Узважванне будзе адбывацца ў аэрапорце Хельсінкі-Вантаа з лютага па май.
Нацыянальная авіякампанія Finnair мае намер узважваць пасажыраў перад пасадкай на борт. Гаворка ідзе пра добраахвотнае ўзважванне, з дапамогай якога будзе вызначацца сярэдняя вага пасажыраў і багажу, піша Yle.fi.
Вагі паставяць у аэрапорце Хельсінкі-Вантаа ля некалькіх выхадаў на пасадку. Узважвання будуць праходзіць у лютым, красавіку і маі.
— Мы будзем запісваць агульную вагу пасажыра і багажу і некаторую іншую інфармацыю, аднак імя і пасадачны нумар мы не фіксуем. Лічбу на вагах будзе бачыць толькі работнік аэрапорта, так што ўдзельнічаць у добраахвотным узважванні можна не баючыся цікаўных разявак, — запэўнівае Сату Мунукка з Finnair.
Авіякампанія ўжо праводзіла ўзважванні ў 2017-2018 гг. Атрыманыя ў ходзе працэсу дадзеныя выкарыстоўваліся для ўнутраных разлікаў. Паводле агульнаеўрапейскага заканадаўства, разлікі неабходна абнаўляць кожныя пяць гадоў.
Як паведамляе Finnair, у кожнага самалёта ёсць максімальная грузападымальнасць, якую нельга перавышаць. Авіякампанія валодае дасканалай інфармацыяй аб тым, якія фактары ўплываюць на максімальную ўзлётную вагу самалёта, за выключэннем вагі пасажыраў і багажу — у іх дачыненні выкарыстоўваецца прыблізная ацэнка.
Каментары