Грамадства77

«Даходзіць да трох літраў у дзень». Беларусы, якія падселі на энергетыкі, расказалі пра сваю дзіўную залежнасць

На запыт «карысць і шкода кавы» Google гатовы выдаць гігабайты інфармацыі. Хоць спрэчкі на гэтую тэму працягваюцца, большасць медыкаў прызнаюць: некалькі кубкаў у дзень дакладна не нашкодзяць. Але што, калі зранку чалавеку дапамагае прачнуцца не кава, а энергетык з ударнай дозай кафеіну? «Анлайнер» кінуў кліч сярод сваіх чытачоў і атрымаў дзясяткі водгукаў ад тых, хто кожны дзень п'е газіроўку для бадзёрасці. Беларусы распавялі пра звыклую «норму» і спробы кінуць, а лекарка-эндакрынолаг падзялілася сваім меркаваннем, ці можна стаць залежным ад энергетыкаў і ці так ужо шкодна іх піць.

«Пакуль не вып'ю першую бляшанку, не адчуваю сябе чалавекам»

Кацярына шчыльна сядзіць на энергетыках ужо дзевяць гадоў. Усё пачалося ў студэнцтве, калі дзяўчына паехала вучыцца ў Карэю. У мясцовых крамах быў вялікі выбар незвычайных напояў — многае хацелася паспрабаваць. Больш за ўсё тады зачапілі менавіта энергетыкі.

«Купляла іх там кожны дзень паўгода, пасля вярнулася ў Мінск і пачала каштаваць мясцовы асартымент. Ніякай энергіі яны мне не даюць, калі шчыра, але смак і пах таўрыну, здаецца, мяне заваяваў. Ёсць рытуал з раніцы: прачнуцца, выпіць кавы, пасля яе выпіць першы энергетык, папрацаваць, праз пару гадзін зразумець, што хочацца нейкай радасці, выпіць яшчэ адзін. Калі я дома і ў шафе, напрыклад, стаіць сем-восем бляшанак, думаю: «Адзін раз жывём» — і бяру яшчэ».

Цяпер Кацярына стабільна выпівае па дзве бляшанкі энергетыка за дзень (500 мл), але часам «норма» павышаецца да паўтара літра.

«Адчуванне ў такія дні было вельмі кепскім — да панічных атак. Абяцала, што заўтра больш не буду, але ўсё ішло па коле…

Залежнасць дрэнна ўплывае на маё жыццё, бо, пакуль не вып’ю першую бляшаначку, не адчуваю сябе чалавекам. Калі дома няма энергетыкаў ці застаецца толькі на дзень-два, я разумею, што не магу думаць пра працу, пра рэлакс — думаецца толькі пра тое, каб хутчэй пайсці ў краму і купіць больш.

Скажу яшчэ, што п’ю я толькі два брэнды, і іх даволі складана знайсці ў супермаркетах, таму даводзіцца ездзіць далёка ад дому і марнаваць час, каб іх прыдбаць.

А не прыдбаць ніяк нельга, бо будзе істэрыка».

З-за сваёй залежнасці дзяўчына не раз сварылася з сям'ёй і хлопцам: блізкія спрабуюць данесці, што такое захапленне наўрад ці карыснае для арганізма. А яшчэ гэта патрабуе немалых выдаткаў (па 200-300 рублёў у месяц, якія можна было б выдаткаваць на нешта карыснае).

«Кідаць намагалася два разы — першы раз атрымалася на два месяцы, другі — на тры. Больш ніяк. Мне патрэбныя і смак, і адчуванне шкляначкі ў руцэ, і пах гэтых напояў. Вядома, былі праблемы са здароўем. Апошні раз кідала піць энергетыкі, таму што трапіла ў бальніцу з крызам падстраўнікавай залозы, ляжала пад кропельніцамі. Але гэта жах, звычайна гэта панічныя атакі, ваніты, праблемы са страўнікам, бяссонніца, нервовасць».

Кацярына перакананая: усё гэта наступствы менавіта энергетыкаў. У астатнім дзяўчына цалкам на здаровым ладзе жыцця: ходзіць у спартыўную залу, бегае, сочыць за харчаваннем.

