«Мы моцныя, мы вывезем». Тэлевядучы Яўген Булка вярнуўся ў Ізраіль і пайшоў працаваць чорнарабочым
Яўген гаворыць, што апошнім часам амаль нічога не пісаў, бо па вяртанні прыходзіцца вельмі шмат працаваць.
«Па вяртанні ў Ізраіль я проста працую як конь, таму што трэба закрываць тут розныя пытанні», — кажа ён і дадае, што гэта такая праца, якую яго падпісчыкі не могуць уявіць.
Булка кажа, што ў сувязі з пачаткам вайны велізарная колькасць людзей у Ізраілі страцілі працу. Гэта закранула не толькі новых мігрантаў, але і тых, хто жыў у краіне даўно.
«Закрываліся крамы, кавярні, гасцініцы пераходзілі ў іншы рэжым працы. Многім наогул прыйшлося пачынаць з пачатку ў літаральным сэнсе», — распавёў ён.
Цяпер шоўмен працуе грузчыкам. Адно фота ён зрабіў у працоўных пальчатках на фоне вялікіх гор пакункаў.
«Дзве кампаніі, у якіх я працаваў да фатальнага кастрычніка, закрыліся. Івэнт накрыўся… вярталіся ў сакавіку ў даўгі, у невядомасць. Таму я пайшоў на працу. Аплатную добра і штодня. Часцяком гатоўкай. Побач са мной разгружаюць кантэйнеры барберы, мастакі, кухары, івэнтары. Паўтаруся, гэта кранула не толькі «новенькіх« эмігрантаў, але і тых, хто ўжо не першы, і не другі, і не трэці, і не 8-ы год у краіне. Мы моцныя, мы вывезем», — напісаў ён.
Яўген Булка пераехаў жыць у Ізраіль з сямʼёй у красавіку 2022 года праз палітычную сітуацыю ў Беларусі. Ён прадаў у Беларусі дом сваёй мары і ўладкаваўся ў Ізраілі аперацыйным санітарам у клініцы. У кастрычніку 2023-га яму разам з жонкай і двухгадовым сынам давялося зноўку пераязджаць — з-за нападу ХАМАС на Ізраіль.
Каментары