Стаў платным самы папулярны ў беларусаў VPN. Але пакуль не для ўсіх
У Беларусі для карыстальнікаў айфонаў стаў платным VPN Psiphon. Пра новыя правілы карыстання паведамілі чытачы выдання Tochka.by.
Пры спробе ўваходу ў праграму ўладальнікам айфонаў выстаўляюцца плашкі наступнага зместу:
«Psiphon больш не бясплатны ў вашым рэгіёне. Дапамажыце захаваць Psiphon бясплатным для тых, хто больш за ўсё ў ім мае патрэбу! Падпішыцеся зараз ці купіце Speed Boost».
За тыднёвую падпіску праграма просіць заплаціць 2,99 даляра, за месячную — 9,99, а гадавая абыйдзецца ў 71,99. Пасля яе куплі стваральнікі абяцаюць павялічыць хуткасць інтэрнэту і прыбраць рэкламу. Падпіска будзе працягвацца аўтаматычна, а адключыць яе можна ў любы момант.
Ёсць і больш танная паслуга, Speed Boost, якая дазваляе толькі павялічыць хуткасць інтэрнэту. Падключыць яе можна за ўнутраную валюту праграмы, якую можна набыць за сапраўдныя грошы.
Падпіска на месяц тут каштуе 3000 PsiCash, купіць 4000 PsiCash можна за 3,99 даляра.
Платная падпіска з'явілася пасля нядаўняга абнаўлення праграмы. Не выключана, што з наступным абнаўленнем бясплатнае скарыстанне скончыцца і для карыстальнікаў Android.
Каментары