— Калі я кідаю піць энергетычныя напоі, хутка прападаюць праблемы са здароўем. Літаральна праз шэсць-сем дзён лягчэй спаць, есці, дыхаць, няма ванітаў. Не магу патлумачыць, чаму пасля месяцаў я бягу да іх зноўку. Проста іду ў супермаркет, бачу энергетыкі — і купляю.

«Калі кідаю, гэта падобна да нікатынавай ломкі»

Арцём пачаў забаўляцца энергетыкамі гадоў з дзесяць таму — з тых часоў некалькі бляшанак сталі штодзённым рацыёнам. Асаблівага эфекту ад іх ужывання хлопец не заўважае, але і сказаць сабе «стоп» чамусьці не можа.

«Падсеў гадоў у 17-18 — замест бутэлечкі піва ў кампаніі купляў бляшанку энергетыка. Шмат разоў спрабаваў адмаўляцца, піць не кожны дзень, а праз дзень, але нічога не выходзіла. Толькі калі замяняць энергетыкі вялікай колькасцю кавы, але гэта таксама не варыянт, — разважае Арцём. — Калі я кідаю, гэта падобна да нікатынавай ломкі: з'яўляецца вельмі моцная раздражняльнасць. Таму я іду і купляю энергетыкі, каб раніца прайшла лягчэй».

На самаадчуванні прыхільнасць да энергетыкаў пакуль ніяк не адбілася, запэўнівае малады чалавек. Але сам факт залежнасці напружвае.

У Рамана звычка прыняла даволі сур'ёзныя маштабы: на працягу сямі гадоў ён кожны дзень п'е энергетыкі ў колькасці ад літра да трох (нескладана палічыць, колькі гэта бляшанак па 250 мл).

«Пачаў піць энергетыкі, бо працаваў сутачнымі зменамі і ўначы нельга было спаць. Не скажу, што атрымліваў моцны эфект, але на ўзроўні псіхалогіі, напэўна, працавала. Потым гэта перайшло ў альтэрнатыву звычайным газаваным напоям. Да прыкладу, Coca-Cola на фоне энергетыкаў проста страціла смак».

Упершыню Раман цвёрда вырашыў кідаць, калі стаў цярпець ад пякоткі з-за энергетыкаў (такога эфекту ад іншых прадуктаў і напояў хлопец не заўважаў). Пратрымацца атрымалася роўна тыдзень.

«Потым зноў пачаў піць па трошачкі і выйшаў на ранейшыя аб'ёмы. Чамусьці пачынае здавацца, што задаволіць смагу можна толькі энергетыкамі. Я спрабаваў перайсці на ваду: выпіваў прыкладна па чатыры літры. Але ўсё роўна цягнула ўзяць бляшанку энергетыка — хоць бы адну».

Аляксей прызнаецца: калі не вып'е хаця б адну бляшанку энергетыка, узнікае адчуванне, быццам «дзень пражыты дарма», з'яўляюцца апатыя і млявасць.

«Мне 21, а купляць энергетыкі я пачаў яшчэ ў школьныя гады, калі не было забароны на іх продаж непаўналетнім. Стараюся піць не больш за 500 мл у дзень, бо выдатна ўсведамляю, што гэта шкодна. Кідаць спрабаваў — і нават кідаў. Цяжэй за ўсё першыя некалькі дзён, але, калі знайсці які-небудзь смачны напой на замену, адмова праходзіць гладка. Аднак у апошні час у мяне ў жыцці адбылася чарада вельмі дрэнных падзей, з-за чаго я спрабую атрымліваць задавальненне і спакой ад такіх вось залежнасцяў, як кафеін з таўрынам».

«Стамлялася ў дэкрэце і вырашыла паспрабаваць»

Ніна — маладая мама. У тым ліку таму ёй даводзіцца купляць энергетыкі: інакш у дэкрэце выжыць «проста не атрымліваецца».

«Пасля родаў я моцна стамлялася. Калі дачцэ споўнілася крыху больш за год, ад назапашанай стомленасці я не толькі перастала паспяваць спраўляцца з побытам, былі і даволі небяспечныя моманты. Напрыклад, я ішла з дачкой на руках па лесвіцы і ледзь не ўпала ад стомы. Пасля такіх трывожных званочкаў пабегла ў паліклініку, але там сказалі, што мацярынства не хвароба, лячыць няма чаго. І вось падчас прагулкі вока зачапілася за энергетык. Грудзямі я ўжо не карміла, вось і вырашыла паспрабаваць.

