«Белавія» будзе складаць чорны спіс пасажыраў. Каго туды могуць унесці?
У студзені былі прынятыя змены ў Паветраны кодэкс. Згодна з імі, «Белавія» зможа ўключаць пасажыраў у чорны спіс.
Стварыць яго рашылі, бо пасажыры часам парушаюць правілы: пачынаюць бойкі на борце, кураць, знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. За год у «Белавія» каля 30 зафіксаваных інцыдэнтаў. Але скаргі паступаюць часцей — па 2-3 разы на тыдзень, расказалі ў эфіры АНТ.
У лістападзе мінулага года, напрыклад, адзін пасажыр ляцеў з Мінска ў Шарм-эль-Шэйх. Пры заходзе самалёта на пасадку мужчына рэзка ўскочыў, пайшоў да кабіны пілота, стаў патрабаваць упусціць яго туды, пасля стаў патрабаваць адчыніць дзверы выхаду, кажучы, што ён прапусціў свой прыпынак і яму трэба тэрмінова выходзіць.
Дамовіцца з авіякампаніяй і абысці блакіроўку будзе немагчыма. Але для пасажыраў у чорным спісе будуць выключэнні — пералёт на лячэнне ці суправаджэнне дзіцяці (трэба будзе пацвердзіць дакументамі).
Трапляць у спіс будуць не назаўсёды. Калі адміністрацыйнае спагнанне будзе знята ці крымінальная справа будзе скончана, то чалавека выключаць з базы.
Закон набудзе сілу ў верасні.
Каментары
Во дебил! 🤣🤣🤣