Грамадства22

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей

У 2020-м бацька пяці дзяцей Сяргей Жыбуртовіч збіраў подпісы на Камароўцы, баставаў на заводзе. А праз два гады трапіў за краты на 40 сутак — так ГУБАЗіК помсціў яму за старэйшага сына, якога не мог злавіць. Запісалі гісторыю мужчыны.

Сяргей Жыбуртовіч. Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» запусціў збор у дапамогу сям'і Жыбуртовічаў — паўдзельнічаць можна тут.

Сяргею Жыбуртовічу 45 гадоў. 17 з іх мужчына прысвяціў працы на МТЗ, дзе быў фрэзероўшчыкам, але страціў працу ў 2022-м.

Сяргей згадвае, што прыйшоў на завод у 2004-м. Недзе ў 2017-м з’явіліся пытанні да кіраўніцтва — пачаліся празмерныя патрабаванні да працы, дый стыль камунікацыі з рабочымі зрабіўся непаважлівы.

Гэта матывавала змагацца за свае правы, але на практыцы Жыбуртовіч дайшоў да актыўнасці толькі праз некалькі гадоў. Для яго ўсё пачалося вясной 2020-га.

«Калі праходзіў збор подпісаў, мне стала цікава, далучыўся да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Збіраў на Камароўцы подпісы за яе. А потым, асабліва калі аб’ядналіся штабы, дапамагаў і там».

Тую вясну на Камароўцы Сяргей згадвае як шчаслівы час, калі яго атачалі адзінадумцы — адкрытыя, цудоўныя людзі.

З другога боку, было і адчуванне небяспекі: аднаго са зборшчыкаў подпісаў за Ціханоўскую затрымалі і адправілі за краты па адміністратыўцы.

Было чым уразіцца і ў добрым сэнсе.

«Быў здзіўлены тым, колькі людзей прыходзіла аддаваць подпісы, і шчаслівы, што мог дапамагчы людзям пакінуць подпіс за таго кандыдата, за якога яны сапраўды гатовыя галасаваць. Гэта было эмацыйна, цёпла і па-добраму. Людзі былі шчырыя, яны пакідалі свае подпісы, бо хацелі пераменаў.

Бачыў, што людзі вераць у гэта, і быў часцінкай той каманды, якая дапамагала наблізіць гэтыя перамены».

Ілюстрацыйнае фота: Мінскі трактарны завод

Што да завода, там, згадвае Сяргей, настроі былі розныя. Адны, у тым ліку і малодшыя менеджары, падыходзілі да яго са словамі падтрымкі. Былі і тыя, хто не хацеў праблем.

«Некаторыя казалі, што ім засталося трохі часу да пенсіі, таму, маўляў, пабачым, што будзе. Моладзь на заводзе доўга не затрымлівалася: студэнты прыходзілі туды або на практыку, або працаваць, але хутка звальняліся. Збольшага на заводзе працуюць немаладыя людзі — маўляў, зачапіліся, і ёсць стабільнасць.

Але калі пачалося паслявыбарчае насілле, абураліся практычна ўсе — нехта і сам туды трапіў, у некага пабілі дзяцей. А потым пабачыў, што настроі змяняюцца, бо людзі пачалі разумець магчымыя наступствы для сябе. Страх, жаданне захаваць сябе ўзялі верх, і людзі пачалі сябе паводзіць па-іншаму».

«Я сустрэў калону каля парка Горкага»

Жыбуртовіч далучыўся да незалежнага прафсаюза. Спачатку гэта быў прафсаюз РЭП, але потым, успамінае актывіст, усёй заводскай ячэйкай яны сышлі з РЭПа і перабраліся ў СПМ — Свабодны прафсаюз металістаў. 

Абвясцілі, што не будуць працаваць і пойдуць дамагацца праўды. Кіраўніцтва завода страшыла звальненнем, дык завадчане пачалі баяцца, і забастоўка развалілася. Спрацаваў інстынкт самазахавання, разважае Сяргей, ды і фактар пад назвай «ва ўсіх дзеці».

І ўсё роўна ёсць што ўспомніць:

«Памятаю, як у самым пачатку на вуліцы выйшла большая частка працоўных, тыя, хто сапраўды імкнуўся да пераменаў. Яны пайшлі натоўпам у бок дома прафсаюзаў, наперадзе быў Сяргей Дылеўскі. Я сустрэў тую калону каля парка Горкага. 

Пазней на заводзе пачалі гаварыць, што будзем ладзіць італьянскую забастоўку, меней працаваць і меней выдаваць дэталяў. Я сам так баставаў спачатку. Для гэтага дастаткова проста ўсё выконваць адпаведна тэхналагічным нормам. Ёсць нормы часу на дэталі, але добры спецыяліст зробіць тую дэталь нашмат хутчэй, і так завод вырабляе больш прадукцыі. А калі рабіць па нормах, атрымаецца менш дэталяў».

Кіраўніцтва абуралася, згадвае Сяргей, бо працаўнікі не давалі ранейшага плану, ён рабіўся ўсё менш і менш. Прыходзілі і пачыналі ціснуць на кожнага працаўніка, які гэтым займаўся. 