Прыйшла дадому, паклала дзіця спаць і за час дзённага сну паспела закрыць усе бытавыя пытанні. Праз некалькі дзён гісторыя паўтарылася».

Прайшло паўгода — цяпер без энергетыкаў Ніна адчувае сябе так, нібы «не спала трое сутак». Адна-дзве бляшанкі ў першай палове дня — гэта норма, якая дазваляе нармальна функцыянаваць.

«Спробы адмовіцца былі. Цярплю-цярплю, здаецца, вечнасць цярплю, а па факце выпіваю не а дзясятай-адзінаццатай, а пасля абеду. Інакш нулявая канцэнтрацыя і поўны недахоп сіл. Разумею, што гэта ўжо залежнасць, але пакуль на мне бяспека майго дзіцяці, нічога рабіць з гэтым не буду».

Каця адчувае сябе наркаманкай, калі ёй даводзіцца піць энергетыкі ўпотай ад мужа і хаваць пустыя бляшанкі глыбей у смеццевае вядро. У астатнім любоў да энергетыкаў ёй ніяк не перашкаджае.

«Родныя і блізкія дакучаюць з тым, што я залежная ад энергетыкаў, але інакш я не магу. П'ю раніцай, каб прачнуцца, і на працягу дня п'ю для бадзёрасці. Ёсць праблемы з засынаннем, таму што «напілася энергетыкаў», і так па крузе. Плюс смак — ён мне вельмі падабаецца. Спрабавала перайсці на звычайную газіроўку, але няма таго смаку.

Аднойчы выпіла адразу пяць бляшанак — ледзь панічная атака не здарылася. Ці здарылася: я баялася, што памру (была моцная тахікардыя). Таму стараюся не перабіраць — у дзень п'ю па дзве бляшанкі. Але часам стрымлівацца не атрымліваецца, і я п'ю больш».

«Калегі папярэджвалі, што гэта шкодна. Але мне рабілася неяк смешна»

Карына — адна з нямногіх з тых, хто адгукнуўся, каму ўдалося злезці са штодзённага ўжывання энергетыкаў. Дапамаглі бальнічныя сцены і страх за сваё здароўе. Хоць спачатку захапленне здавалася больш чым бяскрыўдным.

«Я падсела, калі вырашыла прынцыпова адмовіцца ад алкаголю. Каб тусавацца ў кампаніях, брала па тры-чатыры бляшанкі энергетыка. Потым паступова зразумела, што, калі іду ў краму, абавязкова куплю дзве бляшанкі. Не магла прачнуцца, пакуль не вып'ю 0,5. Калегі казалі: як так, я ж магу ледзь не інфаркт схапіць, яны такія шкодныя. Неяк нават смешна рабілася ад іх слоў».

Так працягвалася да мінулага года, пакуль дзяўчына не апынулася ў бальніцы з падазрэннем на цукровы дыябет.

«Калі я паляжала ў эндакрыналогіі, у мяне ў галаве «пстрыкнула». Я ўбачыла, якія там цяжкія (у прамым сэнсе) пацыенты, і гэта прымусіла вельмі сур'ёзна задумацца. Неяк не хочацца памерці ад наступстваў. Прыйшлося перабудоўваць усё сваё харчаванне, лічыць каларыйнасць. Я зразумела, што ў адной бляшанцы энергетыка 250 кілакалорый, якія толкам нават не насычаюць! Ды і фінансавае пытанне паўстала востра (на энергетыкі стабільна ішло каля 150 рублёў), таму вырашыла кідаць».

Карына запэўнівае, што пасля адмены энергетыкаў аналізы хутка прыйшлі ў норму і нават сышла лішняя вага. Адмовіцца было на здзіўленне лёгка, калі наступствы для здароўя сталі відавочнымі.

Лекарка-эндакрынолаг: «У бляшанцы энергетыка палова сутачнай нормы кафеіну»

Ці так на самай справе шкодныя энергетыкі, ці здольныя яны выклікаць залежнасць і ці ёсць «бяспечная доза»? Пра гэта спыталіся лекарку-эндакрынолага, дыетолага Таццяну Мусік.

