Грамадства44

Што вядома пра калонію асобага рэжыму ў Глыбокім, дзе сядзяць рэцыдывісты, «пажыццёвікі» і палітык Мікалай Статкевіч

Калонія асобага рэжыму № 13 у Глыбокім мае рэпутацыю самай закрытай у Беларусі. Праваабаронцы таксама называюць яе адной з самых строгіх. «Свабода» расказвае пра ПК-13.

Палітвязні Мікола Статкевіч, Віталь Мельнік. Калаж: svaboda.org

Калі ў Беларусі пачалася «барацьба» з наркотыкамі, менавіта ў Глыбокае накіроўвалі асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе ставіў задачу перад МУС: «Трэба для іх зрабіць невыносныя ўмовы, каб яны сьмерці прасілі».

У 1643 годзе ў Беразьвечча каля Глыбокага прыбылі манахі-базыльяне, а ў 1756-1763 гадах яны стварылі тут уніяцкі кляштар. У 1839 годзе, пасьля скасаваньня царкоўнай уніі, гэты кляштар перадалі праваслаўным.

У 1939 годзе ў манастыры разьмясьцілася турма НКУС. У першыя дні вайны летам 1941 года глыбоцкія чэкісты пачалі эвакуаваць сваіх арыштантаў.

«Паводле дакумэнтаў НКУС, 714 чалавек былі незаконна расстраляныя канвоем у дарозе. Падчас нямецкай акупацыі кляштар стаў канцлягерам для савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. Пасьля вайны Саветы пераўтварылі яго ў вязьніцу для асабліва небясьпечных рэцыдывістаў», — пісаў на «Свабоду» колішні вязень ПК-13 Зьміцер Каляда, які адседзеў там паўтара года замест прызначаных 12.

Паводле Зьмітра Каляды, за пяць стагодзьдзяў вонкавы выгляд будынка, безумоўна, зьмяніўся. Але ўсярэдзіне можна ўбачыць шмат аўтэнтычнага. Напрыклад, скляпеністую столь і манаскія кельлі, крыху пераробленыя пад камэры.

Вярнуцца жывым з Глыбокага

Папраўчая калёнія №13, агульны выгляд

Яшчэ адзін колішні вязень ПК-13 Аляксандар Бут-Гусаім атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне нібыта за забойства егера і двойчы сядзеў у Глыбокім (з 1999-га па 2001-ы і з 2011-га да восені 2014 году).

У Беларусі Бут-Гусаім быў на волі адзіным сьведкам таго, чым зьяўляецца такая мера пакараньня, як пажыцьцёвае зьняволеньне (яго ў 2014 годзе перавялі на «хатнюю хімію»). На волі Аляксандар Буд-Гусаім не пражыў і трох гадоў — у траўні 2017-га памёр ва ўзросьце 59 гадоў.

«Калёнія ў Глыбокім — гэта кляштар, які бальшавікі перабудавалі пад турму. Найгоршае, што можа быць для адседкі, тым больш працяглай. Сядзець у тых кельлях жахліва. Тоўстыя сьцены, вільгаць, адсутнасьць усялякага паветра. Пры мне камэры былі перапоўненыя ў некалькі разоў — 20 і болей чалавек у невялікім памяшканьні. Тут прыбіральня, тут сушаць бялізну, тут кураць… Дыхаць вельмі і вельмі цяжка.

Што да харчаваньня, то яно ўвогуле не для чалавечых страўнікаў. Хварэлі на ўсе вядомыя хваробы. Шмат было сухотнікаў; шмат тых, хто ішоў на суіцыд. Бо вярнуцца жывым з Глыбокага, скажам, пасьля 10 гадоў адседкі, вельмі праблематычна. Людзі станавіліся агрэсіўнымі, азлобленымі на ўсіх і ўсё. Незалежна ад ступені свайго злачынства яны былі абсалютна дэзадаптаваныя да ўмоваў вольнага грамадзтва», — расказваў Аляксандар Бут-Гусаім.

