Гісторыя1717

Іван Жалтоўскі — беларускі шляхціц, які стварыў «сталінскі ампір»

Часам можна пачуць, што для стварэння ансамблю праспекта Незалежнасці не толькі злачынна быў знішчаны гістарычны цэнтр Мінска, але што нават сама архітэктура варожая і таталітарная, бо носіць імя Сталіна. Але стваральнікам «сталінскага ампіру» быў не савецкі правадыр, а вельмі таленавіты і ўдачлівы беларускі шляхціц, якога лічылі русафобам сучаснікі і шанавалі партыйныя бонзы.

Ян Жалтоўскі нарадзіўся ў 1867 годзе на беларускім Палессі, у сядзібе Бродча на паўночнай ускраіне Плотніцы Пінскага павета ў каталіцкай шляхецкай сям’і герба «Агоньчык». Ахрышчаны быў у Асавецкім касцёле, які пасля вайны быў разабраны камуністамі, ад яго засталася толькі званіца.

Касцёл у вёсцы Асавая (цяпер Столінскі раён), у якім хрысцілі Яна Жалтоўскага. Фота: Wikimedia Commons

Бацька памёр у 1870 годзе, усяго праз тры гады пасля яго нараджэння. У Яна было яшчэ два браты, адзін з іх, Вацлаў (1869 -1950-я), працаваў сціплым фармацэўтам у Астрогу. А вось сястра Марыя (1870-1939) выйшла замуж за прадстаўніка ўплывовай сям'і прамыслоўцаў пана Зыгмунта Скірмунта. Таго самага Скірмунта, да якога Якуб Колас пісаў петыцыю ад мясцовых сялян і якога пасля адлюстраваў у трылогіі «На ростанях». Нямала магіл Жалтоўскіх дагэтуль можна адшукаць на старых пінскіх могілках, у тым ліку бацькоў Яна. 

Пінскае рэальнае вучылішча, дзе пачынаў вучыцца Жалтоўскі. Фота: Wikimedia Commons

Пінск не быў чужым і для Яна Жалтоўскага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, але ў дзесяць гадоў быў залічаны ў першы клас Пінскага рэальнага вучылішча. Па ўсіх прадметах адзнакі ў яго былі «здавальняючымі», толькі ў маляванні і чыстапісанні ён праявіў сябе на выдатна.

Невядома чаму, але сям’я перабралася ў Астрахань, дзе Іван скончыў вучобу.

У 1887 годзе ён падаў дакументы ў Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Праз вялікую канкурэнцыю пайшоў не на жывапіс, а на архітэктуру, дзе быў ніжэйшым бал. Ён атрымаў мінімальны прахадны бал па ўсіх прадметах і быў залічаны. 

Тады яшчэ ніхто не мог уявіць, што гэтая выпадковасць вызначыць праз паўстагоддзя стыль агромністай імперыі. 

Іван Жалтоўскі ў 1887 г. Фота: РДГА

Як і многія іншыя студэнты, Жалтоўскі займаўся падпрацоўкамі ў вядомых дойлідаў. Гэта давала грошы на жыццё, досвед, карысныя знаёмствы, але негатыўна адбівалася на вучобе. На першым курсе Іван быў пакінуты на другі год.

З вучобай у яго ўвогуле не ладзілася. У маі 1891 года ён адлічыўся праз сямейныя абставіны, хваробу і цяжкі матэрыяльны стан. Праз год спрабаваў аднавіцца, атрымаў адмову, яшчэ праз год быў залічаны зноў на першы курс, ізноў выключаны. Нарэшце быў прыняты вольным слухачом.

Іван Жалтоўскі ў час вучобы ў Акадэміі мастацтваў. 1890-я

Нарэшце ў канцы 1898 года Жалтоўскі атрымаў званне мастака-архітэктара за праект Народнага дома. Іван сканцэнтраваўся на фасадах, не дарабіў план і ўвогуле не падаў разрэзаў, але далучыў прыгожыя эскізы. Не закрыў ён і многія спецыяльнасці, праз што не атрымаў дыплома і не меў права самастойна праектаваць у горадзе. 

За час вучобы Жалтоўскі атрымліваў невялікія заказы, але таксама яму давялося праектаваць у майстэрнях іншых архітэктараў даходныя дамы, чыгуначныя станцыі і вытворчыя аб’екты, а таксама кіраваць работамі ў інтэр’ерах палацаў расійскіх багацеяў.

