераслед каманды
«Пальчыс саступіў мне месца на нарах». Праграміст адседзеў у калоніі — за кратамі вы б яго не пазналі
Уладзіміру Цыгановічу, аўтару ютуб-канала MozgON, дадалі да 15 гадоў яшчэ год калоніі
Каментары