Усяго патроху33

Смажаныя сабакі на прылаўках і музыка з Pokemon на могілках. Беларус расказаў, як тры месяцы пражыў на поўдні В'етнама

Аляксандр, які тры месяцы пражыў у горадзе Баалок — кававай сталіцы В'етнама, расказаў сваю гісторыю выданню «Анлайнер». Там ён пабываў у кавярнях, больш падобных да палацаў, убачыў на прылаўках смажаных сабак і пачуў, як на могілках грае музыка з Pokemon.

Аляксандру 28 гадоў. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёна. Потым адвучыўся на менеджара-эканаміста і, працуючы па спецыяльнасці, дарос да дырэктара невялікай фірмы, якая займаецца экспартам каляровага металапракату з Расіі ў Беларусь.

«Я перайшоў на аддаленую працу і жыў у Мінску. У нейкі момант мяне пачалі напружваць шэрасць за акном, холад, дрэннае надвор'е. Усё гэта моцна ўскладняла ўнутраны стан: нічога не хацелася рабіць — толькі згарнуцца абаранкам і ляжаць разам з катом. І я падумаў: было б нядрэнна з'ехаць у якую-небудзь цёплую краіну», — успамінае Аляксандр.

«Я выбіраў паміж трыма кірункамі: Аргенціна, Маўрыкій і Балі. У Аргенціне аказаўся нязручны часавы пояс: каб працаваць, прыйшлося б уставаць ноччу. Маўрыкій я палічыў занадта маленькім востравам, на якім няма чым заняцца. Таму спыніўся на Балі».

У сакавіку беларус прыляцеў у Інданезію. Планаваў затрымацца на месяц, а ў выніку некалькі разоў здаваў квіткі і застаўся там да жніўня.

«На востраве вельмі класная атмасфера. Шмат цікавых людзей і падзей — пастаянна праходзяць нейкія івэнты, практыкі, пленэры. Але жыць там дорага: сціплы пакой на віле (з цвіллю) абыдзецца ў 260 даляраў. Цэны на прадукты таксама вышэйшыя: на малако — у 2,5 разу, на мяса — у 1,5. Увогуле, для камфортнага існавання (без усялякіх лакшыры-ўмоў і велізарных вілаў з басейнам) спатрэбіцца 1500 даляраў на месяц. А гэта ні разу не танна — гэта міф».

На Балі наш герой сустрэў сваю дзяўчыну і разам з ёй вырашыў махнуць у В'етнам.

«Мы прыляцелі ў паўднёвую сталіцу — Хашымін. Мясцовыя дагэтуль называюць яе Сайгон.

Першае, што ўразіла, — гэта сам горад. Вялікі душны азіяцкі мегаполіс з хмарачосамі і вар'яцкім трафікам. Пасля вёскі пад назвай Балі гэта быў шок».

Другая дзіўная рэч — адсутнасць метро (пры насельніцтве ў 9 мільёнаў чалавек!).

«Грамадскі транспарт у В'етнаме ў прынцыпе не самы зразумелы. Аўтобус можа спазніцца на гадзіну, можа проста не прыехаць або павезці цябе іншым маршрутам. Паміж гарадамі курсіруюць так званыя sleeping bus, дзе замест звыклых сядзенняў — ложкі. І на іх рэальна можна спаць».

Паколькі пара не хацела жыць у надта турыстычнай лакацыі, яны пасяліліся ў Баалоку, кававай сталіцы краіны. В'етнам займае адно з перадавых месцаў па экспарце рабусты.

«Па ўсім горадзе раскінуліся велізарныя палі, дзе вырошчваюць каву. Нават наша віла знаходзілася ў цэнтры плантацыі. Уздоўж дарог тут сушыцца кававае зерне, а ў самім горадзе адкрыта не менш за 100 кавярняў, і гэта пры тым, што жыве тут усяго 130 тысяч чалавек.

І падобныя ўстановы — гэта не проста маленькія забягалаўкі, а цэлыя палацы ў некалькі паверхаў з уласнай тэрыторыяй. Я часта задаваўся пытаннем: для каго ўсё гэта пабудавана? Бо самі в'етнамцы зусім не багатыя людзі».

Даволі распаўсюджаны напой тут — кава копі-лювак. Па ўсім свеце ён лічыцца дарагім задавальненнем — кілаграм каштуе каля 700 даляраў. А ўсё з-за незвычайнай тэхналогіі вытворчасці: кававыя вішні ядуць маленькія звяркі мусангі, ператраўляюць іх і спаражняюцца зернямі, якія дзякуючы асаблівым страўнікавым ферментам набываюць непаўторны смак.