Іван Жалтоўскі ў 1900-я гады. Фота: Дзяржаўны навукова-даследчы музей архітэктуры імя Шчусева

Ягоны сябар дапамог яму перабрацца ў Маскву, дзе ён знаходзіць свае кола замоўцаў — заможных купцоў-старавераў. Тут ён паралельна з асноўнай працай выкладаў малюнак у Строганаўскім вучылішчы. У 1904 годзе праз канфлікт з дырэктарам ён быў вымушаны звольніцца. 

Недзе ў тым жа пачатку XX стагоддзя Жалтоўскі наведваецца ў Італію. Па шляху з Мілана ў Венецыю ў цягніку архітэктар чытаў «Падарожжа па Італіі» Гётэ і раптам натыкнуўся на згадку пра Андрэа Паладыа, самага ўплывовага ў класічнай архітэктуры творцу ўсіх эпох. Жалтоўскі змяняе свой маршрут і накіроўваецца ў Вічэнцу, на радзіму мэтра.

Віла Ратонда ў Вічэнцы — вяршыня творчасці Андрэа Паладыа, на якую будуць арыентавацца архітэктары наступных стагоддзяў, у тым ліку Жалтоўскі. Фота: Wikimedia Commons

Сустрэча з шэдэўрамі паладыянства скалынула свядомасць архітэктара. Пасля гэтай паездкі Італія становіцца духоўнай радзімай Івана Жалтоўскага як творцы, яе ён імкнецца адбудаваць і ў Расійскай імперыі.

Напрыклад, на выставе ён паказаў конкурсныя праекты дома Скакавога таварыства (1903-1906), выкананыя ў стылі англійскіх асабнякоў віктарыянскай эпохі. Менавіта з Англіі захапленне коньмі і перадалася расійскай арыстакратыі. Але, відаць, ён здолеў у працэсе пераканаць заказчыка цалкам перарабіць праект у класічным стылі. І гэта ў той час, калі вакол панавалі новыя модныя авангардныя стылі, як мадэрн і арт-дэко, а любая класіка ўспрымалася як перажытак. Але не Жалтоўскім.

Конкурсны праект Скакавога павільёна 1902 года. Варыянты ў модным англійскім стылі
Рэалізаваны дом Скакавога таварыства ў класічным стылі. Фота: «Архитектурная Москва»

Жалтоўскі літаральна захварэў на класічную архітэктуру і бачыў у ёй выратаванне для архітэктуры сучаснай. 

«Недзе ў Італіі, у старызніка, ён купіў эскізы пяром Рафаэля, набыў адзін з чатырох асобнікаў першага арыгінальнага аднатомнага выдання кнігі Паладыа пра архітэктуру з палямі, спісанымі ўласнаручнымі паметкамі гэтага геніяльнага дойліда (астатнія тры асобнікі знаходзяцца ў музеях)», — прыгадваў ягоны калега Сяргей Кожын.

Фасады дома Тарасава ў Маскве Жалтоўскі запазычаў у паладыянскага палацца Цьенэ. Фота: Wikimedia Commons
Сядзіба Ліпікі пад Масквой, пабудаваная Жалтоўскім у 1907 годзе як перайманне вілы Ратонда. У 1930-я гады архітэктар цалкам перабудуе яе пад урадавую дачу, дзе будзе жыць Сталін

Па слядах Жалтоўскага ў «горад Паладыа» пацяклі пецярбургскія архітэктары і мастацтвазнаўцы.

Жалтоўскі, які адчуваў сваю моцную повязь з еўрапейскай, каталіцкай культурай, вельмі скептычнай ставіўся да расійскага мастацтва, лічачы яго дрэннай копіяй першакрыніцы. 

Князь Сяргей Шчарбатаў, калекцыянер і мецэнат, так апісваў Жалтоўскага: «Жалтоўскі, паляк, які ненавідзіць Расію, хоць ёю карміўся, карыстаўся ў Маскве заслужанай рэпутацыяй тонкага знаўцы італьянскай класікі…»

Жалтоўскі ў перыяд службы ў Наркамасветы РСФСР. Фотакопія партрэта працы С. Малюціна. 1919

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, здавалася б, пакладзе канец кар’еры 50-гадовага архітэктара, які сам паходзіў са шляхты і паспеў за дзесяцігоддзі сваёй працы спраектаваць шэраг сядзіб і асабнякоў для арыстакратыі і буржуазіі. 

