Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра вынікі стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, які праходзіў 6-7 снежня ў Вашынгтоне, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Паводле слоў Вячоркі, правядзенне стратэгічнага дыялогу прыпала на не вельмі спрыяльны для беларускага пытання час, бо акурат цяпер разгарэўся ўнутраны крызіс у Кангрэсе ЗША, да таго ж шмат увагі адцягнула вайна Ізраіля і ХАМАСа. Таму мерапрыемства не выклікала ў Амерыцы той медыйнай увагі, якая ад пачатку чакалася, калі гэты стратэгічны дыялог прызначаўся.
У той жа час ёсць і пазітыўныя моманты:
«Я бачу пазітыў, што амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах.
Звычайна гэта двухбакова робіцца. Лукашэнкаўская Беларусь дае на адзін год візы, амерыканцы таксама даюць візы на адзін год.
І вельмі цікава, што здаецца ёсць гатоўнасць паламаць гэты прынцып і пачаць выдаваць больш доўгія візы.
Бо я не разумею, чаму расейцам выдаюць на тры гады візы, а беларусам — на адзін год. І гэта быў бы такі магутны сігнал салідарнасці.
Другое — гэта даць тым беларусам, якія ў ЗША, статус часовай абароны.
Гэта не мільёны людзей і не сотні тысяч. Гаворка ідзе пра тысячу чалавек, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Гэты статус таксама дапамог бы вырашыць пытанні з легалізацыяй для многіх пасля новага дэкрэта [аб пашпартах], а таксама гэта пасадзейнічала б таму, каб ў еўрапейскіх краінах пытанні з пашпартамі замежнікаў вырашаліся б хутчэй».
Таксама Вячорка расказаў, як рухаецца справа з прызначэннем амерыканскага спецпасланніка па Беларусі. Паводле яго слоў, згода па гэтым пытанні паміж Дзярждэпартаментам і Кангрэсам ужо ёсць, але калі пра прынятае рашэнне аб'явяць, пакуль невядома:
«Мы спадзяемся, да Новага года або ў пачатку наступнага года будзе і само прызначэнне, і разуменне, як гэты спецпасланнік будзе працаваць».
Таксама, як сцвярджае Вячорка, неўзабаве варта чакаць змены фармату працы амерыканскіх місіі і арганізацый у Вільні і Варшаве. Справа дапамогі беларусам цяпер мае быць выбудаваная інакш, большая ўвага будзе прысвечаная непасрэдна беларускім арганізацыям у выгнанні і супрацоўніцтву з імі.
«На гэты момант амерыканскія арганізацыі, якія працуюць з Беларуссю, яны працуюць як філіялы, напрыклад, кіеўскага офіса або працуюць праз Вашынгтон.
Але цяпер будуць прызначаныя людзі, якія працуюць толькі па Беларусі, у іх партфелях будуць тыя тэмы, якія пазначаныя на стратэгічным дыялогу. І гэта таксама можна назваць яго вынікам», — падкрэсліў Вячорка.
Чытайце таксама:
Прэміяй Буша — Тэтчэр узнагародзілі двух беларускіх палітвязняў і Ціханоўскую
Каментары