Два палітвязьні

У 2011— 2012 гадах у Глыбоцкай калёніі адбываў пакараньне першы палітвязень — лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Па матывах гэтай адседкі Дашкевіч напісаў аповесьць «Чарвяк». Ужо тады ён быў пазбаўлены спатканьняў, званкоў, перадач. Але перапіска была дазволеная.

Зьміцер Дашкевіч пасьля вызваленьня ў 2013 годзе. З Глыбоцкай калёніі дабываць пакараньне яго перавялі ў Горадзенскую крытую турму

Пасьля падзей 2020 году ў ПК-13 зноў зьявіліся палітзьняволеныя. Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», цяпер там утрымліваюць двух палітвязьняў: палітыка Мікалая Статкевіча і «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка.

14 сьнежня 2021 года Мікалаю Статкевічу быў вынесены прысуд: 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму. 20 чэрвеня 2022 года яго этапавалі ў Глыбоцкую калёнію. Адразу ж паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму, пазбавілі перадач і зьмясьцілі на 8 дзён у ШЫЗА. У жніўні трапіў на паўгода ў адзіночную камэру, адтуль у ШЫЗА.

Зь ліпеня 2022-га да лютага 2023 года, калі жонка атрымала ад яго апошні ліст, у Статкевіча было ўжо 23 спагнаньні.

Міхаіл, які адседзеў у Глыбокім за наркотыкі 6 гадоў і нядаўна вызваліўся, расказаў:

«У нашай калёніі сядзіць Мікалай Статкевіч, ён быў «пад дахам» — на слэнгу гэта ШЫЗА, ПКТ і адзіночная камэра. Ён быў на асаблівым рэжыме, яго нікуды не выводзілі, нават на працу. Ад «аўтарытэтаў» і іхных сяброў я чуў, што ён добраахвотна сядзеў у адзіночцы і не хацеў выходзіць, бо, магчыма, у жылой зоне пад наглядам адміністрацыі яму будзе толькі горш. Калі яму пэрманэнтна даюць ШЫЗА, то адтуль нельга ні напісаць, ні патэлефанаваць, ні пабачыцца са сваякамі. Не выключаю, што адміністрацыя тармозіць яго лісты.

Месцы, дзе яго трымаюць, — гэта адсутнасьць руху, сонечнага сьвятла, сьвежага паветра, нармальнага харчаваньня. Пасьцелі ніякай няма, асабістыя рэчы нельга — толькі туалетная папера, мыла, тубік зубной пасты, шчотка. Было прадказальна, што палітвязням будуць ствараць цяжкія ўмовы. Іх душылі, вядома, нават больш жорстка, чым нас па наркотыках. Ставіліся перадузята», — расказваў Міхаіл журналістам «Люстэрка».

«Далей звычайная ратацыя з «адзіночкі» ў ШЫЗА», — пісаў сам Мікола Статкевіч у апошнім лісьце, які дайшоў да жонкі больш за год таму.

«Наконт камэр тут — іх пачалі мяняць пасьля кожнага ШЫЗА. Пасьля апошняга спачатку трапіў у кутнюю камэру на паўпадвальным паверсе, дзе нават «паложанай» радыёкропкі не было, а з паловы столі дастаткова інтэнсіўна капала вада. Быў там крыху болей за суткі — калі са столі ўжо палілося, то дамогся пераводу з гэтай камэры. Цяпер сяджу ў сухой. З трэцяга разу трапіў».

Зь лютага 2023 году Мікола Статкевіч, як і іншыя знакавыя палітвязьні (Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Ігар Лосік) знаходзіцца ў рэжыме «інкамунікада» — поўнай ізаляцыі.

Апошнія зьвесткі ад Статкевіча даходзілі ў другой палове лістапада 2023 года: сваякі праз «другія рукі» атрымалі пацьверджаньне, што палітык дагэтуль знаходзіцца ў Глыбоцкай калёніі № 13, дзе сядзіць то ў адзіночнай камэры ПКТ, то ў камэры штрафнога ізалятару. Яго пазбавілі права на званкі, адзінай на год перадачы і спатканьняў.

«Рэйкавы партызан» на мыліцах

Другога вядомага палітвязьня Глыбоцкай калёніі Віталя Мельніка абвінавацілі ў тым, што нібыта ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня і вывеў са строю сыстэму сыгналізацыі чыгункі.

Паводле абвінавачваньня, гэта магло стварыць «рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджаньня рухомага саставу, гібелі альбо траўмаваньня людзей». Яго асудзілі 22 сьнежня 2022 году паводле пяці крымінальных артыкулаў на 13 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму (раней Мельнік меў судзімасьць).

У красавіку 2023 году Віталя этапавалі ў Глыбоцкую ПК № 13. Вядома, што там Віталь Мельнік перасоўваецца на мыліцах. Пры затрыманьні сілавікі прастрэлілі яму каленныя суставы.

У 2021 годзе ў папраўчую калёнію асаблівага рэжыму ў Глыбокім траплялі палітвязьні Аляксей Раманаў і Сяргей Верашчагін. Пра ўмовы ўтрыманьня ў ПК-13 Верашчагін пісаў:

«З моманту знаходжаньня ў калёніі я падвяргаюся бесьперапыннай зьнявазе з боку адміністрацыі. Я зразумеў, што ў гэта месца мяне адправілі на гібель. Мне ствараюцца такія ўмовы, у якіх жывы пазайздросьціць мёртвым».

Пазьней Верашчагіна перавялі ў горадзенскую турму № 1.

Раманаў у сьнежні 2021 году вызваліўся. Як валянтэр ён працаваў у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай. На пікеце ў Хойніках Аляксей крытычна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Сьледзтва і суд трактавалі гэта як «абразу прэзыдэнта». Ён атрымаў 1 год агульнага рэжыму, а накіравалі яго ў калёнію асаблівага рэжыму. У Раманава анкалягічнае захворваньне.

«Я ня злодзей, не забойца, але мяне адправілі на асаблівы рэжым. Там сядзяць розныя людзі. У тым ліку і маньякі, і забойцы. Адзін сядзіць — тры дні пабыў на волі пасьля вызваленьня і забіў чалавека. Далі яму 29 гадоў. Але ў многіх пакараньне несувымернае са злачынствам.

У калёніі я сустракаў людзей, якія сядзяць безь віны па 10 гадоў і больш. Ім за папяросу з «травой» давалі па 8 гадоў. Сустракаў таксіста, які вёз наркамана. Той рабіў «закладкі», а ў таксіста канфіскавалі аўтамабіль і пасадзілі на 8 гадоў! Гэта хіба справядліва?» — расказваў Аляксей адразу пасьля вызваленьня.

На «зоне» Аляксей Раманаў не працаваў з прычыны інваліднасьці. Спачатку меў даволі добрае дыетычнае харчаваньне, а потым «пайку» ўрэзалі.

«Спачатку нам давалі бохан хлеба на пяць чалавек. А потым, з красавіка 2021 году, бохан хлеба на дваццаць чалавек. Як у блякадным Ленінградзе!» — успамінаў былы палітвязень.

Вязьні Глыбоцкай калёніі, 2016 год

На 32 чалавекі адна прыбіральня

Вядома яшчэ пра аднаго сядзельца, якога ахрысьцілі «легендай Глыбокага» — ён выйшаў «раней за тэрмін».

Зімой 2020 году Ўладзімер Мельнікаў, зваршчык зь Янава, атрымаў 8 гадоў «асаблівага рэжыму». За тое, што «дэманстраваў муляж гранаты» і няспраўны пісталет. Адседзеў ён 11 месяцаў, бо вывучаў заканадаўства і пісаў скаргі. Першая скарга была безвыніковай. А прэзыдыюм абласнога суду перакваліфікаваў ягоныя дзеяньні з часткі 3 артыкула 339 («Хуліганства») на частку 1. І вынес рашэньне: 2, а ня 8 гадоў пазбаўленьня волі.

«Я адразу казаў там, што ня буду сядзець усяго тэрміну. Мне казалі: «Супакойся! Гэта сындром Глыбокага, усе так гавораць, калі сюды паступаюць. Але ўсе сядзяць увесь тэрмін, і раней ніхто ня выйдзе»», — апавядаў былы асуджаны пасьля вызваленьня ў студзені 2021 году.

