Каханне і сэкс44

«Косткі ад рыбы на талерцы ён складаў акуратнай ялінкай». Беларусы расказалі, што іх раз'юшвае ў партнёрах

Выданне CityDog.io правяло ў сваім інстаграм-акаўнце апытанне на тэму таго, што беларусаў і беларусак раздражняе ў іх партнёрах і партнёрках. І вось якія адказы ад чытачоў яны атрымалі.

Сафія (36 гадоў): «Раней ён быў гатовы на любы кіпіш, а цяпер лянуецца»

Сафія і яе партнёр амаль 9 гадоў разам, яны не браліся шлюбам. Па словах дзяўчыны, раней мужчына быў гатовы на любы кіпіш, але з часам з’явілася пэўная ленасць і «цюленнасць», а на прапанову кудысьці схадзіць яна ўсё часцей чуе: «А навошта?»

«Мне часта хочацца нейкай актыўнасці і руху: ад банальнай прагулкі да раптоўнага невялікага падарожжа — ды хаця б за 100 кіламетраў ад дома. Але апошнім часам гэта маё жаданне разбіваецца аб імкненне партнёра застацца дома, адпачыць і паляжаць.

Раней было так: «А паехалі паглядзім старую сядзібу?» — «А паехалі!» А цяпер замест гэтага «паехалі» я чую: «А калі? А навошта? А з кім? А што там рабіць?»

Калі ў мяне не хапае цярпення на ўгаворы, я іду гуляць адна ці еду кудысьці з сябрамі. З партнёрам мы з-за гэтага не сварымся, але бывае, што ён крыўдзіцца, хоць хутка адыходзіць, таму што разумее, што застацца дома было яго асабістым выбарам.

Часам ён спраўляецца са сваёй лянотай і ўсё ж згаджаецца на нейкія актыўнасці — і кожны раз атрымлівае ад іх задавальненне. Але каб гэта адбылося, мне даводзіцца прыкладаць шмат намаганняў і ўгаворваць як маленькае дзіця. І гэта раз’юшвае».

Яўген (20 гадоў): «Дзяўчына ўвесь час кажа, што кахае, а для мяне гэта выглядае фальшыва»

Яўген сустракаецца са сваёй партнёркай амаль 2 гады, цяпер яны жывуць разам.

«Я доўга шукаў такога чалавека: яна прыгожая, разумная, клапатлівая і добрая ў адносінах да людзей — асабліва да мяне. Да сустрэчы з ёй я нячаста сустракаўся з такімі праявамі кахання, як штодзённыя напаміны ўслых пра тое, што мяне кахаюць, шануюць і паважаюць. А яшчэ яна ўвесь час дасылае мне мілыя стыкеры ў тэлеграме або дурныя далікатныя відэа, у якіх увесь час адны і тыя ж жарты пра адносіны, расставанне, сумесны побыт і іншае.

Я сам прывык праяўляць каханне непасрэдна дзеяннямі: дапамогай, клопатам, згодай на кампрамісы, рознымі жэстамі. Таму для мяне праявы сімпатыі менавіта ўслых (напрыклад, словамі «я цябе кахаю/абажаю») выглядаюць фальшыва. Занадта добра, каб быць праўдай.

Пры гэтым дзяўчына паказвае сваё каханне не толькі словамі, але і дзеяннямі. Але вось гэтыя прыкрыя дробязі чамусьці выклікаюць у мяне адчуванне ненатуральнасці і інфантыльнасці. Адчуваю няёмкасць і сумневы ў праўдзівасці слоў, хоць у цэлым мяне гэта не адштурхоўвае. Думаю, гэта перыяд эйфарыі «цукеркава-букетнага перыяду», у партнёркі ён дагэтуль не скончыўся.

Гэты момант я шмат разоў і сам аналізаваў, і з дзяўчынай абмяркоўвалі. Яна кажа, што ёй важныя падобныя праявы, гэта яе «мова кахання». Я ж прыйшоў да высновы, што маё такое стаўленне да яе слоў — гэта хутчэй праблема маіх установак і адсутнасці падобнага досведу.

Тым не менш я зманю, калі скажу, што гэта пяшчота мне падабаецца. Проста я навучыўся з ёй мірыцца, таму што паважаю патрэбу дзяўчыны казаць, чуць і бачыць падобныя рэчы, — але атрымліваць ад іх задавальненне я пакуль не магу».

Юлія (38 гадоў): «Вячэраць ён мог і дзве гадзіны»

Юлія цяпер не ў адносінах, але ўзгадвае, што ў апошнім партнёры яе заўсёды раздражняла, як ён павольна есць.

«У яго вельмі арыстакратычны падыход да прыёмаў ежы — вячэраць ён мог і дзве гадзіны, пакепліваючы з мяне, што ў мяне рабскі спосаб паглынання ежы: маўляў, я села, за 15 хвілін усё ў сябе запіхала і пайшла. А я па сваёй натуры проста дастаткова хуткая плюс не люблю есці халодную ежу.

А яшчэ яму нельга было змешваць ежу ў талерцы. Калі я, напрыклад, люблю перамяшаць пюрэ з падліўкай, то ў яго павінна быць усё паасобку: вось тут бульбачка, вось тут мяска з падліўкай, а вось тут салат — і пажадана ў асобнай піяле.

Але самы сюр для мяне — гэта як ён еў рыбу. У яго нават косці ляжалі ялінкай, адсартаваныя па даўжыні. Хоць ты гэту талерку на вітрыну выстаўляй!

Мяне ўсё гэта жудасна злавала, таму што на яго фоне я сябе адчувала неахайніцай, якая нават есці не ўмее. Складана».

Анастасія (22 гады): «Адчуваю сябе прыдаткам без права выбару ці голасу»

Анастасія сустракаецца са сваім хлопцам каля двух гадоў, апошнія тры месяцы пара жыве разам у Літве. Дзяўчыне не падабаецца, што часам пры планаванні ён забываецца ўлічваць, што ў яе могуць быць іншыя жаданні. І часам пра свае рашэнні партнёр паведамляе пастфактум.

«Такое адчуванне, што ў яго галаве па дэфолце ёсць нейкая ўстаноўка, што я або пагаджуся з нейкім яго рашэннем, або знайду спосаб далучыцца. Мяне гэта крыўдзіць. Адчуваю сябе нейкім прыдаткам, якога пазбаўляюць права выбару ці голасу.

Мы ўжо абмяркоўвалі гэту тэму, і я казала, што з-за такіх ягоных выхадак мне не заўсёды хочацца планаваць нейкую далейшую будучыню або ўяўляць, дзе мы будзем праз пару-тройку гадоў, таму што мне страшна расчаравацца. У адказ ён супакойваў мяне і казаў, што заўсёды памятае і думае пра мяне. Хаця я бачу, быццам у яго нават няма такога варыянту, што мы можам разысціся ці займацца чымсьці паасобку.

Напрыклад, аднойчы мы размаўлялі, і ён пачаў натхнёна расказваць, што хоча разам з сябрам запусціць адзін праект. Але, як я зразумела ўжо ў працэсе, запуск меў на ўвазе пераезд у іншую краіну — больш чым на год і па-за межамі ЕС. У нейкі момант я яго перапыніла і спытала, ці ўключае гэты план мяне, на што ён адказаў, што я, канешне, паеду з ім.

З аднаго боку, мяне гэта супакоіла, бо ён не сумняваўся і не вагаўся ні секунды. Але з іншага боку: а як жа мае жаданні і планы? Іх зноў не ўлічылі? Мяне гэта засмуціла і нават крыху напалохала. А калі я спытала наконт маёй легалізацыі ў новай краіне, ён сказаў, што можна будзе і распісацца, каб спрасціць працэс.

У цэлым у нас добрыя адносіны, і аднойчы я хацела б выйсці за яго замуж. Але хацелася б зрабіць гэта па жаданні, а не па неабходнасці.

У апошні час я бачу, што ён стараецца дзяліцца са мной сваімі планамі яшчэ на моманце абдумвання, а не ў канчатковым пункце, але ўсё адно атрымліваецца, што ён ужо прыдумаў некалькі магчымых варыянтаў, не спытаўшы, чаго хачу я. Пакуль працуем над гэтым, але мяне ўсё роўна непакоіць гэта тэма».

Каментары4

  • Парадак
    26.01.2024
    перфекционистка, нармальны чэл. Не тое што яго дзяўчына: усё ў талерцы перамешвае, як свіння. Брыдота.
  • перфекционистка
    26.01.2024
    Парадак , косткі ад рыбы я выкарыстоўвала не скажу, дзе і як, калі ён адпраўляў мяне не скажу куды і як...

    перажывіце спачатку маё, як гаварыцца
  • Злобный вожык
    02.02.2024
    Бабы не знают, чего хотят. А стоит им узнать, так уже и время передумать пришло.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа10

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў на волю заснавальнік «Кальяннай №1» Іван Мураўёў2

На Расію ўпаў астэроід21

Парламент Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча2

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту70

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа10

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →