Крысціна Ціманоўская паведамляе, што сёння ў яе бацькоў Следчы камітэт праводзіць ператрус. Заяву Крысціны распаўсюдзіў Байпол.
«Пакуль я лячу на спаборніцтвы і ў мяне трасуцца рукі ад гэтай інфармацыі, а ўсё таму што я хачу свабоды для сваёй краіны. Хачу прыязджаць туды на выходных, каб наведваць бацькоў, хачу раз у год прыязджаць у Беларусь дзеля яе цудоўнай прыроды, хачу сустрэцца з сябрамі, хачу пабываць там дзе я нарадзілася і вырасла, хачу прайсціся па Мінску, па сваіх любімых вуліцах, зайсці ў любімае кафэ і выпіць кавы з круасанам.
За гэта мая плата — крымінальныя справы, запалохванні і ператрусы. У мяне забралі дом, а цяпер дабраліся да маёй сямʼі, звычайнай правінцыйнай сямʼі, дзе тата ўсё жыццё працаваў пажарным, а мама супрацоўнікам банка», — паведамляе Ціманоўская.
Яна кажа, што апошнія гады для яе сямʼі і так былі вельмі цяжкія — рак у мамы, інсульт у бацькі (цяпер ён інвалід).
«Ніхто не нясе адказнасць за мяне, акрамя мяне самой, і калі ў Следчага камітэта ёсць пытанні да мяне, то я запрашаю іх у свой новы дом на ператрусы і размовы», — дадае Ціманоўская.
Бягуха Крысціна Ціманоўская падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа ў 2021 годзе раскрытыкавала кіраўніцтва беларускай каманды за тое, што яе разам з іншымі спартоўкамі хацелі паставіць бегчы эстафету на той дыстанцыі, якую яна ніколі не бегала. Пасля таго яе адхілілі ад спаборніцтваў і спрабавалі вывезці ў Беларусь, але яна адмовілася пакінуць Японію і папрасіла міжнароднай абароны. Яна пераехала ў Польшчу, атрымала грамадзянства гэтай краіны і цяпер прадстаўляе яе на міжнародных спаборніцтвах.
Цяпер Ціманоўская балатуецца ў Каардынацыйную раду ад спіса Аляксандра Азарава «Закон і правапарадак». Улады Беларусі распачалі крымінальныя справы супраць усіх кандыдатаў у КР.
Каментары