У Беларусі пачалі выпускаць масла «гхі». Што гэта такое і чаму каштуе 66,8 рубля за кг?
Мінсельгасхарч паведаміў, што ў Беларусі асвоілі вытворчасць новых відаў прадукцыі «з высокім таварным коштам», у тым ліку высакатлустага топленага масла «гхі». Выданне Telegraf.news даведалася, што гэта за прадукт, і знайшло яго ў продажы. Цана аказалася немалой.
Што гэта за прадукт і «з чым яго ядуць»?
Масла гхі (па-ангельску ghee) — гэта ачышчанае топленае масла, якое выкарыстоўваюць для гатавання ежы. Чымсьці новым яго назваць не выпадае, гэта адзін з самых вядомых інгрэдыентаў індыйскай кухні і вельмі папулярны ў традыцыйнай сістэме індыйскай медыцыны (аюрведа). Яго яшчэ называюць «золатам аюрведы».
Праўда, тэхналогія вытворчасці крыху адрозніваецца ад звычайнага топленага масла. Працэс вырабу даволі працяглы і складаны.
Гхі атрымліваюць метадам ператаплення, сутнасць якога — у выпарэнні вады і выдаленні малочных бялкоў са сметанковага масла.
Спачатку сметанковае масла доўга топіцца на вадзяной бані, у залежнасці ад аб'ёмаў — ад 15 да 40 гадзін пры сталай тэмпературы ад 92 да 94 градусаў. Такая ашчадная тэхналогія не прыводзіць да кіпення масла і ўсяго таго, што адслойваецца ад яго падчас працэсу. Потым яно адстойваецца і праходзіць спецыяльную фільтрацыю. У выніку вытворчасці аддзяляецца малочны бялок, цукар і іншыя прымешкі. У выніку застаецца чысты і, як кажуць вытворцы, карысны тлушч.
Усе гэтыя вытворчыя складанасці, верагодна, і ўплываюць на кошт будучага прадукту.
Тэхналогія вырабу масла гхі не робіць яго таксічным, сцвярджаюць вытворцы: гхі можна выкарыстоўваць і для смажання, і дадаваць у кашы, супы, салаты, і намазваць на хлеб.
Ёсць нават лекавыя ўласцівасці?
Можна знайсці інфармацыю, што штодзённы прыём масла гхі станоўча ўплывае на зрок, страваванне, памяць і скуру. Яго лічаць добрым сродкам для амаладжэння арганізма і захавання маладосці.
Уплыў топленага масла навукоўцы неаднаразова даследавалі. У 2010 годзе амерыканскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэтае масла зніжае ў жывёл узровень халестэрыну і памяншае рызыку з'яўлення пэўных сардэчна-сасудзістых захворванняў. Таксама яны знайшлі патэнцыйную сувязь паміж ужываннем масла гхі і памяншэннем рызыкі каранарнай сардэчнай хваробы.
Даследаванні масла гхі ў 2015 годзе паказалі, што ў ім вельмі мала халестэрыну і яно можа паляпшаць агульны ўзровень «добрага» халестэрыну. А яшчэ — паляпшаць працу тонкага кішэчніку і ўсёй стрававальнай сістэмы, умацоўваць нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэму, павышаць выпрацоўку палавых гармонаў і падтрымліваць імунітэт.
Хто робіць і дзе купіць
У продажы ёсць масла гхі айчыннай вытворчасці. Напрыклад, на сайце е-дастаўкі яно прадаецца па цане 13,36 руб. за 200 г. Вытворца — ААТ «Белавежскія сыры» з Высокага Камянецкага раёна.
На сайце вытворцы пра гхі напісана:
«Гэта прадукт, які атрымліваецца з якаснага сметанковага масла шляхам тэрмічнай апрацоўкі. Зарэкамендаваў сябе ва ўсходняй медыцыне як цудадзейны сродак».
Пры гэтым пазначаныя незвычайныя, вельмі «мінусавыя» ўмовы захоўвання:
«Захоўваць пры тэмпературы ад мінус 18°C да мінус 13°C і адноснай вільготнасці паветра не больш за 90% — 120 сутак».
Чытайце таксама:
Як пасля двух гадоў санкцый змяніліся беларускія паліцы з ежай
У Верхнядзвінску павялічаць вытворчасць мацарэлы амаль удвая
Беларуская каўбаса без мяса: калі з'явіцца ў крамах і з чаго яе робяць
Каментары