Як стала вядома праваабаронцам з Mayday.team, 21 лютага суд Кастрычніцкага раёна Магілёва разгледзеў справу ў рамках «Дэкрэта №7» «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе» ў дачыненні да Алесі Сяргеенкі, жонкі палітвязня Максіма Сяргеенкі.
Па «Дэкрэце №7» у Беларусі судзяць тых людзей, супраць якіх правялі масавую аблаву ў канцы студзеня 2024 года. Тады супрацоўнікі КДБ спрабавалі высветліць, хто атрымліваў прадуктовую дапамогу з-за мяжы ў рамках дзейнасці арганізацыі INeedHelp, прызнанай так званым «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Кейс Алесі Сяргеенкі разглядала суддзя Жанна Пушкіна, але вынікі суда пакуль невядомыя. Сама Алеся Сяргеенка з канца студзеня знаходзіцца ў следчым ізалятары ў межах крымінальнай справы (меркавана, ёй ставяць у віну «садзейнічанне экстрэмізму»).
Між тым 29 лютага 2024 года на волю павінен выйсці муж Алесі Сяргеенкі — палітвязень Максім Сяргеенка, які заканчвае адбываць свой тэрмін у 3 гады па «справе лялек». Яго і іншых абвінавачаных па справе прызналі вінаватымі ў вырабе шасці раставых лялек «з цынічнымі надпісамі і выявамі» вышэйшых службовых асоб і публікацыі фота лялек у інтэрнэце.
У сям'і — двое непаўналетніх дзяцей, 3 і 16 гадоў.
Каментары