Магільны помнік Уладзіміра Макея, рэндар якога атрымала «Наша Ніва», такі ж супярэчлівы, як і постаць пахаванага пад ім міністра. Строгі профіль, увабіты ў абрысы радзімы, частка шыфру антырасійскіх паўстаўнцаў як прыжыццёвае крэда і пасмяротны запавет. І тут жа: адсылка да спрэчнай тэорыі, а замест Уладзіміра па-руску — «Владимир».
Амаль праз два гады пасля самагубства найбліжэйшага паплечніка Лукашэнкі, Уладзіміра Макея, на ягонай магіле на Усходніх могілках з'явіўся помнік.
На плоскі і нізкі пастамент з шэрага граніту пастаўлена аб'ёмная паўсфера, у разрэзе якой — глыбока выгравіраваная Беларусь і профіль Макея паверх. Ніжэй выбіта фраза «Люблю Беларусь», якая, хоць трывіяльная і апалітычная па форме, з'яўляецца часткай знакамітага моўнага шыфру антырасійскіх паўстанцаў 1863-га.
«Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна», — як лічыцца, па гэтай паслядоўнасці прызнанняў каліноўцы адрознівалі сваіх і ад расійскіх акупантаў, і ад проста абыякавых.
Пры жыцці Макей, бывала, выкарыстоўваў гэтыя словы для завяршэння сваіх выступленняў.
Чаму паўсфера як аснова кампазіцыі? Звярнуўшыся да вуснай спадчыны Макея, можна паспрабаваць патлумачыць выбар геаметрычнай формы адсылкай да геапалітычнай канцэпцыі «Сэрца зямлі» Хэлфарда Маккіндэра. Макей верыў у гэтую састарэлую ідэю і служыў ёй. Яна папулярна сярод тых, хто валодае ўладай або ўплывае на яе ў Беларусі і Расіі.
Ідэя абгрунтоўвае «вечнае» супрацьстаянне Расіі і яе сухапутных саюзнікаў з марскімі краінамі Захаду: маўляў, іхняй моцы некалі не хапіла для каланізацыі глыбокіх тэрыторый удалечыні ад вады, што абумовіла з'яўленне нелаяльнага і альтэрнатыўнага цэнтру сілы.
У той жа час палова шара — як палова жыцця.
Патрыёт бы яшчэ ўбачыў сімвалізм у спосабе выяўлення Беларусі.
Яе абрысы не нанесеныя зверху, як нешта часовае, як профіль самога Макея, а паказаныя вечным — выбітым глыбока ў «Сэрцы зямлі» контурам, прыбраць які можна толькі зрэзаўшы слаі з усяго шарыка.
Праўда што надмагільнае імя дзяржаўнага дзеяча напісана на мове, якой дрэнна валодалі жыхары вёскі Некрашэвічы Карэліцкага раёна — малой радзімы Уладзіміра Макея. Ён запісаны «Владимиром».
***
Уладзімір Макей скончыў самагубствам 26 лістапада 2022 года.
Апошнія гады жыцця міністра прайшлі ў атмасферы маральных, прафесійных і сямейных драмаў. Ён балюча перажываў крушэнне таго курсу, які праводзіў. Часта адчуваў сябе непатрэбным, а месцамі і проста недарэчным.
Чытайце таксама: Імаверная прычына смерці Уладзіміра Макея — суіцыд
Пачаць працаваць на той вобраз будучыні, у якой бы знайшлося месца па-сапраўднаму незалежнай Беларусі, Макей не змог. Проста плюнуць і адысці ад справаў таксама не змог. Ягоны паступовы адыход ад улады перарос у адыход з жыцця.
Свой маральны выбар ён абгрунтаваў цытатай савецкага разведчыка Аляксандра Бялова (Ёгана Вайса), што лепш быць пакараным смерцю за вернасць, чым за здраду.
Каментары