Самы багаты чалавек у свеце ўжываў ЛСД, какаін, экстазі і псіхадэлічныя грыбы, піша ў вялікім расследаванні амерыканскае выданне The Wall Street Journal. Гэта набыло такія формы, што кіраўніцтва Tesla i SpaceX баяцца за будучыню кампаній.
Маск рэгулярна ўжывае наркотыкі на прыватных вечарынках, дзе ўдзельнікі падпісваюць пагадненні аб неразгалошванні і здаюць тэлефоны ахове, каб увайсці, сцвярджае выданне.
Раней Маск курыў марыхуану на публіцы і казаў, што ў яго ёсць рэцэпт ад медыкаў на псіхадэлічны прэпарат кетамін.
Ілан Маск даўно славіўся сваімі рэзкімі выказваннямі і неадназначнымі паводзінамі. Многія лічылі іх адваротным бокам ягонай крэатыўнасці. Ці вынікам праблем з псіхічным здароўем. Або наступствамі стрэсу ці недасыпання.
У апошнія гады, аднак, у некаторых менеджараў і членаў радаў дырэктараў яго кампаній, а таксама ў іншых асоб, блізкіх да мільярдэра, з'явіўся моцны неспакой з нагоды таго, што паводзінамі Маска рухае яшчэ адзін кампанент: ужыванне наркотыкаў.
Ужыванне наркотыкаў стваральнікам SpaceX можа мець сур'ёзныя наступствы не толькі для яго здароўя, але і для шасці кампаній і мільярдных актываў, якія ён курыруе. Журналісты спасылаюцца на людзей з блізкага кола Маска і знутры яго кампаній.
Напрыклад, у 2018 годзе ён прыняў некалькі таблетак кіслаты на вечарыне, якую ладзіў у Лос-Анджэлесе. У наступным годзе ён прымаў галюцынагенныя грыбы на імпрэзе ў Мексіцы. У 2021 годзе ён прыняў кетамін для забавы ў Маямі на хатняй вечарыне падчас Art Basel. Ён прымаў забароненыя наркотыкі з цяперашнім членам праўлення SpaceX і былым членам праўлення Tesla Стывам Юрветсанам.
Людзі, блізкія да Маска, якому цяпер 52 гады, сказалі, што ён працягвае ўжываць наркотыкі, асабліва кетамін, і што яны занепакоеныя тым, што гэта можа выклікаць праблемы са здароўем.
Незаконнае ўжыванне наркотыкаў можа парушаць федэральныя законы і паставіць пад пагрозу дзяржаўныя кантракты SpaceX на мільярды даляраў, піша выданне.
Каментары