Грамадства66

«Дзіця на эмоцыях пачало казаць «Ты нас кінуў». Палітвязень расказаў, як выжывалася ў наваполацкай калоніі

Аляксея прысудзілі да 3 гадоў калоніі паводле артыкула аб парушэнні грамадскага парадку ў 2021 годзе. Ён сядзеў у СІЗА з Ігарам Лосікам, у калоніі — з Эдуардам Пальчысам, заспеў збіццё Віктара Бабарыкі, пасля якога той трапіў у бальніцу. У размове з «Медыязонай» былы палітвязень расказаў пра здзекі ў зняволенні, заробак 3-4 рублі на месяц (пры шасцідзённым працоўным тыдні) і пачуццё віны перад блізкімі.

Ілюстрацыя: Марыя Талстова / Медыязона

Праваабаронцы ў суседняй камеры і «шмон» з пытаннямі пра прэзідэнта

«У СІЗА ў нас была хохма. Заходзіць неяк «наркаман» пасля допытаў, незадаволены: «Што за глупства, дзе ўсе праваабаронцы?» А яму адказваюць: «Спакойна, праваабаронцы сядзяць праз камеру ад нас».

Аляксея ў СІЗА некалькі разоў пераводзілі з камеры ў камеру. Ён успамінае, што спачатку «сярэдні склад» быў такі: адзін палітвязень, тры «наркаманы» і астатнія — «паводле дробных артыкулаў». Праз некалькі месяцаў у кожнай камеры ізалятара ўтрымліваліся як мінімум два «палітычныя». Здараліся правакацыі ад суседзяў.

«У канцы [зняволення] мяне пасадзілі да крымінальніка, які вырашыў пагуляць у 90-я. Агрэсіўны хлопец быў. Але на правакацыі я не паддаўся».

У камеры побач з Аляксеем сядзеў Ігар Лосік. Палітвязень кажа, яго часта вадзілі на допыты. Даведацца, хто з палітычных у якой камеры, можна было, калі прыходзіў заказны ліст — за яго атрыманне трэба распісвацца ў спецыяльным журнале і там жа паглядзець, хто ў якой камеры знаходзіцца.

Адзін раз Аляксея выцягнулі на «шмон»: паставілі да сцяны, расцягнулі, сказалі развярнуцца. Адзін з трох афіцэраў насупраць спытаў, як ён ставіцца да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Індыферэнтна». Яны такія: «Што гэта значыць?» Па-вашаму — за яго не галасаваў. Не ведаю, ці правільны даў адказ, але пасля гэтага мяне адвялі назад у камеру».

Пасля СІЗА Аляксея адправілі «кругасветным этапам» у Наваполацкую калонію. Больш за 12 гадзін беларус прабыў у кайданках. Няўдала заснуў і некалькі сутак не адчуваў двух пальцаў на руцэ.

Палітвязень кажа, што яму пашанцавала: у ШІЗА яго адпраўлялі ўсяго пяць разоў. За што менавіта яго адпраўлялі ў штрафны ізалятар — расказваць не хоча, баіцца нашкодзіць людзям, якія ўсё яшчэ ў зняволенні.

У ШІЗА Аляксей пазнаёміўся з Эдуардам Пальчысам. Той расказаў пра правакацыю, якую яму зладзілі па прыездзе ў калонію: супрацоўнікі выкінулі ягоныя рэчы і казалі, што нічога нельга ўзяць з сабой. Ён адрэагаваў эмацыйна, за што яго адразу паставілі на расцяжку і адправілі ў ШІЗА. Пасля некалькіх ШІЗА Пальчыса перавялі ў ПКТ.

Беларус кажа, што ў калоніі хапала стукачоў, якія «пры любой магчымасці» беглі да адміністрацыі «адпрацоўваць свой хлеб».

Збіццё Віктара Бабарыкі

Зняволеным забаронена было не толькі камунікаваць, але любым спосабам узаемадзейнічаць з Віктарам Бабарыкам, які ўтрымліваецца ў той жа Наваполацкай калоніі. Палохалі прыбіраннем тэрыторыі, ШІЗА і пазбаўленнем перадач.

З зімы 2023 года Бабарыку пастаянна адпраўлялі ў ШІЗА: 10 сутак штрафнога ізалятара, 2-3 дні ў калоніі і зноў у ШІЗА.