«Нацыянальная кухня тут таксама спецыфічная — заўсёды вострая, нават калі просіш пра адваротнае. Мясцовыя вельмі любяць розную зеляніну, рыбу і, вядома, рыс. Для яго на кухні ёсць спецыяльная скрыня памерам з пасудамыечную машыну».

Тут часта ядуць слімакоў і жабіны лапкі — іх на вагу можна купіць у любой краме. Гэтыя схільнасці дасталіся в'етнамцам у спадчыну ад каланізатараў з Францыі. Дзякуючы ім у некаторых правінцыях з'явіліся каталіцкія храмы і еўрапейскага выгляду будынкі. Напрыклад, горад Далат чымсьці падобны да Вільні, але з азіяцкім каларытам — неонавымі шыльдамі, вулічнымі гандлярамі.

Дарэчы, пра каларыт: в'етнамцы вельмі любяць сабак, прычым ва ўсіх сэнсах…

«Неяк я ехаў па дарозе і заўважыў, што на прылаўку ляжыць смажаны сабака. Цалкам. Я праехаў яшчэ 50 метраў і ўбачыў дакладна такога ж. Аказалася, для ежы тут разводзяць спецыяльную пароду. Вядома, гэта відовішча не з прыемных. Але, наколькі я ведаю, маладзейшае пакаленне імкнецца адыходзіць ад гэтай традыцыі».

Не пужайцеся: сабак у В'етнаме любяць і ў звыклым нам разуменні. Парода нумар 1 — гэта пудзель. Іх любяць настолькі, што гатовыя выдаткаваць на шчанюка 200 даляраў — па мерках краіны гэта вельмі нават салідная сума.

Яшчэ адна рэч, якая ўразіла беларуса, — гэта могілкі. Візуальна яны не вельмі адрозніваюцца ад нашых — мармуровыя надмагіллі і ўсё іншае. Але ёсць і сёе-тое адметнае: само стаўленне да смерці. Яно быццам бы прасцейшае, чым мы ўсе прызвычаіліся.

«Неяк адзін раз мы вырашылі прагуляцца сярод пахаванняў і побач з дзіцячымі магіламі ўбачылі жанчын, якія збіраюць адзенне ў дабрачынных мэтах. Яны ўсе ўсміхаліся. Каля кожнага надмагілля (іх было штук з 40) ляжалі музычныя цацкі ў выглядзе пакемонаў і іншых персанажаў. І ўсе яны гралі нейкую вясёлую мелодыю. Мабыць, гэта самае дзіўнае, што я бачыў за ўвесь час у В'етнаме».

Але давайце вернемся да чагосьці больш свецкага. Напрыклад, да нерухомасці. Аляксандр разам з дзяўчынай здымаў за 360 даляраў на месяц цэлую вілу, якая складаецца з двух пакояў і дзвюх прыбіральняў. У кошт уваходзіла плата за электрычнасць, ваду і штотыднёвае прыбіранне.

Вядома, знайсці падобны варыянт не так проста.

«Лепш забыцца пра Booking і Airbnb — там няма і 70% жылля, якое рэальна здаецца ў арэнду. Я карыстаўся Facebook, пісаў у розныя групы. Гэта быў той яшчэ квэст: в'етнамцы зусім не знаюць ангельскай мовы. Даводзілася карыстацца перакладчыкам, які замест нармальнага тэксту аб пошуку кватэры выдаваў нешта ў духу «два падарожнікі, якія вандруюць па свеце, шукаюць сабе палатку». На курортах справы з веданнем мовы ідуць крыху лепей: у Нячангу, дзе звычайна адпачываюць турысты з СНД, мясцовыя гавораць па-руску».

Па суседстве з маладой парай жылі самі гаспадары вілы (яны нярэдка частавалі беларусаў садавіной, якую самі ж вырошчвалі). Таму ў беларуса была выдатная магчымасць пазнаёміцца з асаблівасцямі гэтага народа бліжэй.

«Яны вельмі добрыя і ветлівыя. Пастаянна ўсміхаюцца. Я ніколі не бачыў, каб в'етнамцы сварыліся адно з адным ці проста павышалі голас. Прыезджым яны заўсёды імкнуцца дапамагчы. Так, часам з-за ўласнай безадказнасці і расхлябанасці яны робяць гэта неяк няўмела, але імкненне дагадзіць проста бясконцае.

Неяк я хацеў выпіць ва ўстанове кубачак кавы, але ў мяне з сабой не аказалася наяўных грошай (беларускай картай аплаціць што-небудзь практычна немагчыма). У выніку барыста зрабіла мне напой задарма».

Тым не менш, в'етнамскі сэрвіс, на думку Аляксандра, вымушае жадаць лепшага: сталы могуць быць не прыбраныя, а афіцыянты часам падаюць ежу бруднымі рукамі. Пра прыгожую сервіроўку і іншыя дробязі таксама можна забыцца.

