Дзікавіцкі пра палітвязняў-белсатаўцаў: Быў загад нічога не здымаць і не свяціцца, але людзі ўсё роўна нешта высылалі
У вялікай размове з новым кіраўніком «Белсата» Аляксеем Дзікавіцкім абмеркавалі сітуацыю з 17 палітзняволенымі белсатаўцамі.
«НН»: Ці застаюцца ў вас нескарыстаныя магчымасці неяк паўплываць на вызваленне вашых супрацоўнікаў-палітвязняў?
АД: Няма і дня, каб я не ўспамінаў пра ўсіх нашых вязняў, а іх 17. Каб не маліўся за іх, каб яны вытрымалі ў гэтай складанай сітуацыі. Як бачыце, рычагоў уплыву няма нават у ЗША. Але, натуральна на любой дзелавой сустрэчы першае, пра што я нагадваю — пра палітвязняў. Летась увосень мы спрабавалі размаўляць з прадстаўнікамі адной нейтральнай дзяржавы, якая магла б нейкім чынам паўплываць на вызваленне часткі нашых зняволеных. Але гэта складаная справа, і пакуль мы вынікаў не бачым.
Ëсць яшчэ адна, як мне падаецца, магчымасць (той хто тоне, ведаеце, хапаецца і за брытву). Адна з першых рэчаў, якой я цяпер заняўся, нягледзячы на масу бягучых справаў, гэта кантакт з пэўнымі структурамі, дзе мог бы быць нейкі мінімальны прасвет. Тут я ні вам, нікому іншаму не буду гаварыць, што гэта за структуры. Ëсць нейкая надзея, спадзяюся, вынікі будуць зразумелыя цягам тыдня-двух.
«НН»: З Кацяй Андрэевай і Дашай Чульцовай здарылася на той момант непрадказальная гісторыя. Ірына Слаўнікава, як вы казалі, не хацела сама з’язджаць прынцыпова. А вось тыя аператары, напрыклад, якія дасылалі вам матэрыялы, калі вас прызналі ўжо «экстрэмістамі» — нельга было ім гэта забараніць, адмовіцца ад іх паслуг?
АД: Амаль усе мелі магчымасць выехаць. Мы заўсёды дбалі пра тое, каб кожны, хто працуе з «Белсатам», меў актуальную візу. Некаторыя не рабілі іх па сваіх прычынах, хаця я ледзь не загадваў шмат разоў гэта зрабіць. Некаторыя вырашылі застацца — нехта па сямейных абставінах, нехта прынцыпова. І быў ім загад нічога не здымаць, ніяк не свяціцца, пры тым што мы іх усё адно падтрымлівалі фінансава.
А ў выніку хтосьці ў пэўны момант сказаў, што не можа сядзець без справы, усё роўна будзе нешта рабіць: хочаце браць — бярыце, не — я ўсё адно буду рабіць і высылаць.
Але многіх затрымалі не за тое, што яны працягвалі працу, а за тое, што яны калісьці даўно з намі супрацоўнічалі, за тое, што ў матэрыялах іншых асуджаных па палітычных матывах, з’явілася іх прозвішча. Гэта ж нялюдская машына рэпрэсій, яна працуе ўсё глыбей.
-
Беларус атрымаў прапанову ад польскай Google, але стаў беспрацоўным. Праз візавы скандал беларусам усё часцей адмаўляюць у візах
-
Польскі суд адмовіў у экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова
-
За распрацоўку праграмнага забеспячэння для «Кіберпартызан» жыхара Барысава асудзілі на чатыры з паловай гады хіміі
Каментары