«Калі Бабарыку пачалі «катаць» у ШІЗА, стала ясна, што яму трэба дапамагаць з харчаваннем, пакуль ён у атрадзе. Да таго часу яму забаранілі перадачу ад сястры. Мясцовая крама «выпадкова» не працавала ў моманты выхаду палітыка з ШІЗА».

Палітычныя спрабавалі таемна дапамагчы з прадуктамі, хоць Віктар Дзмітрыевіч сам не хацеў браць іх, ведаючы, што можа падставіць хлопцаў.

«Калі стала вядома, што яго закрываюць на ПКТ, то загадчык гаспадаркі стаяў над торбай і глядзеў, каб іншыя зняволеныя нічога туды не паклалі. Звычайна ў такіх выпадках зэкі дапамагаюць сумку сабраць».

У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года Віктар Бабарыка трапіў у бальніцу. Што адбылося з палітыкам у калоніі да трапляння ў наваполацкую лякарню, дакладна невядома. Аляксей расказвае, што яго бачылі ў медчастцы калоніі з разбітай галавой. Яшчэ адзін палітвязень распавёў «Медыязоне», што «яго там нармальна пабілі, быў увесь сіні».

З прабітым лёгкім і зламаным рабром Бабарыку павезлі ў наваполацкую бальніцу. Пра гэта таксама заяўляў блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў у эфіры «Белсата».

«Ён быў у ШІЗА, калі прыехалі «губазікі» і збілі яго. Пасля гэтага ён у ШІЗА знаходзіўся каля трох сутак, пакуль яго не забралі ў санчастку калоніі. Адтуль яго павезлі ў Наваполацк», — расказаў Ігар, былы палітвязень, які адбываў тэрмін у ВК-1.

Аляксей тлумачыць, што зняволеныя не прызнаюцца, бачылі яны нешта самі ці расказваюць са слоў іншых.

«На зоне ёсць такая праблема, што нават калі хтосьці нешта ведае, то ён расказвае гісторыю ў фармаце «чуў ад іншага зняволенага». З ім дакладна нешта адбылося ў камеры, пасля чаго яго забралі ў бальніцу. Магу сказаць, што да гэтага выпадку яго мясцовыя менты наогул не чапалі».

Пасля трапляння палітыка ў бальніцу родныя доўгі час не ведалі, што з ім. Бабарыка павінен быў быць сведкам на судзе сына 15 чэрвеня, але на пасяджэнні так і не з'явіўся. Толькі ў сярэдзіне ліпеня сваякам палітыка паведамілі, што ён знаходзіцца ў ПКТ і з ім усё ў парадку. Яшчэ адзін палітвязень расказаў «Медыязоне», што ў чэрвені Бабарыка дакладна быў у ПКТ.

ШІЗА за сустрэчу з консулам і заробак 3 рублі

Стаўленне адміністрацыі калоніі да палітвязняў Аляксей параўноўвае са стаўленнем да рэчаў.

«Летась да палітвязня паляка Роберта Тампала прыехаў консул на сустрэчу. Яны пагаварылі, а пасля на Роберта склалі рапарт і адправілі на 10 дзён у ШІЗА. Нагода? Адзін з операў, напрыклад, выкарыстаў наступны прыём. Падыходзіць да чалавека, задае найпрасцейшае пытанне, а пасля складае пратакол за тое, што зняволены спачатку не прадставіўся».

Наваполацкая калонія адрозніваецца строгімі парадкамі ў дачыненні да палітвязняў. Працуюць у калоніі па шэсць дзён на тыдзень. Званкі па скайпе з роднымі палітычным забароненыя.

«Час патэлефанаваць дадому — пяць хвілін. Бывала, што тэлефанавалі раз на два-тры месяцы. Таксама была забарона на спортгарадок: не маглі хадзіць у качалку, на спартыўную пляцоўку. Спатканні былі дазволеныя. Працяглае, напрыклад, давалася толькі на суткі».

Большасць палітвязняў у калоніі зараблялі па 3-4 рублі. Па законе ім належыць адпачынак, але яго пазбаўлялі, калі палітвязень за год «набіраў» больш за 30 сутак у ШІЗА. Адпачынак уяўляў сабой вольны час: зняволеныя проста не хадзілі на працу.

