Еўрапол: у ЕС дзейнічаюць звыш 800 «вельмі небяспечных» крымінальных сетак. У іх шэрагах ёсць і беларусы
Паліцэйская служба Еўрасаюза апублікавала новую вялікую справаздачу пра дзейнасць арганізаваных злачынных груповак (АЗГ) і колькасці самых небяспечных з іх на тэрыторыі Еўропы. У дакуменце таксама напісана пра беларусаў і тыпы злачынстваў, у якіх тыя былі заўважаны.
Паводле новай справаздачы Еўрапола, на тэрыторыі ЕС цяпер дзейнічае 821 найбольш небяспечная АЗГ з 25 тысячамі ўдзельнікаў, 86% з якіх адмываюць свае даходы ў цалкам легальнай сферы (пераважна праз будаўнічы сектар, сферу паслуг і гандаль нерухомасцю).
Палова з гэтых сетак зарабляе наркагандлем, а частка можа весці свае справы, нават калі ўсё іх кіраўніцтва знаходзіцца ў турме, паведамляе Еўрапол.
Сярод 821 выяўленых небяспечных АЗГ, у прыватнасці, былі адзначаныя:
- 113 вельмі небяспечных сетак кантрабанды какаіну, 111 сетак кантрабанды розных наркатычных сродкаў, 44 сеткі кантрабанды марыхуаны, а таксама 10 сетак кантрабанды сінтэтычных наркотыкаў.
- 48 небяспечных груповак па кантрабандзе мігрантаў. 18 з іх займаецца ўцягваннем людзей у сэксуальнае рабства і гандлем імі, а яшчэ 13 зарабляе працоўным рабствам.
- 48 груповак, якія зарабляюць арганізаванымі крадзяжамі і рабаваннямі маёмасці. 19 з іх крадуць транспартныя сродкі.
- 50 груповак анлайн-махляроў і 34 сеткі, якія займаюцца махлярствам з акцызнымі падаткамі.
Акрамя таго, Еўрапол надаў увагу злачынным сеткам з Усходняй Еўропы, у якіх таксама адзначаны ўдзел грамадзян Беларусі.
«Грамадзяне Усходняй Еўропы з Беларусі, Чэхіі, Венгрыі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі і Украіны звычайна знаходзяцца у складзе тых груповак, дзе дамінуюць украінцы або палякі.
Крымінальныя сеткі з пераважна ўкраінскім кіраўніцтвам часта складаюцца з польскіх, расійскіх, славацкіх і беларускіх злачынцаў, якія таксама займаюць ключавыя пазіцыі ў гэтых групоўках. У асноўным яны займаюцца кантрабандай тытуню, махлярствам з падаткамі і мытняй, анлайн-махлярствам і незаконным увозам мігрантаў. Часцей за ўсё гэтыя групоўкі дзейнічаюць у Чэхіі, Польшчы, Славакіі, Іспаніі і Украіне.
Што тычыцца сетак з пераважна польскім кіраўніцтвам, то іх асноўная дзейнасць уключае незаконны абарот канабіса, какаіну і розных прэкурсораў, кантрабанду тытуню і махлярства з падаткамі. Яны звычайна працуюць у Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Польшчы, Славакіі, Іспаніі і Злучаным Каралеўстве», — піша ў сваёй справаздачы Еўрапол.
Паліцэйская служба адзначыла, што іх новы дакумент «моцна дапаможа» супрацьстаянню злачынным групоўкам па ўсёй Еўропе і што ён ўжо быў адпраўлены ўладам краін ЕС.
З поўным зместам дакумента (на англійскай мове) можна азнаёміцца тут.
Каментары