Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта. Але расслабляцца рана
Рашэнне Высокага суда аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь адменена апеляцыйнай інстанцыяй у Сербіі, піша Deutsche Welle. Сваё рашэнне Апеляцыйны суд у Бялградзе патлумачыў тым, што не ўсе акалічнасці, на падставе якіх было вынесенае рашэнне аб экстрадыцыі, былі даследаваныя. Акрамя таго, Гнёту не далі слова падчас першага працэсу.
Пры гэтым суд працягнуў тэрмін утрымання Андрэя пад вартай яшчэ на 60 дзён. Новае слуханне па справе прызначана на 26 сакавіка.
Як патлумачыла выданню дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, Апеляцыйны суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі, аднак не адмяніў саму экстрадыцыю, накіраваўшы справу на новы разгляд.
«Трэба ўлічваць, што раней Камісія па файлах Інтэрпала заблакавала доступ да даных Андрэя Гнёта. Таму я спадзяюся, што суд першай інстанцыі прыме рашэнне не экстрадаваць яго ў Беларусь, і Гнёта хутка адпусцяць», — адзначыла Рыхтэр.
Паводле яе слоў, гэта звычайны юрыдычны працэс, хоць, вядома, вельмі хвалюе тое, што яшчэ як мінімум 2 тыдні рэжысёру давядзецца правесці ў турме ў Бялградзе.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY», прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Чытайце таксама:
Беларускаму рэжысёру-рэкламшчыку пагражае экстрадыцыя з Сербіі. Фармальна па эканамічным артыкуле
Каментары