«В'етнамцы вельмі любяць спяваць у караоке — яны тут літаральна на кожным кроку. Другая па папулярнасці забаўка — більярд. Ну а трэцяя — азартныя гульні. Але з-за таго, што казіно дазволеныя толькі ў турыстычных лакацыях, звычайныя людзі гуляюць у нейкае падабенства аўтаматаў, атрымліваюць прызы і абменьваюць іх на грошы».

Суразмоўца сцвярджае, што сярэдні заробак в'етнамца не перавышае 200 даляраў. Часцяком яны селяцца ў нейкім падабенстве гаража з кратамі, за якімі хаваюцца канапа, тэлевізар і г. д. Так што, шпацыруючы па вуліцы, можна лёгка падглядаць за чужым жыццём.

Хтосьці адкрывае на першым паверсе свайго дома кавярню або краму — па іх могуць бегаць дзеці гаспадароў, раскідваць цацкі. Такая там своеасаблівая атмасфера.

«Нягледзячы на ўяўную беднасць, многія в'етнамцы ходзяць з айфонам апошняй серыі, купляюць дарагую тэхніку ці, напрыклад, фільтр для вады за 700 даляраў. Так што зразумець, колькі яны насамрэч зарабляюць, складана».

Калі казаць пра кошт прадуктаў харчавання, то ў кававай сталіцы цэны такія: кілаграм бекону каштуе 8-9 даляраў, 300 грам курынага філе — 3 даляры, кілаграм бананаў — 0,4 даляра, кілаграм ананасаў — 1 даляр, вялікая скрынка печыва Choco Pie — 1,2 даляра. Пры гэтым кілаграм імпартных яблыкаў абыдзецца ў 2 даляры, мандарынаў — 3,7 даляра.

«Асабіста мяне ўразілі цэны на мёд — часам яны дасягаюць 25 даляраў».

Вось і лічыце, што можа дазволіць сабе сярэднестатыстычны в'етнамец.

Але вось што дзіўна: у Баалоку галеча не падштурхоўвае людзей да крадзяжу і іншага крыміналу. Аляксандр і яго дзяўчына нават не замыкалі ўваходных дзвярэй.

«Я чуў, што ў буйных гарадах могуць вырваць сумку з рук замежнікаў, уварвацца ў дом альбо гатэль і абрабаваць. Але ў Баалоку ўсё як быццам спакайней: за ўвесь час я ўсяго два разы бачыў паліцыю. Ведаю, што тут, як і па ўсім В'етнаме, вядзе рэй таксовачная мафія, якая разводзіць турыстаў на грошы, але такое і ў Мінску часам здараецца».

З медыцынай у краіне таксама не ўсё гладка, сцвярджае хлопец. Аляксандр так і не рызыкнуў наведаць якую-небудзь з мясцовых бальніц. Дый без таго чуў, што ў любой незразумелай сітуацыі там проста выпісваюць антыбіётыкі.

«Неяк я трапіў у аварыю і застаўся з глыбокімі ранамі на назе. Магчыма, нават падхапіў інфекцыю. Папрасіў суседзяў выклікаць доктара на дом — падумаў, што так надзейней і бяспечней. Дык вось прыйшоў ён… паслязаўтра. Мабыць, гэта ўсё, што трэба ведаць пра пунктуальнасць в'етнамцаў. Верагодна, таму мясцовыя аддаюць перавагу нетрадыцыйнай медыцыне: іглаўколванне і паходы да астэапатаў, якія бяруць за сеанс не менш за 7 даляраў».

Аляксандр правёў у В'етнаме тры месяцы, пасля чаго ненадоўга вярнуўся ў Беларусь (каб праверыць здароўе ў тым ліку). Далей ён плануе наведаць Індыю, а затым вярнуцца ў В'етнам, але ўжо паўночны.

Каментары3

  • Віталь
    22.12.2023
    Во праблемы ў беларусікаў...
  • андруша
    22.12.2023
    беларусики они такие, да
  • Максим Дизайнер
    22.12.2023
    Бедные беларуские хлопцы. Нужно тащиться на Бали, чтобы найти русско говорящую девушку.  И это образованному красавчику и директору предприятия. Все в порядке с личной жизнью в сасуте только у пролетариев и вчерашних колхозников.

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным9

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Джо Байдэн памілаваў свайго сына25

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

Прэм'ер Галоўчанка расказаў пра сваю любімую страву з бульбы5

У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ2

Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам35

Украінцы з «Хаймарса» накрылі ганаровае пастраенне расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. 12 загінулых9

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным9

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →