Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні
У Берліне на стадыёне «Ля старога лясніцтва» ў 22 раз сабраліся заўзятары футбольнага клуба «Уніён», каб праспяваць калядныя песні.
Гэта цяпер «Уніён» грае ў найвышэйшай нямецкай лізе і з'яўляецца самым моцным клубам у Берліне. А ў канцы 2003 года каманда ляснулася на дно другой Бундэслігі. Перспектывы выглядалі цьмянымі, але фанатам, якія неаднаразова ратавалі клуб у складаныя часы, не хацелася губляць надзею.
Так, на інтэрнэт-форуме «жалезных» (ням. Eisern — так яшчэ называюць каманду) з'явілася прапанова сабрацца разам і адсвяткаваць Каляды. І 23 снежня 2003 года 89 фанатаў пералезлі цераз агароджу стадыёна і заспявалі на трыбунах калядныя песні.
Цяпер Weihnachtssingen (Калядныя спевы) — адна з галоўных падзей у жыцці «Уніёна». У некаторы момант колькасць ахвотных паўдзельнічаць у цырымоніі стала большай за колькасць месцаў на стадыёне, таму клуб пачаў прадаваць на яе квіткі.
Усе 28 500 білетаў распрадаюцца за лічаныя гадзіны. Тым, каму не пашанцавала, могуць глядзець і спяваць анлайн.
Хаця ў клуба цяпер усё нашмат лепш, чым 20 гадоў таму, але традыцыя працягваецца, каб нагадаць пра важнасць падтрымкі і яднання як у кепскія часы, так і ў добрыя.
Каментары