Здароўе11

Як перавозіць у Беларусь лекі, каб не атрымаць за гэта крыміналку

Віцебскія мытнікі знайшлі псіхатропы ў багажы пары, якая ехала з Латвіі ў Беларусь, а за правоз у Беларусь такіх прэпаратаў можна атрымаць крымінальную адказнасць. Як сябе засцерагчы, калі вы прымаеце такія лекі і вязеце іх з-за мяжы? Спыталі ў псіхіятра Паўла Перапёлкіна.

Фота: Wikimedia Commons

Прэтэнзіі да пары ўзніклі, бо ў іх машыне знайшлі рэчывы брамазепам і кланазепам — моцныя супакаяльныя. Яны ўваходзяць у спісы наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, за незаконны абарот якіх можна трапіць пад крымінальную адказнасць.

Павел тлумачыць, што па законе «Аб звароце лекавых сродкаў» забаронена ўвозіць у Беларусь пратэрмінаваныя, фальсіфікаваныя і няякасныя лекі — верагодна, калі ўзнікаюць сумненні ў тым, ці прэпарат якасны, гэта мусіць вырашаць экспертыза. 

Лекі, да якіх трэба быць уважлівымі пры перасячэнні мяжы, размеркаваныя ў некалькі спісаў. У першым з іх ёсць прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў шэрагу краін, але забароненыя ў Беларусі. Напрыклад, гэта лекавая марыхуана, якая можа ўтрымліваць у сваім складзе тэтрагідраканабінол. А таксама некаторыя лекі, якія прызначаюцца людзям з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці (СДУГ) — дэксамфетамін (адэрол) і яго сульфат (дэкседрын). Гэтыя прэпараты ні ў якім разе нельга ўвозіць у Беларусь, нават калі ў іншай краіне вам іх прызначыў лекар.

Далей ідуць другі і трэці спісы — адпаведна асабліва небяспечныя і небяспечныя наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, дазволеныя да кантраляванага звароту. Лекі з гэтых спісаў можна ўвозіць у Беларусь, але калі рабіць гэта без дакументаў і ў занадта вялікай колькасці, можна трапіць пад крымінальную адказнасць, як і ў выпадку з першым спісам.

Гаворка ідзе пра моцнадзейныя лекі: Павел згадвае моцныя анальгетыкі (напрыклад, марфін і трамадол), супрацькашлявыя прэпараты накшталт кадэіну і прэпараты для лячэння псіхічных хваробаў, але раіць звяртаць увагу і на іншыя моцныя лекі. Датычна псіхіятрычных лекаў, кажа Павел, найбольш актуальнымі будуць бензадыязепінавыя транквілізатары (дыязепам, алпразалам і г.д.), снатворнае золпідэм і метылфенідат — псіхастымулятар, якія выкарыстоўваюць для лячэння СДУГ.

Ёсць і чацвёрты спіс лекаў, але ў ім знаходзяцца прэкурсары — рэчывы, з якіх вырабляюць наркатычныя сродкі і небяспечныя псіхатропныя прэпараты. Прэкурсары не выкарыстоўваюць у якасці лекаў, таму вельмі малаімаверна, што камусьці з пацыентаў можа быць патрэбна іх правозіць у краіну.

Калі вам трэба ўвезці ў Беларусь моцнадзейныя лекі накшталт псіхатропаў ці анальгетыкаў, перш за ўсё праверце, ці ёсць яны ў гэтых спісах — гэта можна зрабіць тут. Варта памятаць, што гандлёвая назва прэпарату можа адрознівацца ад яго міжнароднай і хімічнай назвы. Інфармацыю пра альтэрнатыўныя назвы лекаў правярайце ў сеціве, таксама іх часта пішуць у інструкцыі да лекаў.

Калі вы знайшлі патрэбны вам прэпарат у другім ці трэцім спісе, падрыхтуйце для яго перавозкі арыгінал ці копію рэцэпта. Яшчэ, кажа Павел, трэба мець з сабой дакумент з пячаткай і подпісам лекара, які сведчыць, што пэўнаму чалавеку сапраўды трэба прымаць гэтыя лекі ў медычных мэтах. У дакуменце мусіць быць пазначана назва і дазіроўка прэпарату, а таксама тое, колькі яго трэба прымаць у суткі, у Беларусі такой паперай з’яўляецца выпіска з медыцынскіх дакументаў. Калі вам выдалі такі дакумент у іншай краіне, трэба мець з сабой яго юрыдычна зацверджаны пераклад на расейскую ці беларускую мову. 

Усе лекі з другога і трэцяга спісу можна правозіць толькі для ўласнага карыстання ў колькасці, якая не перавышае патрэбу ў прэпараце на тыдзень, і не больш за 90 разавых доз. Прэпарат, кажа Павел, абавязкова трэба задэклараваць, бо любая спроба правезці нешта таемна, нават калі гэта не прэпарат пад увагай дзяржавы, можа быць успрынятая як кантрабанда і прывесці да крыміналкі. Лекі лепш везці ў цэласнай заводской упакоўцы, бо гэта пацвярджае, што прэпарат не падменены. Да лекаў у таблетніцах ці, што яшчэ горш, ва ўпакоўках ад іншых прэпаратаў могуць узнікнуць пытанні.

Павел заўважае, што існуюць так званыя аналагі «наркатычнага сродку і псіхатропнага рэчыва». Гаворка пра лекі, якія самі па сабе не знаходзяцца ў спісах, але па хімічнай структуры падобныя да кантраляваных прэпаратаў — напрыклад, пра антыдэпрэсант бупрапіён (велбутрын). Такія лекі сустракаюцца рэдка, але калі гэта ваш выпадак, вас датычаць усе апісаныя вышэй меры перасцярогі.

На шчасце, большасць анальгетыкаў і лекаў ад псіхічных разладаў не ўваходзяць у спісы, і іх правоз для ўласнага карыстання не мае азначаных вышэй абмежаванняў. Але Павел кажа, што не рызыкнуў бы везці больш за тры ўпакоўкі такога прэпарату і ўзяў бы з сабой рэцэпт. Для гэтых лекаў не трэба дакумент ад лекара, то ў тэорыі можна прывезці іх і для знаёмых ці родных, бо перадача такіх лекаў не звязаная з крымінальнай адказнасцю.

Ёсць і лекі, якія ў Беларусі не лічаць наркатычнымі ці небяспечнымі і выпісваюць на звычайным рэцэптурным бланку, але ў іншых краінах іх зварот строга кантралюецца. Гэта прыгабалін, габапентын і запіклон, а таксама прэпараты накшталт карвалолу і валакардзіну, якія ўтрымліваюць фенабарбітал. Калі ўвозіць у пэўныя краіны такія лекі без адпаведных дакументаў, можна трапіць пад крымінальную адказнасць.

Калі маеце сумневы датычна перавозкі прэпарату, звяртайцеся з запытам у мытныя органы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Як алкагалізм і дэпрэсію лечаць «чароўнымі грыбамі» і ЛСД

Чаму Беларусь у лідарах у свеце па дэпрэсіях і чаму такія, як Лукашэнка, да яе не схільныя? Тлумачыць псіхатэрапеўтка

«Цяпер я разумею, якім быў дурнем». «Тэрапія не адразу дае эфект». Чатыры рэальныя беларускія гісторыі пра дэпрэсію

Каментары1

  • Алесь
    01.04.2024
    Аб звароце лекавых сродкаў?

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння католікі, пратэстанты і частка праваслаўных святкуюць Раство4

Колькі ў Беларусі каштуюць табі — модны абутак, які шмат у каго асацыюецца з капытамі4

Сотні хрысціян выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Дамаска5

Зяленскі рэзка раскрытыкаваў паездку прэм’ера Славакіі да Пуціна6

Халезін: Рашэнне Бабарыкі пайсці ў прэзідэнты — гэта пошук сэнсу жыцця пасля смерці жонкі56

Экс-прэзідэнта ЗША Біла Клінтана шпіталізавалі ў Вашынгтоне

Прэзідэнцкая кампанія — 2025 стане самай сумнай. Згадваем, хто былі кандыдатамі ў мінулыя гады1

Беларусь адкрывае пасольства ў Ватыкане3

Відэа маргінальнага пралукашэнкаўскага блогера Дзеда Барадзеда прызналі экстрэмісцкім1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?9

Што за студэнтка Ульяна, з якой на балі вальсіраваў Лукашэнка?

Галоўнае
Усе навіны →