«За бадзёрасць у энергетыках адказваюць таўрын і кафеін, — дапамагае разабрацца ў складзе медык. — Таўрын — гэта кіслата, якая натуральным чынам выпрацоўваецца і ў нашым арганізме. Яна рэгулюе метабалічныя працэсы і актывізуе мазгавую працу. Кафеін таксама дае актыўнасць — мазгавую і фізічную, і менавіта гэты эфект падабаецца людзям».

Таццяна Мусік

Па словах медыка, таўрын ніякай небяспекі ў сабе не нясе, а вось на кафеіне спынімся падрабязней. Для здаровага чалавека рэкамендуецца не перавышаць дозу ў 400 мг кафеіну (ці два кубкі кавы) у суткі. У 100 мл энергетыка звычайна змяшчаецца 30-50 мг кафеіну, гэта значыць у адной 250-мілілітровай бляшанцы каля паловы сутачнай нормы. Калі дадаем зверху кавы і гарбату, то кафеіну атрымаецца занадта шмат, папярэджвае медык.

— Таксама ў складзе мяне бянтэжыць колькасць дабавак (тыпу бензаату натрыю), фарбавальнікаў і вельмі вялікае ўтрыманне цукру, прычым цукар бывае ў некалькіх формах — атрымліваецца такое «падвойнае ўзмацненне». Ёсць энергетыкі без цукру — напрыклад, на цукразамяняльніку сукралозе. Тады гэта нядрэнны варыянт.

— У складзе таксама ёсць вітаміны — яны там навошта?

— Вітаміны дадаюць, бо яны таксама аказваюць уздзеянне на нервовую сістэму і даюць энергію. Але яны там у настолькі маленькіх дозах, што наўрад ці варта піць энергетыкі дзеля вітамінаў. Лепш узяць іх са звычайнай ежы.

Што тычыцца каларыйнасці, то яна такая ж, як у любой іншай газіроўкі ці соку, адзначае медык. Тым, хто худзее, вядома, такія напоі варта выключаць. Але ў цэлым, калі не перабіраць і ўпісваць энергетык у сутачны калараж, набору вагі ад яго не будзе.

— З непрыемных наступстваў — развіццё залежнасці, перш за ўсё псіхалагічнай. Чалавек адчувае ўздым энергіі і настроі, калі літаральна гатовы звярнуць горы, і падсаджваецца на гэты стан. Але ён падступны тым, што пасля таго, як стымуляцыя кафеінам праходзіць, мы трапляем у «энергетычную яму» — і зноў знаходзімся ў пошуку гэтай крыніцы энергіі.

Калі па звычцы піць энергетыкі кожны дзень, вядома, наступствы для здароўя могуць быць сур'ёзнымі. Да мяне звяртаўся па дапамогу малады хлопец, які працаваў дальнабойнікам. Ён піў па чатыры-пяць бляшанак энергетыкаў у дзень. На фоне рэгулярнага ўжывання вялікай колькасці простых вугляводаў у мужчыны развіўся цукровы дыябет 2-га тыпу.

Таксама штодзённая звычка піць энергетыкі можа прывесці да таго, што чалавек перастане адчуваць дзеянне кафеіну і замест энергіі будзе адчуваць пастаянную слабасць, лічыць Таццяна Мусік.

— А ці ёсць бяспечная доза — колькі бляшанак не нашкодзіць?

— Не больш за адну ў дзень, і лепш у першай палове дня. Калі ўзнікае патрэба выпіць нешта, што падбадзёрвае, пажадана выбіраць нешта адно: кава/чай ці энергетык. Асабліва асцярожнымі трэба быць людзям з гіпертаніяй: пасля энергетыкаў можа павышацца ціск, пачашчацца пульс, могуць узнікаць галаўныя болі.

Каментары7

  • Арт
    20.05.2024
    Залежныя людзі
  • дочка Максима Дизайнера
    20.05.2024
    сахар вообще-то не очень полезно. для зубов. да и лимон тоже. да и денег это все стоит
  • ЯНКА
    21.05.2024
    🥫 Нават не ўяўляю ўжо сябе без энэргетыкаў. Гэныя напоі сапраўды даюць неверагодную бадзёрасьць, цягавітасьць і, акрамя таго, найцудоўнейшы настрой!

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнтаў, якія вяртаюцца на канікулы з-за мяжы, апытваюць на граніцы сілавікі3

Падборка калядных дэсертаў: цытрусы ў шакаладзе, «снежныя» капкейкі і мандарынавая пана-кота4

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →