Без атракцыёнаў і аквапарку. Як будзе выглядаць былы «Дрымлэнд»
Завяршылася грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі новага парка, якое праходзіла ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна з 18 сакавіка па 1 красавіка. «Мінск-Навіны» расказваюць, што там будзе.
У былым «Дрымлэндзе» не плануюць устаноўку атракцыёнаў, знікне і аквапарк. Затое пашырыцца сетка дарожак. Існуючае азеляненне тэрыторыі хочуць максімальна захаваць. Пры гэтым прадугледжваюцца месцы для стварэння ганаровых алей.
Уваход у парк, па задуме аўтараў праекту, павінен застацца прыкладна ў тым жа месцы. Ён будзе ўяўляць сабой каланаду з інтэрактыўнай кампазіцыяй «Беларусь» — мультымедыйным экранам у выглядзе карты краіны. На светлых калонах плануюць нанесці арнамент залацістага колеру, гербы сталіцы і абласцей краіны.
Непадалёк ад уваходу хочуць арганізаваць плошчу для правядзення дзяржаўных мерапрыемстваў.
Цэнтральнай часткай парка павінна стаць экспазіцыя «Беларусь» плошчай 2,4 га. Яе абрысы паўтораць контур карты, а ўсярэдзіне будуць рэчышчы рэк, абрысы азёр і зялёныя масівы запаведных месцаў.
— Рэчышча рэк прапануецца выканаць у выглядзе сухіх ручайкоў з засыпаннем жвірам, пасадкай уздоўж берагоў дэкаратыўных раслін, вышэй па адхонах — лугавой травы і кветак. Межы тэрыторыі абласцей задумана пазначыць стрыжаным хмызняком, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы.
Там таксама ўдакладняецца, што кожны ўчастак экспазіцыі сфарміруе ўнікальны ландшафтны куток, які адлюстроўвае асаблівасці рэгіёнаў. У адпаведнасці з архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй маюць намер размясціць мініяцюры самых значных славутасцяў кожнай вобласці Беларусі і горада Мінска — будынкаў і збудаванняў з палімерных і натуральных матэрыялаў у маштабе 1:25.
Ёсць ідэя ўстанавіць электронныя інфааб'екты, дзе наведвальнікі змогуць праслухаць і прачытаць інфармацыю аб гісторыі, дасягненнях і перспектывах развіцця гарадоў і краіны ў цэлым.
Контур ландшафтнай кампазіцыі «Беларусь» хочуць вылучыць дарожкай шырынёй 5 м з чырвонай бетоннай пліткі, да якой будуць весці пешаходныя шляхі парка. У праекце прадугледжаны мастацкае падсвятленне аб'ектаў экспазіцыі і контурнае падсвятленне кампазіцыі ў вячэрні час.
За ландшафтнай картай намечана размясціць дзіцячы гульнявы комплекс, зону адпачынку з альтанкамі. Па суседстве захаваецца існуючая валейбольная пляцоўка.
Частка збудаванняў у парку падлягае рэканструкцыі для новага прызначэння і выкарыстання. У прыватнасці, у адным з іх маюць намер размясціць інфармацыйны цэнтр і пункт хуткага харчавання.
Каментары
Але тое, што прыдумалі лукашэнкаўскія архітэктары і ідэёлагі - гэта выродлівая замошчаная пліткай плошча з невялікім зялёным асяроддзем для прапагандыских мерапрыемтсваў кшталту плошчы лукашэнкаўскага сцяга непадалёк. Сыходзячы з плошчы тэрыторыі, нашмат лепшай ідэяй было б стварыць ў гэтым месцы лабірынт з раслінаў кшталту лабірынту ў італьянскім мястэчку Фантанэлатта