Прэзідэнт Аргенціны паляцеў звычайным самалётам. І гэта самалёт «Белавія»
Новы прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей вядомы сваім імкненнем да скарачэння дзяржаўных выдаткаў, а таксама эпатажнасцю і папулізмам. Таму выбар звычайнага рэйса для пералёту адпавядае яго іміджу. Але прычым тут «Белавія»?
Нядаўна ў сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа, на якім відаць, як прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея цёпла вітаюць на авіяборце. Але ў гэтай падзеі ёсць яшчэ адна адметнасць — сам самалёт. На кадрах відэа добра відаць, што ў аздобе салона прысутнічае сімволіка беларускага авіяперавозчыка — сіняя валошка.
Як самалёт «Белавія» патрапіў у Аргенціну? Прычынай гэтаму паслужылі санкцыі, уведзеныя супраць беларускага рэжыму і авіяперавозчыка. Як піша інтэрнэт-рэсурс Simple Flying, першапачаткова самалёт Boeing 737 MAX (менавіта ў яго салона зняты Мілей) быў выпушчаны спецыяльна для «Белавія» і свой першы палёт здзейсніў у кастрычніку 2021 года.
Яшчэ ў 2018 годзе «Белавія» падпісала лізінгавую дамову на набыццё пяці самалётаў Boeing 737 MAX 8, якімі планавалася замяніць састарэлыя Boeing 737-300 і B737-500. У красавіку 2021 года «Белавія» паспяхова атрымала першы. Аднак неўзабаве былі ўведзеныя санкцыі, якія не дазволілі перадаць астатнія самалёты беларускаму боку. Таму вытворца перанакіраваў іх авіяперавозчыкам іншых краін.
Новы самалёт, які стаў сёмым такога тыпу ў парку Aerolíneas Argentinas, паступіў з некаторымі фрагментамі ліўрэі «Белавія». Так, на хвасце прысутнічаў лагатып беларускай авіякампаніі. Пазней самалёт перафарбавалі. Але ў салоне, як можна заўважыць, засталіся некаторыя элементы, уласцівыя беларускай авіякампаніі.
Чытайце яшчэ:
«Белавія» расказала пра вынікі года і планы па новых рэйсах
Колькасць самалётаў, што лётаюць праз беларускую паветраную прастору, скарацілася ў 10 разоў
Каментары