Пра ўмовы ўтрыманьня кажа, што ў ягонай «сэкцыі» сядзелі 32 вязьні.

«На 32 чалавекі адна прыбіральня і адзін умывальнік. Уявіце, якое там ранкам напружаньне, нэрвы і сваркі. Бо калі нават усім даць па 5 хвілін, каб памыцца — гэта 160 хвілін. Адміністрацыя калёніі ставіцца вельмі сувора да самай малой неахайнасьці. То бок ты павінен быць паголены, гузікі каб былі зашпіленыя… Я падымаўся а 4-й раніцы, каб падагрэць ваду і пагаліцца», — расказвае былы вязень ПК-13.

Вытворчасьць на тэрыторыі калёніі, 2016 год

Каркасы парнікоў, сувэніры з дрэва і нават калючы дрот

У ПК-13, як і ў іншых калёніях, ёсьць уласная вытворчасьць, гэта дзяржаўнае прадпрыемства «ПК «Беразьвечча».

У 1956 годзе быў арганізаваны ўчастак для зьбіваньня тарных скрыняў, на якім працавалі асуджаныя. Пазьней прадпрыемства стала шматпрофільным. Асноўным кірункам дзейнасьці лічыцца «вытворчасьць прадукцыі машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі»: мэталаканструкцыі, рыдлёўкі, кантэйнэры для адходаў, сьметніцы, каркасы парнікоў, мангалы, падстаўкі пад кветкі, лаўкі і нават калючы дрот пад назвай «Егоза».

Міхаіл, які адседзеў другі тэрмін у 6 гадоў за наркотыкі, успамінае працу ў ПК-13:

«Цэхі на прамзоне, як бункер: невысокія столі, цесната народу калясальная, яшчэ ўсе кураць, а выцяжка не працуе. Усё ў пыле, месца мала, ніякага руху. Часам даводзілася сядзець на лавачках, як у пляцкарце: утрох локаць да локця, плячо ў плячо. У некаторых цэхах зімой холадна і мокра, а летам горача і вільготна — паветра ня ходзіць.

Праца для ўсіх абавязковая. Працу даюць самую цяжкую — гэта разборка лому, каляровых, шкодных мэталаў. Прывозілі тыя ж рухавікі ўнутранага згараньня ад аварыйных аўтамабіляў ці савецкія электракабэлі зь зямлі — адтуль аліва выцякала, кабэлі маглі быць аблітыя бітумам і выдзялялі нейкія фармальдэгіды. Валасы, адзеньне смярдзелі, хоць мы такі-сякі душ на рукамыйніцы прыдумалі з халоднай вады. Плацілі нам мала: 60−70 капеек за месяц».

Таксама зэкі вырабляюць дзіўныя сувэніры і дэкаратыўныя фігуры з дрэва: «Зубар-бар», «Конь-бар», «Мядзьведзь-бар» са скрынямі для бутэлек і жывёламі, а яшчэ шахматы, хлебніцы, апрацоўчыя дошкі.

Зьняволеныя шыюць спэцвопратку, форменныя куркі, камізэлькі, розныя рабочыя рукавіцы і нават намёты.

У калёніі ёсьць царква і касьцёл. Некалі інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН дазволілі нават зьняць кароткі фільм пра калёнію.

Сьмерці зьняволеных

4 студзеня 2017 году асуджаны Валянцін Пішчалаў памёр у машыне «хуткай дапамогі», якую выклікалі ў калёнію. Па зьвестках праваабаронцаў, у Пішчалава была тэмпэратура 39 градусаў, але яго адпраўлялі працаваць на пілараму.

Яшчэ адзін вязень Ю. выскачыў з акна барака ўніз галавой і разьбіўся. Ён сьцьвярджаў, што ня мог працаваць ад моцных боляў, на знак пратэсту вязень абвесьціў сухую галадоўку. Яго зьмясьцілі ў ШЫЗА, пасьля якога Ю. папрасіў сукамэрнікаў паведаміць журналістам, як кіраўніцтва Глыбоцкай калёніі давяло яго да самагубства.

