За беларускую зборную будзе выступаць чарговая расійская біятланістка
Змяніць спартовае грамадзянства Ксенія Шнейдэр вырашыла пасля замужжа.
Расійская біятланістка Ксенія Шнейдэр будзе выступаць за зборную Беларусі. 24-гадовая спартсменка раней прадстаўляла расійскую Цюменскую вобласць. Змяніць краіну Ксенія вырашыла пасля таго, як выйшла замуж за беларускага біятланіста Максіма Вераб'я, паведамляе «Матч ТБ».
Біятланістку адпускаюць у Беларусь без аніякіх умоў і кампенсацый. Першапачаткова планавалася, што Ксенія перабярэцца ў новую каманду праз год. Аднак маладыя папрасілі кіраўніка Беларускай федэрацыі біятлону Адрыяна Цыбульскага дапамагчы з хуткім пераездам.
Шнейдэр не хапае зорак з неба ў прафесійным біятлоне. У мінулым сезоне яна стала толькі 20-й у Кубку Расіі, не заняўшы ніводнага прызавога месца па ходзе спаборніцтваў.
Традыцыя вырашэння кадравых праблем у зборнай Беларусі за кошт пашпартызацыі замежнікаў даўняя. Сярод расіянак сур'ёзных поспехаў у зборнай Беларусі змаглі дабіцца алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна і прызёр чэмпіянатаў свету Вольга Назарава.
Зборная Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны была адхілена ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Спартсмены з 2022 года выступаюць на расійскіх і сумесных расійска-беларускіх спаборніцтвах.
Каментары