Ілюстрацыйнае фота: Мінскі трактарны завод

У снежні 2020-га Сяргея ўпершыню арыштавалі. Затрымалі проста ў двары дома: прыехалі амапаўцы — маўляў, ім пазванілі і паскардзіліся, што тут праходзіць мітынг. Хоць ніякага мітынгу там не было. І ўсё роўна справа скончылася затрыманнем ды адміністратыўкай нібыта за дэманстрацыю — па артыкуле 23.34. 

Далі Сяргею 15 сутак і знялі трое сутак за траіх яго дзяцей да 14 гадоў, так што мужчына адбываў 12 сутак.

Далей было яшчэ ярчэй:

«У ліпені 2021-га мяне забралі з працы супрацоўнікі КДБ, прывезлі да сябе, потым паехалі ладзіць вобшук, але адпусцілі. У ліпені 2022-га затрымалі за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — забралі з працы, далі 15 сутак і канфіскавалі тэлефон. 

Пасля гэтага я паехаў на завод, каб удакладніць свой статус, ці я звольнены. Сказалі, што магу працаваць, пакуль не з’явіцца рашэнне па маім лёсе. Праз тыдзень мяне вырашылі звольніць, бо ў 2021-м змянілася заканадаўства і цяпер, калі ты адбываў суткі, лічыцца, што ты прагульваў працу. Падаў позву на завод за тое, што мяне незаконна звольнілі, але з-за новых сутак трапіў толькі на першае пасяджэнне».

«Казалі, што могуць мяне год трымаць на сутках»

У верасні 2022-га Сяргея зноў затрымалі — на гэты раз актывіста забіраў ГУБАЗіК. Яму паведамілі, што будзе сядзець за ягонага старэйшага сына. Той перад гэтымі падзеямі трапіў за краты на сем сутак. Сын расказваў, як яго адвезлі ў ГУБАЗіК, білі і прыкладаліся электрашокерам. Так спрабавалі даведацца дадатковы пароль ад тэлеграма, а сын яго і не памятаў — некалі наладзіў і потым забыўся на гэты пароль. 

Першы раз сына выпусцілі, а пасля ізноў сталі шукаць — па крыміналцы за выказванне ў інтэрнэце. Тады сын схаваўся. 

«А мяне яны ўзялі як закладніка, каб вярнуўся мой сын. Страшылі, што могуць мяне і год трымаць на сутках па адміністратыўцы, што арыштуюць і жонку, а малых забяруць у прытулак. 

Але мяне ўсё-ткі выпусцілі. А калі нам з жонкай прыйшлі позвы ў Следчы камітэт па справе сына, мы пабаяліся туды ісці. Думалі, калі паедзем туды, можам не выйсці. Таму ў канцы 2022-га прынялі рашэнне пакінуць краіну».

Гэта было няпростае рашэнне: у сям’і Жыбуртовічаў пяцёра дзяцей.

Сяргей на мітынгу са Святланай Ціханоўскай. Фота: архіў суразмоўцы

Жыбуртовічы аселі ў Літве, атрымалі прытулак і пачалі займацца легалізацыяй. На чужыне прыстасавацца няпроста. Жонка Сяргея — па адукацыі псіхолаг, ёй працу ў Літве па спецыяльнасці без ведання мовы не знайсці. 

«Цяпер мы зацягнулі паясы, стала цяжкавата», — кажа актывіст.

«Байсол» запусціў збор у дапамогу сям'і Жыбуртовічаў — паўдзельнічаць можна тут.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Только революция
    30.12.2024
    А что голоса никто не считает- это он когда понял? И что таким образом власть не сменить когда дошло? Лениным вам в голову, недотепы!
  • папа кАРЛа
    30.12.2024
    зато 5 (как минимум) детей настрогал

Каго глядзелі болей і што ў каментарах? Параўналі навагоднія звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі24

Каго глядзелі болей і што ў каментарах? Параўналі навагоднія звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

З Новым годам! Хай здохне той, хто нас не любіць!40

«Самае жудаснае віншаванне за ўвесь час!» Ганна Бонд у шаленстве ад навагодняй рассылкі банка13

Лукашэнка назваў лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне». Сярод іх цэнтр Румо і БРСМ4

Санкцыі здагналі кіпрскую кампанію, за якой можа стаяць Шэйман5

Салюту ў Мінску не будзе1

Кіберпартызаны ўзламалі некалькі рэгіянальных сайтаў і запоўнілі іх віншаваннямі з Пагоняй4

Украінская пагранслужба адказала на расійскі ролік пра Санту5

«Газпром» пачаў зніжаць ціск у трубаправодзе з Урэнгоя ў Еўропу. Кампанія страціць яшчэ 5 млрд даляраў2

Будзьце асцярожныя! Каля навагодніх ялінак сёння будзе свет сілавікоў, могуць правяраць і тэлефоны17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каго глядзелі болей і што ў каментарах? Параўналі навагоднія звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі24

Каго глядзелі болей і што ў каментарах? Параўналі навагоднія звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →