«Драіш чарговы ўнітаз і думаеш: пара з гэтым сканчаць». Чым цяпер займаецца Лявон Халатран
Былы ўладальнік культавых беларускіх бараў і былы палітвязень Лявон Халатран, які летась гучна сышоў з варшаўскага BackDoor Bar, расказаў «Белсату», што робіць цяпер.
Халатран кажа, што пасля сыходу з BackDoor Bar, дзе ён быў сузаснавальнікам, зʼездзіў у Грузію, потым вярнуўся, «пратусаваўся ўвесь снежань і палову студзеня — даволі актыўна, але не моцна рэзультатыўна». Яму прапаноўвалі супрацоўніцтва, сумесныя праекты, інвестыцыі, але ён вырашыў пакуль узяць паўзу.
Лявон гаворыць, што канкрэтнага плана на праект пакуль не мае, але думае, «што гэта рэальна ўжо не за гарамі». Тым больш, што «сканчаюцца грошы».
— І як выкручваешся? — спыталі журналісты ў Халатрана.
— Калі ў мяне сканчаюцца грошы паміж праектамі, я звычайна іду на нейкую звычайную працу. І пераследую некалькі мэт. Па-першае, зарабіць крышку грошай. Па-другое, крыху супакоіцца. І, па-трэцяе, успомніць, што фізічная праца толькі з боку здаецца такой простай і прышпільнай. А потым ты такі стаіш — закатаваны (Халатран выкарыстоўвае больш экспрэсіўны, мякка кажучы, эпітэт, — заўв. «Белсат»), а ў маім выпадку — драіш чарговы ўнітаз у гатэлі, і думаеш: блін, пальчаткі парваліся, хімія разʼела пальцы — трэба заканчваць з гэтым.
Увогуле, так, я пайшоў у гасцішку прыбіраць нумары. А там трэба памыць усё і прыгатаваць — ад унітаза да пасцелі. Але я некалькі дзён пакуль яшчэ працую.
— Як там плацяць?
— За маленькі нумар — 30 злотых, за вялікі — 50, па-мойму, а калі ты паехаў на апартаменты ў іншай частцы горада — то 60. Я пакуль што за гадзіну прыбіраю толькі адзін нумар. Хаця некаторыя цётачкі за паўгадзіны нумар робяць. Мне зараз не больш за тры даюць. Але з кожным разам — усё лягчэй.
Ён кажа, што нельга ні ў якім разе апускаць сябе ў яму:»Трэба ўвесь час нейкі вынік атрымліваць, усё роўна ад чаго».
— Гэта значыць, ты пайшоў прыбіраць нумары не таму што зусім на мелі і сядзіш без капейкі?
— Не, ну армянін без капейкі не бывае! Справа ў тым, што ў мяне кожны раз так было паміж праектамі. Я ездзіў збіраць стэлажы ў Вільню з сябрам. У нас быў бар «ДК», мы яго прадалі і праз некалькі месяцаў ад гультайства паехалі збіраць стэлажы ў Вільню.
Карацей, так было заўжды. На беражку адпачыў — і далей пагнаў. А тут не стэлажы, прыкол бізнэсу ў тым, што трэба хутка прыбраць у кароткі адрэзак часу шмат нумароў.
— Не падганяюць? Якая там атмасфера?
— Вельмі і вельмі здаровая атмасфера. Гэта польская фірма. Са мной стаіць мой менеджар і драіць прыбіральню, таму што я не паспяваю. І ён кажа: я хачу быць такім начальнікам, якога хацеў бы мець сам. І ён вось так робіць.
На пытанне, колькі ён думае там працаваць, Халатран адказаў:
— Пакуль не ведаю. Проста працую. Мне падабаецца. І не, гэта не настальгія па «хіміі» (усміхаецца).
Што робіцца за «чорнымі дзвярыма». Скандал вакол бара BackDoor, адкуль сышоў Лявон Халатран
Якія беларускія бары і кавярні ёсць у Варшаве
Лявон Халатран — пра Калеснікаву, сакрэты штаба Бабарыкі, Васкрасенскага і «хімію». Новы «Ток»
Былы палітзняволены Лявон Халатран з партнёрамі адкрывае ў Варшаве бар
Каментары