Лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую збіраліся выслаць з Токіа ў Беларусь. Яна будзе прасіць прытулак у Еўропе
У нядзелю здарыўся інцыдэнт з беларускай лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай. Яна заявіла, што яе адпраўляюць з Алімпіяды ў Токіа дахаты. Ціманоўская збіраецца прасіць прытулак у Еўропе.
У пятніцу Крысціна ў сваім інстаграме раскрытыкавала кіраўніцтва зборнай за рашэнне раптоўна паставіць яе на эстафету 4 па 400 метраў, у якой яна не планавала ўдзельнічаць. Спартоўка рыхтавалася бегчы спрынтарскую дыстанцыю ў 100 і 200 метраў.
За публічнае абурэнне Крысціну раскрытыкавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
У нядзелю 1 жніўня Крысціна паведаміла, што яе прывезлі ў аэрапорт і збіраюцца адправіць у Беларусь рэйсам праз Стамбул.
Дзяўчына расказала пра акалічнасці яе вывазу з алімпійскай вёскі. Ніякіх прэтэнзій ёй не выказвалі, проста сказалі збіраць рэчы. У аэрапорт яе суправаджаў псіхолаг зборнай і яшчэ адзін прадстаўнік дэлегацыі.
Зборная Беларусі пракаментавала акалічнасці сітуацыі з Крысцінай:
«Паводле заключэння дактароў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, трэнерскім штабам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы прынята рашэнне аб спыненні выступу спартсменкі на Гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартсменкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафеце 4х400 м».
Ціманоўская рашуча абвергла афіцыйную прычыну, названую зборнай Беларусі. Яна заявіла, што ніякія дактары яе не аглядалі.
Крысціна звярнулася з просьбай аб дапамозе ў Міжнародны алімпійскі камітэт: «Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе. На мяне быў аказаны ціск, мяне спрабуюць вывезці з краіны без маёй згоды. Таму я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца ў гэта», — сказала Крысціна ў відэазвароце.
МАК заявіў, што вывучыць яе просьбу, а да дзяўчыны выехалі прадстаўнікі МЗС Японіі.
Крысціна таксама сказала журналістам, што баіцца вяртацца ў Беларусь: «У Беларусі мяне, магчыма, могуць пасадзіць у турму. Я не баюся таго, што мяне звольняць або выганяць з нацыянальнай каманды. Я турбуюся пра сваю бяспеку. І думаю, што на цяперашні момант у Беларусі для мяне небяспечна», — сказала яна.
«Зараз я ў паліцыі, а далей буду прасіць прытулак. Крок за крокам будзем дзейнічаць. Я планую пакінуць Токіа, але не тым рэйсам, якім мяне хацелі адправіць. Цяпер я пад абаронай паліцыі», — сказала Крысціна.
Каментары