У Тбілісі пачаліся акцыі пратэсту на фоне разгляду закона аб «замежных агентах»
Некалькі сотняў чалавек сабраліся ля будынка парламента Тбілісі, паведамляе newsgeorgia.ge.
«Не — рускаму закону! Не — «Рускай мары», — скандуюць прысутныя. Яны запалілі фаеры. «Руская мара» — гэта па аналогіі з кіроўнай партыяй «Грузінская мара».
Яшчэ адна акцыя чакаецца ў раёне парламента а 19:00.
У пачатку красавіка кіроўная партыя «Грузінская мара» зноў унесла на разгляд парламента законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Сёння юрыдычны камітэт парламента прыняў яго да разгляду. Калі законапраект будзе падтрыманы, то кіроўная партыя вынесе законапраект на пленарныя пасяджэнні.
У кіроўнай партыі сцвярджаюць, што законапраект накіраваны выключна на ўзмацненне празрыстасці працы НДА і СМІ, якія атрымліваюць замежнае фінансаванне. Пры гэтым «Грузінская мара» наўпрост абвінавачвае еўрапейскія і амерыканскія фонды ў «фінансаванні радыкалізму і рэвалюцыйных настрояў» у Грузіі, а частка НДА, не чакаючы прыняцця закона, называе экстрэмісцкімі, паведамляе тэлеканал «Дождь».
Грузінская апазіцыя мяркуе, што закон будуць выкарыстоўваць для падаўлення апазіцыі ў краіне — гэтак жа, як гэта адбылося ў Расіі.
Год таму, на пачатку сакавіка 2023 года, з-за гэтага закона ў Тбілісі прайшлі шматтысячныя мітынгі. Паліцыя выкарыстоўвала вадамёты, дымавыя шашкі і слёзацечны газ для разгону пратэстаў. Больш за 130 чалавек затрымалі.
Каментары