Следам за ёй ідуць тры скандынаўскія краіны: Данія, Ісландыя і Швецыя.
Фінляндыя сёмы год запар прызнаная самай шчаслівай краінай свету, гаворыцца ў апублікаваным у сераду штогадовым дакладзе ААН «Сусветны даклад пра шчасце».
У першую дванаццатку самых шчаслівых краін увайшлі Данія, Ісландыя, Швецыя, Ізраіль, Нідэрланды, Нарвегія, Люксембург, Швейцарыя, Аўстралія, Новая Зеландыя і Коста-Рыка.
Усяго ў спісе 143 краіны, самы апошні Афганістан.
Беларусі ў спісе няма. Чэхія — 18-я, Літва — 19-я, Эстонія — 34-я, Польшча — 35-я, Латвія — 46-я, Расія — 72-я, Украіна — 105-я.
Упершыню з 2012 года, калі быў апублікаваны першы «Сусветны даклад пра шчасце», у лік 20 самых шчаслівых краін не ўвайшлі ні ЗША, ні Нямеччына, якія апусціліся на 23-е і 24-е месцы адпаведна. Тады як суседняя Аўстрыя — 14-я, а Канада — 15-я.
У параўнанні з 2006-2010 гг., самае вялікае падзенне індэкса шчасця адбылося ў Афганістане, Ліване і Іарданіі, а самы вялікі рост — у Сербіі, Балгарыі і Латвіі.
Індэкс шчасця вымяраецца такімі суб'ектыўнымі крытэрамі, як ацэнка людзьмі ўзроўню свайго шчасця і іх задаволенасць жыццём, а таксама аб'ектыўнымі паказчыкамі, такімі як валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва, даступнасць сацыяльнай падтрымкі, працягласць здаровага жыцця, свабода і ўзровень карупцыі, піша Delfi.lv.
Даследчык універсітэта Хельсінкі Джэніфер дэ Паола адзначыла, што ўзровень шчасця фінаў у асноўным вызначаецца іх цеснай сувяззю з прыродай і балансам здаровага і актыўнага жыцця.
«Фінскае грамадства характарызуецца ўзаемным даверам, свабодай і высокай ступенню аўтаноміі», — адзначае даследчык.
Каментары