Сястра аднаго вязьня пісала: «Брат расказваў, што ў ПК-13 сьмерці здараюцца рэгулярна. Да жыцьця чалавека там ставяцца вельмі лёгка: памёр — туды табе і дарога. На дрэваапрацоўчай вытворчасьці загінуў хлопец — у яго літаральна ўваткнуўся востры кавалак дошкі, які адляцеў ад станка. Брата разам зь іншым вязьнем пабілі ахоўнікі проста ў атрадзе, перад строем іншых вязьняў. Ён паведаміў, што дагэтуль у яго ногі сінія ад каленяў да пояса. Кінулі на паўгода ў ПКТ. Кажа, што паспрабуе пратрымацца, але не выключае, што таксама давядзецца рабіць суіцыд», — апавядала жанчына.

Юры Лінга адседзеў у ПК-13 9 гадоў. За гэты час у яго набралася 136 парушэньняў рэжыму, пасьля кожнага яго зьмяшчалі ў ШЫЗА. Пасьля вызваленьня ён расказаў некалькі страшных гісторый: як аднаму вязьню ў вока трапіла кропля гарачага мэталу, вока выцекла, давялося яго выдаляць.

Другога зэка, цяжка хворага на рак, выганялі на працу. І такіх прыкладаў дзясяткі.

Кіруе ПК-13 палкоўнік унутранай службы Вадзім Мурашка.

Пра жорсткасьць начальніка рэжымнага аддзелу Ігара Стожыка, а таксама начмэда Надзеі Паткевіч і доктара Алега Дубаса пісаў у лістах палітвязень Сяргей Верашчагін.

Мара былога вязьня Глыбокага

Былы вязень ПК-13 Зьміцер, які сядзеў за наркотыкі, падзяліўся сваёй марай:

«Я не спэцыяліст у музэях, але мне здаецца, што турма ў Глыбокім магла б стаць своеасаблівым ключом да разуменьня гісторыі гэтага рэгіёну, які быў рэгіёнам розных рэжымаў і мноства падзеяў, вельмі часта трагічных. У гэтай самай закрытай калёніі Беларусі зьдзяйсьнялі злачынствы супрацоўнікі савецкага НКВД, нямецкія фашысты, пасьляваенныя ўлады. Цяпер тут сядзяць палітвязьні. Пакуль ёсьць яшчэ жывыя сьведкі, трэба ўсё запісваць. Рана ці позна, але такі мэмарыял будзе».

Каментары4

  • Ёсік
    02.05.2024
    Кім трэба быць, каб працаваць у такіх установах? Людажэрам, пры тым, гэта не прышлыя, а тутэйшыя, беларусы.
  • Юзік са станцыі Крулеўшчына
    02.05.2024
    Я бачыў архіўны дакумент, дзе сказана, што ў 1949 годзе "Глыбоцкі раённы савет дэпутатаў працоўных" звярнуўся да "Полацкага абласнога света дэпутатаў працоўных" каб далі дазвол на разборку "каробкі касцёла" з-за яго аварыйнага стану. Полацкі абласны савет дэпутатаў працоўных задаволіў хадайніцтва Глыбоцкага раённага савета дэпутатаў працоўных...
    Адкуль узяўся 1970-ы год? Я школу скончыў у 1972-м. Царквы ўжо даўно як не было!
    І, дарэчы, у вас тут дужа "старажытныя" фоты" ! Франтоны на будынку, цяпер, як не дзіўна, -- адрэстаўраваныя, маюць пекны барочны выгляд...
  • Žvir
    02.05.2024
    Юзік са станцыі Крулеўшчына, tam jašče krama pry viaznicy jość, handliuje vyrabami, zroblienymi viaźniami. Nie atavarvalisia ?

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

«На асуджаных могуць уздзейнічаць звонку». Сілавікі вучыліся душыць бунт у калоніі

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці2

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА4

Маск і Рамасвамі расказалі, як будуць скарачаць выдаткі. Вось чаму гэта можа моцна паўплываць і на Беларусь18

У Расіі 49-гадовы рэжысёр зрабіў прапанову 17-гадовай актрысе. Сацсеткі абурыліся іх рамантычным ФОТА17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →