Пуцін прызнаў, што расійскія войскі маюць на фронце праблемы з-за беспілотнікаў
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Туле з удзельнікамі форуму «Усё для перамогі!» паведаміў, што абмяркоўваў з кіраўніцтвам Генштаба Узброеных сілаў Расіі сітуацыю на адным з участкаў фронту ва Украіне. Паводле яго слоў, там узніклі складанасці з-за прымянення ўкраінцамі беспілотнікаў.
«Вось цяпер толькі з раніцы размаўляў з Генштабам: на адным з участкаў, вядома, складанасць сітуацыі звязаная якраз з беспілотнымі лятальнымі апаратамі», — адзначыў Пуцін.
На якім менавіта кірунку і ўчастку фронту ўзнікла праблема з-за беспілотнікаў, ён не ўдакладніў.
Днямі акурат выйшаў праграмны артыкул галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага, у якім ён адмыслова падкрэсліў, што ўкраінскае войска робіць стаўку на выкарыстанне БПЛА.
На погляд Залужнага, беспілотныя і іншыя найноўшыя тэхналагічныя сістэмы здольныя вырашыць шэраг ключавых праблем у арганізацыі і вядзенні баявых дзеянняў. З іх дапамогай павышаецца ступень бескантактнасці і, як следства, зніжаецца ўзровень страт і ступень ролі традыцыйных сродкаў паражэння ў выкананні баявых задач. А самі баявыя дзеянні адбываюцца з абмежаваным прыцягненнем цяжкай баявой тэхнікі.
Беспілотнікі дазваляюць паражаць як надводныя, так і падводныя сілы праціўніка на ўсю глыбіню тэатра ваенных дзеянняў на моры з высокай эфектыўнасцю і мінімальнымі рызыкамі для асабістага складу. З іх дапамогай можна наносіць масіраваныя раптоўныя ўдары па абʼектах крытычнай інфраструктуры і камунікацый праціўніка без выкарыстання дарагіх і складаных у эксплуатацыі ракет і пілатуемай авіяцыі.
Каментары