Але Жалтоўскі зноў усіх здзівіў — прыняў рэвалюцыю і паспяшыў заверыць новыя ўлады ў сваёй лаяльнасці ды гатоўнасці на яе працаваць далей. Ужо на наступны год Жалтоўскі заняў пасаду старшага дойліда архітэктурна-мастацкай майстэрні Массавета, а пасля ўзначаліў архітэктурны пададдзел Наркамата асветы РСФСР, а ў снежні — уваходзіць у тэхнічную раду Камітэта дзяржаўных збудаванняў па гарадскім і сельскім будаўніцтве. Луначарскі нават напісаў на Жалтоўскага рэкамендацыйны ліст, накіраваны Леніну. Далей слава архітэктара будзе толькі расці. 

Званіца ў Пінску, як мяркуюць, значана падрасла дзякуючы Жалтоўскаму. Фота: Wikimedia Commons

Ёсць меркаванне, што яшчэ да рэвалюцыі, у 1912 годзе Жалтоўскі паспеў спраектаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі званіцы касцёла францысканцаў у родным Пінску, які праз наступную вайну і ліхалецці быў рэалізаваны толькі ў 1923-1924 гады, пры Польскай Рэспубліцы. Жалтоўскі часта выязджаў за мяжу, але ці спыняўся ён у Пінску, каб пільнаваць будаўніцтва гэтай званіцы ці наведваць бацькоўскую магілу, мы дакладна не ведаем.

У 1922 годзе Жалтоўскі прапанаваў савецкаму ўраду набыць вілу Ратонда — найвялікшы шэдэўр Паладыа, каб размясціць там мастацкі інстытут, як тое зрабіла Францыя з вілай Медычы. Нават у той час, час барацьбы за сусветную рэвалюцыю, план быў чыстай авантурай, і Наркамасветы адказаў адмовай.

Праект кацельнай МАДЭС 1927 года ў нехарактэрным для Жалтоўскага канструктывісцкім стылі. Магчыма, у гэтым праекце галоўная роля належала малодшым калегам майстра

У канцы 1920-х яму давялося няпроста як архітэктару, бо канструктывісты не толькі канкуравалі з ім, але і жорстка крытыкавалі. Жалтоўскі ў адказ выдаў серыю праектаў у новым стылі, які быў для яго зусім нехарактэрны. Вырвацца ў новую эпоху яму дапамог калектыў, у які таксама ўваходзілі Георгій Гольц, Сяргей Кожын, Міхаіл Паруснікаў і Іван Собалеў.

У 1930 годзе архітэктар уступіў у прамы канфлікт з лідарамі канструктывізму на абмеркаванні праекта турбіннай залы ДнепраГЭС (будзе разбурана ў час вайны), дзе яго праект, які нагадваў Палац дожаў, канкураваў з праектам братоў Весніных, якія займалі высокае становішча ў прамысловым будаўніцтве СССР. Весніным удалося з цяжкімі стратамі адстаяць свой праект, але само сутыкненне адзначыла важны пералом у савецкай архітэктуры.

Эскіз да класічнага праекта турбіннай залы ДнепраГЭС, выкананага Жалтоўскім. 
Канструктывісцкі праект турбіннай залы ДнепраГЭС, выкананы Весніным

Ужо ў пачатку 1930-х гадоў разам са згортваннем сацыяльных эксперыментаў у маладой савецкай дзяржаве пачало згортвацца і авангарднае мастацтва. Яго слаба разумелі як кіраўніцтва краіны, так і шырокія масы.

Стылістычную пераарыентацыю ўзначалілі з вясны 1932 года Шчусеў і Жалтоўскі, якія заставаліся апошнімі буйнымі прадстаўнікамі «старой школы». Яны і распрацавалі першыя ўзоры новага савецкага стылю. 

Конкурсны праект Палаца Саветаў Івана Жалтоўскага, які ў 1932 годзе быў ганараваны найвышэйшай прэміі

Маніфестам радыкальнага перагляду стаўлення дзяржавы да архітэктуры, а прасцей кажучы, намеру гэтай архітэктурай кіраваць, справядліва ўгледжваючы ў ёй інструмент палітыкі, сталі вынікі Усесаюзнага конкурсу на праект знакамітага Палаца Саветаў. Жалтоўскі быў уключаны ў склад Часовага тэхнічнага савета пры ўпраўленні будаўніцтва Палаца Саветаў разам з іншымі вядомымі дзеячамі культуры (архітэктары складалі з іх менш за палову), а на конкурс прадставіў адразу два праекты, у адным з якіх ён выступаў у якасці аўтара.

Прэмію атрымаў «упрыгожаны» варыянт Жалтоўскага — гэта быў ясны сігнал аб тым, якая архітэктура выклікае разуменне ў партыйна-дзяржаўнай вярхушкі. Адначасова архітэктар быў удастоены звання заслужанага дзеяча навукі і мастацтва РСФСР.

Жалтоўскі выйшаў трыумфатарам: «Я так і ведаў, што паварот будзе».

Фасады лоджыі палаца дэль Капітаніята ў Вічэнцы, спраектаванай Андрэа Паладыа, былі выкарыстаны Жалтоўскім у сваім праекце дома на Махавой. Фота: Wikimedia Commons
Дом на Махавой у Маскве стаў «цвіком у труну канструктывізму» і адзначыў пачатак новага стылю. Фота: Wikimedia Commons

Але амбіцыйны палац Саветаў так ніколі і не пабудавалі. Першым помнікам новага стылю, створаным Жалтоўскім, стаў дом на Махавой, які быў пабудаваны ў 1934 годзе і меў манументальны ордарны фасад, пазычаны ў паладыянскай Лоджыі дэль Капітаніа. Вяснін назваў дом «цвіком у труну канструктывізму», які неабходна выдраць.

Архітэктар Фамін тонка заўважыў, што гэта быў не столькі прарыў у будучыню, колькі аглядка на мінулае:

«Ён сваім домам паказаў вельмі яскрава, як раней добра праектавалі і як раней добра будавалі і, такім чынам, як мы цяпер дрэнна праектуем і як мы дрэнна будуем».

Для многіх гэты дом стаў аддушынай пасля засілля аскетычных, пазбаўленых дэкору пабудоў мінулага дзесяцігоддзя. 

Але ўжо 1934-1935 гады Іван Уладзіслававіч аказаўся ў ганаровай ссылцы, праектуючы для Сочы-Мацэсцінскага курортнага раёна. Рэч у тым, што ягоны патрон у Маскве, Лазар Кагановіч, усё больш адыходзіў ад спраў, а ягоны пераемнік, Хрушчоў, зусім архітэктурай не цікавіўся. 

З Жалтоўскім працягвалі кансультавацца як старцам-мудрацом саюзнага ўзроўню. Ужо вясной 1937 года ён страціў пазіцыю кіраўніка маскоўскай майстэрні, на першы план у савецкай архітэктуры выйшаў Барыс Іафан, чый праект Палаца Саветаў спадабаўся Сталіну.

Георгій Гольц і Іван Жалтоўскі ў пачатку 1930-х гг. Фота: ДЦМСГР

Варта адзначыць, што сталінскія рэпрэсіі амаль не закранулі нікога са сталічных мэтраў архітэктуры. У савецкага кіраўніцтва было разуменне, што іхняе бачанне дзяржавы новага тыпу трэба камусьці рэалізоўваць, а таму растрачваць каштоўныя кадры на сфабрыкаваныя палітычныя справы не мела сэнсу.

Магчыма, што немалую ролю ў гэтым адыграў той факт, што па сваёй спецыяльнасці Лаўрэнцій Берыя быў будаўніком-архітэктарам, добра разумеў і цікавіўся гэтай сферай.

«Правінцыі» пашчасціла менш, напрыклад, у Беларускай ССР, дзе не вялася нават падрыхтоўка архітэктараў, былі знішчаны найбольш таленавітыя кадры — Гайдукевіч, Шабунеўскі, Коршыкаў і іншыя.

Паходжанне, ранейшая дзейнасць і няспынныя паездкі Жалтоўскага за мяжу быццам ніхто не заўважаў, у той час, калі для расстрэлу іншых было дастаткова куды меншых «аргументаў». 

Дом на Калужскай вуліцы ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

Цікава, што ва ўсіх савецкіх дакументах Жалтоўскі фігуруе як беларус. Расійскія навукоўцы кожны раз, закранаючы гэтую тэму, ці то не ведаючы спецыфікі рэгіёна, ці то пазіраючы з вышыні свайго імперскага шавінізму, кажуць пра ягоную спробу схаваць сваё польскае паходжанне.

Але нам добра вядома, якую падвойную свядомасць маглі мець найбагацейшыя прадстаўнікі «польскай шляхты» на Беларусі – і пародненыя з Жалтоўскімі Скірмунты, і Вайніловічы, і Радзівілы, і многія іншыя, хто ўдзельнічаў у беларускім руху. Да таго ж, пражыўшы ўсё жыццё ў Расіі, Жалтоўскі мог бы з тым жа поспехам схавацца пад рускай самаідэнтыфікацыяй, але не зрабіў гэтага — відаць, гэта было для яго непрымальна, а вось запісацца беларусам было натуральным. 

Жылы дом супрацоўнікаў НКУС на Смаленскай плошчы ў Маскве. Фота: Wikimedia Commons

У 1939 годзе, калі Чырвоная Армія пачала ўварванне ў Польскую Рэспубліку, сям’я Жалтоўскага была вымушана ўцякаць з Пінска ў Варшаву. Брат Вацлаў так і не змог дараваць Івану ягонай «здрады» — працы на Саветы.

У самога Івана Уладзіслававіча тым не менш жыццё складвалася паспяхова. Спакойна перажыўшы хвалю рэпрэсій, ён ізноў аказаўся на піку сваёй кар’еры. 

У савецкім друку выйшла серыя публікацый, прысвечаных Жалтоўскаму, таксама быў запланаваны выпуск манаграфіі пра яго. Гэтыя падзеі былі звязаны з высоўваннем архітэктара па сукупнасці заслуг на Сталінскую прэмію, заснаваную ў 1939 годзе. Але атрымае ён яе толькі з пятай спробы. 

З 1940 года Жалтоўскі выступаў таксама ў ролі творчага кіраўніка Маскоўскага архітэктурнага інстытута. Але з пачаткам вайны не паехаў следам за інстытутам у Ташкент, а застаўся працаваць у Цэнтральным ваенпраекце. 

Іван Жалтоўскі каля макета Цэнтральнага маскоўскага іпадрома. Пачатак 1950-х гг

Ужо ў 1942 годзе савецкае кіраўніцтва задумалася пра адбудову краіны пасля вайны. Майстэрня 75-гадовага Жалтоўскага была ў ліку першых груп для ажыццяўлення праектных работ па аднаўленчым будаўніцтве.

У 1943 годзе адзначыўся карэнны пералом у вайне, і следам у верасні быў створаны Камітэт па справах архітэктуры, які цяпер адказваў за аднаўленчае будаўніцтва на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. Ужо ў 1944 годзе Жалтоўскі быў прызначаны галоўным кансультантам і кіраўніком майстэрні, якая займалася аднаўленнем роднай Беларускай ССР. Майстэрня была ўзмоцнена архітэктарамі з Акадэміі архітэктуры. 

У гэтай майстэрні праектаваліся і карэктаваліся планы паваеннага аднаўлення Гомеля і будаўніцтва паасобных абʼектаў у Мазыры і Пінску. Менавіта вучні Жалтоўскага, славутыя дойліды Баршч і Паруснікаў, стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў разбураным Мінску. Гэтак акадэмік архітэктуры Жалтоўскі спрычыніўся да будаўніцтва ў родным краі.

Кажуць, што і месца для пабудовы тэатра ў Гомелі было выбранае ім асабіста яшчэ перад вайною, а ягоны тагачасны праект стаў асновай для пабудовы ў 1947-1956 гадах.

Дом Саветаў у Сочы
Будынак КДБ у Мінску. Фота: Wikimedia Commons

Ды і ў самой сталіцы нямала адсылак да творчасці Жалтоўскага і праз яго — да рэнесанснай і антычнай спадчыны. Найбольш адзначыўся ягоны вучань Міхаіл Паруснікаў, які спраектаваў будынак Дзяржбанка, сіметрычныя жылыя дамы на ўездзе на Кастрычніцкую плошчу, а таксама будынак КДБ, які пераймае сочынскі Дом Саветаў Жалтоўскага, а праз яго — антычны храм у Пуле.

Фасад дома на Махавой у Маскве. Фота: Wikimedia Commons
Фасад будынка Міністэрства сельскай гаспадаркі ў Мінску. Фота: Wikimedia Commons

Пераймалі і іншыя, архітэктар Іваноў у будынку Міністэрства сельскай гаспадаркі на вуліцы Кірава амаль дакладна пераймае фасады дома на Махавой.

Кінатэатр «Слава» ў Маскве. Сёння на доўгачасовым рамонце. Фота: Wikimedia Commons
Кінатэатр «Зорка» ў Мінску. Фота: БДАКФФД

На месцы кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску калісьці знаходзіўся іншы кінатэатр — «Зорка», пабудаваны па падабенстве з маскоўскімі кінатэатрамі «Слава» і «Перамога» Івана Жалтоўскага.

За сваю працу яшчэ ў 1944 годзе Жалтоўскі атрымаў званне Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларускай ССР, а ў 1947 стаў ганаровым членам Беларускай акадэміі навук.

У другой палове 1940-х — 1950-х майстэрня-школа Жалтоўскага ператвараецца ў сапраўдную «асабістую акадэмію». Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам тут выконваюцца ўсе конкурсныя работы, што праводзіліся ў Маскве. У той жа час школа Жалтоўскага пачала падлягаць крытыцы і ганенням, але доўгачаканая Сталінская прэмія, атрыманая архітэктарам у 1950 годзе, заткнула крытыкаў. 

Жалтоўскі ў ляпной майстэрні. 1950-я

Памёр Жалтоўскі 16 ліпеня 1959 года ў Маскве, пражыўшы фактычна два жыцці — элітарнага «архітэктара мільянераў» і галоўнага мэтра савецкай дзяржавы. Але ніколі не гнаўся за модай, упарта прасоўваючы сваё захапленне італьянскай класікай. Ягоны стыль сышоў разам з ім — яго веліч была знішчана яшчэ хрушчоўскай пастановай «Аб ліквідацыі празмернасцей у праектаванні» ў 1955 годзе. Праз гэта імя мэтра ў наступныя дзесяцігоддзі было не прынята згадваць. 

Іван Жалтоўскі ва ўласным кабінеце. На сцяне не правадыры савецкага народа, а ягоны ўласны правадыр — італьянец Андрэа Паладыа. Фота: Wikimedia Commons

Спадчыну Жалтоўскага і яго пераемнікаў ці то ўзнагародзілі, ці то затаўравалі «сталінскім ампірам» — тэрмінам няслушным і шкодным, які выклікае непатрэбныя асацыяцыі з таталітарызмам, якога ў перанесенай з італьянскіх пейзажаў архітэктуры ніколі не было.

Калі сёння і можна назваць якую архітэктуру таталітарнай, дык гэта забудову сталічных спальнікаў за апошнія дзесяцігоддзі — тут зроблена ўсё, каб чалавек адчуў сябе нікчэмнай маленькай істотай, у той час як савецкая неакласіка, неакласіка Жалтоўскага, як цяпер зразумела, надзвычай чалавечная архітэктура.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары17

  • Žvir
    10.03.2024
    Čamu, i jaki niedareka, nazvaŭ toj architekturny styl "stalinskim" ? Ujavicie sabie horad Miensk biez tych budynkaŭ... Heta ŭvohulie budzie hamon. Histaryčnaja zabudova zniščana, zabudova 70 i da našych dzion prosta žach. Adzinaje, što robić tvar horada pryjemnyn, heta centr, z paśliavajennaj zabudovaj 50-ch pačatku 60-ch. Treba skazać ščyry dziakuj architektaram taho času za ich rabotu.
  • Так
    10.03.2024
    Цікава, дзякуй за артыкул.

    Але
    Жалтоўскі, які адчуваў сваю моцную повязь з еўрапейскай, каталіцкай культурай
    таму Ян, а не Іван.
  • Язэп Бялкоўскі
    10.03.2024
    Цікавы артыкул, дзякуй. Але ці меў нейкі сентымент да Беларусі гэты прыстасаванец, не зразумела. Спачатку будаваў для імперскіх багацеяў, потым для НКУС і партыйнай "эліты". Калі б другая сусветная вайна скончылася паразай СССР, то Ян-Іван, напэўна, будаваў бы для новых гаспадароў.

Лукашэнка стаў прадзедам17

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам17

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →