Грамадства1111

«Будзеш ездзіць па свеце і расказваць нам, як жыве дыяспара». Дзяўчына расказала, як КДБ схіляў яе да супрацы

Анастасія (імя зменена ў мэтах бяспекі) расказала «Вясне» пра сваё затрыманне і допыт, як паспела выдаліць з тэлефона «партызанскі» тэлеграм падчас вобшуку і як выйшла на волю пасля допыту, не пагадзіўшыся на супрацу з КДБ.

Будынак КДБ_фота TUT.BY

Будынак КДБ у Мінску. Фота: «Наша Ніва»

Анастасія адвучылася ў адной са сталічных ВНУ, пасля чаго адпрацоўвала размеркаванне экскурсаводкай у мінскім музеі. Дзяўчына праяўляла актыўную грамадзянскую пазіцыю: удзельнічала ў пратэсных Маршах і студэнцкіх акцыях у 2020-21 гадах, запісалася ў ініцыятыву «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі». А перад самым пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну дзяўчына ўступіла ў арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны», каб сяброўскім унёскам падтрымаць арганізацыю. Тады з’явіліся чуткі, што арганізацыю збіраюцца ліквідаваць. Дзяўчына да канца 2023 года вучылася анлайн у Вольным беларускім універсітэце. Гэта ёй пазней «прад’яўлялі» супрацоўнікі КДБ на допыце.

Вясной 2024 года да дзяўчыны прыйшлі супрацоўнікі КДБ. На допыце цікавіліся яе стаўленнем да беларускай мовы і прапаноўвалі збіраць звесткі пра беларускую дыяспару за мяжой. Пасля гэтага дзяўчына з’ехала з краіны.

«Навучацца ў «Кадравым рэзерве» мне не давялося. Але я была зарэгістраваная ў іх на сайце».

«Як думаеш, чаму мы да цябе прыйшлі?»

У дзень затрымання, 5 лютага, Анастасія дамовілася сустрэцца са сваім хлопцам. Але за некалькі гадзін да выхаду ёй у дзверы пагрукалі невядомыя.

«Гэта былі апранутыя ў цывільнае два мужчыны. Адзін з іх прад’явіў пасведчанне, але вельмі хутка яго прыбраў, і я не паспела нічога прачытаць. Яны адразу спыталі: «Як думаеш, чаму мы да цябе прыйшлі?». Я адразу зразумела, што мною зацікавіліся спецслужбы. Але на ўсе пытанні адказвала, што не ведаю або не памятаю», — расказвае суразмоўца.

«Куды схавала сцяг?»

Супрацоўнікі КДБ сцвярджалі, што дзяўчына захоўвае беларускі нацыянальны сцяг і выпытвалі, дзе ён схаваны.

«Сцяг у мяне сапраўды быў. Я схавала яго ў лядоўні. Але ім адказала, што выкінула яго яшчэ ў 2020 годзе. Таксама на лядоўні вісеў маленькі гліняны магніт з надпісам «Жыве Беларусь» і гербам «Пагоня». Але яны яго надзіва не прыкмецілі. У мяне на паліцы стаяла кніга «Ваенная сімволіка беларусаў» Віктара Ляхора. Раней яна ўжо была «на алоўку» ва ўладаў. Але ў кнізе чырвона-зялёная вокладка, таму, напэўна, яны не звярнулі на яе ўвагу».

Падчас вобшуку супрацоўнікі КДБ перыядычна перапытвалі суразмоўцу, ці мае яна здагадкі пра прычыну іх візіту. Дзяўчына адказвала адмоўна, і ёй загадалі збірацца на допыт.

«Сілавікі запатрабавалі аддаць ім усю маю тэхніку. У мяне на ноўтбуку была налепка, якую дарылі ўсім, хто ўступіў у «Ахову птушак Бацькаўшчыны». Флэшку з пратэснымі фотаздымкамі я загадзя схавала. З тэлефона паспела выдаліць паштовую скрыню на Proton, а калі пачала выдаляць «партызанскую» версію тэлеграма, яны гэта заўважылі. Я не была ўпэўненая, што паспела ўсё выдаліць, таму ўтапіла тэлефон у імбрыку з вадой».

Дзяўчыне заламалі руку і прыціснулі тварам да канапы. Пасля гэтага дзяўчыну прымусілі пераапранацца пры сілавіках, бо, як яны сказалі, «да цябе няма больш даверу».

Анастасіі дазволілі ўзяць з сабой толькі тыя рэчы, якія былі апранутыя на ёй, таму яна апранула адразу некалькі пар бялізны, рыхтуючыся да працяглага зняволення.

tekst-malitvy_1.jpg

Малітва, якую дзяўчына захоўвала ў чахле тэлефона, які ўтапіла падчас вобшуку. Фота з асабістага архіву гераіні

«Паспрабуеш уцячы — прыменім сілу»

Дзяўчыну везлі на шэрым Hyundai па цэнтры Мінска ў будынак КДБ, а сілавікі працягвалі змушаць распавесці, за што яны яе затрымалі. За гэта абяцалі зменшыць тэрмін. За спробу ўцячы пагражалі збіццём.

«Сілавікі адразу папярэдзілі: «Паспрабуеш уцячы — прыменім сілу». Яны пыталі, за каго я галасавала на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Але на той момант я была яшчэ непаўнагадовая, таму не магла галасаваць».

«Не магу размаўляць — я ў бібліятэцы»

Па дарозе сілавікі пыталі Анастасію, як яна ставіцца да супрацоўнікаў міліцыі, і абураліся, што ўсе іх лічаць карнікамі, кажа суразмоўца.

У кабінеце КДБ на дзверцах сейфа быў налеплены чырвона-зялёны сцяг з паперы, а на палічцы стаяла настольная гульня «Шляхта». На сценах віселі дываны з гербамі КДБ і СК.

Там дзяўчыну пачалі распытваць пра «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» і прозвішчы выкладчыкаў. Падчас рэгістрацыі на сайце ініцыятывы Анастасія не карысталася VPN. Яна мяркуе, што праз гэта яе маглі выкрыць сілавікі.

«На ўсе іх пытанні я адказвала максімальна нейтральна. Сказала, што зарэгістравалася там, каб атрымаць візу».

Анастасіі на тэлефон увесь час тэлефанавала знаёмая. Сілавікі нарэшце дазволілі дзяўчыне адказаць, але загадалі не казаць, дзе яна знаходзіцца.

«Я адказала, што зараз не магу размаўляць, бо ў бібліятэцы. І пазней ператэлефаную».

«Чаму не арыентуешся на Расію?»

У 2022 годзе дзяўчына ездзіла на навучанне ў Швецыю. У пашпарце з той паездкі ў Анастасіі засталася шэнгенская віза. Гэта прыцягнула ўвагу сілавікоў.

«Яны пачалі распытваць, навошта я туды ездзіла, дзеля чаго вучыла замежную мову і чаму не арыентуюся на Расію, а менавіта на Захад. Я сказала ім, што мне проста цікава вандраваць і пабачыць нешта новае».

Супрацоўнікі КДБ пачалі прапаноўваць Анастасіі супрацоўнічаць з імі.

«Яны цікавіліся, якія ў мяне далейшыя планы на жыццё. Я адказала, што пасля двух гадоў адпрацоўкі планую паступаць у магістратуру. Сілавікі спыталі, ці хацела б я паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Я ім дала зразумець, што мяне гэта зусім не цікавіць».

Таксама яны пыталі, ці размаўляе дзяўчына на польскай мове і ці мае карту паляка.

«Кэдэбэшнікі казалі, маўляў, «давай мы табе зробім візу, а ты будзеш ездзіць глядзець свет і расказваць нам, як жыве беларуская дыяспара». Я ім адказала, што пасля візіту да іх больш нічога не хачу і буду ціхенька працаваць у сваім музеі за 800 рублёў».

«Дзякуй вам за мірнае неба»

Перыядычна ў кабінет заходзіў супрацоўнік у чорнай цішотцы, які граў ролю «злога паліцэйскага». Ён крычаў на дзяўчыну і зачытваў ейныя каментары за 2020 год, якія тая пакідала ў раённым тэлеграм-чаце Зялёнага Луга.

«Адзін каментар я пакінула падчас Маршу на Дзяды ў 2020 годзе: «Сілавікі пабеглі на горку за 13-ю школу». А калі забілі Рамана Бандарэнку, напісала, што карнікі будуць пакараныя па законе. Кэдэбэшнікі спыталі мяне, ці я і цяпер так мяркую. Я ім адказала тое, што яны прыкладна хацелі пачуць: «Дзякуй вам за мірнае неба над галавою, бо іначай было б як ва Украіне».

Падчас допыту сілавікі ўвесь час выпраўлялі дзяўчыну: «На Украіне», «Не вайна, а спецаперацыя», «Не Другая сусветная, а Вялікая Айчынная».

Таксама Анастасію пыталі, як яна ставіцца да вайны ва Украіне і чаму ў яе ў фэйсбуку ёсць сябры, якія служаць у палку Каліноўскага.

«Я ім сказала, што мне проста падабаюцца хлопцы ў вайсковай форме. Калі сілавікі спыталі, чаму ў мяне тады няма ў сябрах расейскіх вайскоўцаў, я ім адказала, што тыя сядзяць ва «Укантакце», а я ў фэйсбуку».

aposzni-zdymak-perad-adezdam.jpg

Апошні фотаздымак, які зрабіла Анастасія перад ад'ездам з Беларусі. Фота з асабістага архіва гераіні

«Ні ў якім разе не расказвай «Вясне»

Напрыканцы допыту Анастасію пакінулі сам-насам з адным супрацоўнікам, які проста сядзеў моўчкі працяглы час. Дзяўчына кажа, што няёмкую паўзу стварылі адмыслова, каб псіхалагічна паўздзейнічаць на яе.

«Тады я пачала распавядаць кэдэбэшніку розныя нецікавыя рэчы пра музейную справу і іншае, што не мае дачынення да справы. У выніку мяне адпусцілі».

Пад пагрозаю расправы дзяўчыне строга загадалі нікому не расказваць пра затрыманне.

«Яны мне асобна сказалі: «Ні ў якім разе не расказвай «Вясне» пра тое, што тут адбылося». Спрабавалі запужаць, што будуць за мною сачыць і прыязджаць у госці». 

Пасля вызвалення на наступны дзень Анастасія з’ехала з Беларусі. Праз дзве краіны дзяўчына даехала да мяжы з Польшчай, дзе папрасіла палітычны прытулак.

Каментары11

  • За расейскiм карабелем гоу
    03.04.2024
    Х на рыла здраднiкi вам.
  • Вася
    03.04.2024
    А як па утопленым тэлефоне яна потым размаўляла з сяброўкай?
  • Малайчынка
    03.04.2024
    Малайчына, што ўсё расказала.

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку11

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Усе навіны →
Усе навіны

Круты выпадкова раскрыў сапраўдны стан заняпаду рэгіёнаў17

«Дажылі». У тыктоку абмяркоўваюць талоны на куплю мяса ў «Гіпа»4

Лукашэнка перад пачаткам нарады наехаў на Галоўчанку і Косінца, што тыя не так селі4

Лукашэнка хоча, каб кіраўнікі райвыканкамаў прызначалі і дырэктараў прыватных структур38

Брэйвік прыйшоў на камісію аб вызваленні з выгаленымі літарамі Z на галаве ФОТАФАКТ12

Васілеўская расказала, як дзякуючы ёй моладзь адрываецца ад тэлефонаў і пачынае вучыцца17

У Гданьску напалі на беларусаў17

«Не чапайце, яны з сям'ёй адпачываць прыйшлі». Мінчанка сустрэла ў аквапарку «Лебядзіны» зграю тараканаў5

У Ганконгу 45 лідараў дэмакратычных пратэстаў 2019 года прысудзілі да турэмных тэрмінаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку11

Гайдукевіч узяў новы ўзровень хамства — прапанаваў знайсці жанчын, якія ацэняць, ці яго член быў на дыкпіку

Галоўнае
Усе навіны →