Халіп пра Саннікава, Ціханоўскую і катлеты: Гэта выключна пра ежу, бываюць такія дзіўныя супадзенні
Журналістка Ірына Халіп у новым выпуску «Жыцця-маліны» расказала пра яе мужа Андрэя Саннікава, фотаздымак катлет і рэальную палітыку.
У часе размовы была закранута гісторыя пра здымак катлет, якія Андрэй Саннікаў апублікаваў у фэйсбуку ў той дзень, калі штаб Святланы Ціханоўскай ініцыяваў галасаванне па перамовах з рэжымам Лукашэнкі.
«Якія катлеты? Вы ведаеце, што мой муж кулінарную кнігу напісаў? Калі мой муж выстаўляе катлеты, то гэта катлеты. Разумееце, мой муж — чалавек жорсткі і прынцыповы. Часам гэта не падабаецца шматлікім ружовым поні. «Мы ўсе такія зайчыкі, такія міленькія, мы ж можам адзін аднаму толькі добрыя словы, добрыя рэчы казаць». А калі хтосьці не ў мэйнстрыме — гэта таксічны чалавек, ён не наш, ён увогуле чужы.
Я ж ведаю, што робіць мой муж. Разумееце, палітыка — гэта не інтэрв'ю, не стрымы. Палітыка — гэта не тое, што ён кажа ў эфірах розных украінскіх тэлеканалаў ці заходніх. Палітыка — гэта тое, што вырашаецца ў кабінетах, на закрытых сустрэчах, дзе няма прэсы. На розных складаных міжнародных форумах, вельмі вузкіх, дзе адбываецца лабіраванне нейкіх інтарэсаў. Гэта ёсць палітыка, а не тое, што хтосьці сказаў журналістцы «Дойчэ вэле» (я ўвогуле не ведаю гэту гісторыю)».
Ірына Халіп працытавала лаўрэата Нобелеўскай прэміі Дзмітрыя Муратава, які сказаў, што «Саннікаў змог замяніць Realpolitik на палітыку каштоўнасцей».
«Ёсць рэчы, якіх здаваць нельга, якія прынцыповыя, якімі нельга гандляваць. Разумееце, нельга выкрэсліваць з санкцыйнага спісу якога-небудзь Шакуціна ці Машэнскага, таму што ён падкінуў табе грошай. Нельга. А гэта тое, што, на жаль, адбываецца», — тлумачыць Халіп.
Пазней на ўдакладняючае пытанне аб здымку з катлетамі Ірына Халіп зноў адзначыла, што гэта фатаграфія ў фэйсбуку Саннікава выключна пра ежу. «У яго стужцы вы знойдзеце столькі кулінарных фотаздымкаў. Ён фантастычна гатуе».
«Наколькі зараз шчыра Вы мне гэта кажаце?», — спытаў Мікіта Мелказёраў.
«Абсалютна», — адказала Халіп.
«То-бок, вы верыце ў гэта?»
«А Вы не?»
«Я не ведаю, што мне думаць. Неяк гэта такое дзіўнае супадзенне, якое можна тлумачыць сваёй кулінарыяй».
«Разумееце, бываюць такія дзіўныя супадзенні. Памятаю, аднойчы я ляцела ў самалёце і чамусьці галаву залезла назва кнігі Эфраіма Севелы «Спыніце самалёт — я злезу». Я лячу і думаю: што гэта такое? А калі самалёт прызямліўся і я ўключыла тэлефон, першай атрымліваю смс ад Наташы Радзінай: «Севела памёр». Ну бываюць такія супадзенні».
Чытайце яшчэ:
Саннікаў — журналістцы «Дойчэ Веле»: Гэта абавязковыя пытанні, якія вам куратары кажуць задаваць?
Саннікаў: Дэмсілы — гэта я. А Латушка і іншыя — самазванцы
Андрэй Саннікаў выдаў дыхтоўную кнігу пра турэмную кухню розных краін
Каментары