«Зімой людзі, якія працуюць на вуліцы, хадзілі грэцца ў цэх — за гэта іх часта адпраўлялі ў ШІЗА. Мы паспрабавалі запярэчыць, што павінны быць месцы для абагравання. На што нам сказалі, што гэта тычыцца тэмпературы ад -15 градусаў. Мы спыталі, чаму тады нам не выдаюць валёнкі, якія мусяць. Адказ просты: «Няма магчымасці».

Дзіця на спатканні ў калоніі сказала тату «Ты нас кінуў»

Самым складаным у зняволенні Аляксей назваў перажыванні за блізкіх.

«Мы нават жартавалі: «Што нам? Сядзі, еж сваё масла, пі чай і чакай». А сваякі думаюць, як пражыць на адзін заробак, ды яшчэ збіраць пасылкі на «зону». Кошт адной пасылкі — больш за 500 рублёў. Параўнайце гэта з заробкамі па краіне».

Аляксей кажа, што многія мужчыны-палітвязні адчуваюць віну перад сям'ёй: да калоніі яны былі кармільцамі, забяспечвалі сям'ю, а ў калоніі забяспечваць даводзіцца іх. Некаторыя зняволеныя нават радаваліся статусу «злосніка» — за ім ідзе памяншэнне «атаваркі» з 6 базавых да 2 — «бо так яны менш «аб'ядуць» родных».

Жонка яшчэ аднаго палітвязня, з якім сядзеў Аляксей, «сабралася разводзіцца» з ім праз лісты.

«Рабацяга, спартовец, пазітыўны мужык, сумленны — праз гэта ў ШІЗА часта ездзіў. І вось яму не даваліся лісты. Ёсць такія людзі, якія добра гавораць, але дрэнна пішуць. Дык вось жонка з ім разводзіцца сабралася з-за гэтага. Ён з ШІЗА ня вылазіць, а яна разводзіцца, таму што ён мала піша.

Ну ці быў выпадак, калі да аднаго палітычнага на спатканне прыехалі жонка з дзіцем. І дзіця на эмоцыях распсіхавалася, пачало казаць «Ты нас кінуў», і ім давялося з'ехаць. Потым, вядома, дзіця перадало праз маму, што ўсё ў парадку. Але пару дзён пасля спаткання мужык некалькі гадзін на «промцы» проста ў неба глядзеў. Уяўляю, што ў яго было на душы».

Пасля вызвалення Аляксей з'ехаў з Беларусі.

«У калоніі ў мяне вылезла адна хранічная хвароба. Трэба лячыцца. У астатнім я быў больш-менш падрыхтаваным. Чым мацней жыццё да калоніі адрознівалася ў чалавека, тым больш намаганняў яму трэба зрабіць над сабой, каб гэта ўсё вытрымаць».

Чытайце таксама:

Самая брудная і самая жорсткая. Што вядома пра калонію, дзе трымаюць Аляксандрава, Бабарыку, Кузнечыка, Лосіка, Пачобута

Экс-палітвязень Дзіма Гопта: Заўжды баяўся ў калоніі, каб мяне не пачалі біць

«Больш хацелася плюнуць у твар». Экс-палітзняволеная распавяла пра фатаграфаванне ў калоніі ў Міжнародны дзень абароны дзяцей

«Бутэлькай з вадой следчы выбіў мне зубы». Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны расказаў пра сваё апошняе затрыманне

Каментары6

  • Влад
    14.03.2024
    [Рэд. выдалена]
  • feafania
    14.03.2024
    SHOS, мне ў ізалятары ў кайданках рукі выкручвалі і заціснулі іх з такою сілаю, што потым некалькі дзён некаторыя пальцы не адчувала. Яны думалі, што мяне гэтым перавыхавалі. Але я проста покуль ляжала і праклінала іх, прааналізавала паводзіны чэкістаў, якія кінулі мяне ў камеру, і зразумела, што мяне зьбіраліся трымаць тры дні, як па норме для крыміналкі. Таму вырашыла, што трэба неяк пайсьці ім на саступкі, каб праз тры дні ўсё ж такі выйсьці.
  • SHOS
    14.03.2024
    feafania, в итоге у вас все хорошо надеюсь?

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы14

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы1

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле13

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →