Птушкі і дзікія малпы ў горадзе губляюць прытомнасць ад спёкі.
Індыя перажывае жудасную спёку: тэмпература ў некалькіх гарадах перавышае 45 градусаў па Цэльсіі, дзясяткі людзей памерлі ад цеплавога ўдару. Паралельна ў краіне паўтара месяца праходзяць усенародныя выбары, піша Бі-бі-сі.
29 траўня ў Дэлі зарэгістравалі рэкордную тэмпературу ў 52,9 градуса Цэльсія. Птушкі і дзікія малпы ў горадзе трацяць прытомнасць ад спёкі.
Моцная спёка прывяла яшчэ і да воднага крызісу: вады спажываецца ўсё больш, а з перасохлых рэк яе паступае ўсё менш. У некаторых раёнах Індыі сталіцы вадаправод не спраўляецца, краны перасохлі, і ўлады былі вымушаныя прыгнаць аўтацыстэрны, каб арганізаваць грамадскія пункты раздачы вады.
У некаторых рэгіёнах Індыі часова спынілі заняткі ў школах. Вуліцы апусцелі, шматлікія крамы зачыніліся: людзі імкнуцца радзей выходзіць на вуліцу.
Экстрэмальнае надвор'е забрала жыцці ўжо як мінімум 50 чалавек па ўсёй краіне. Дакладней сказаць складана: агульных лічбаў смерцяў ад спёкі па ўсёй краіне Індыя не публікуе.
Высокі суд заходняга штата Раджастхан, дзе на гэтым тыдні ўсталявалася самае гарачае надвор'е, заявіў, што ўлады не прынялі належных мер для абароны насельніцтва.
«Праз экстрэмальныя ўмовы надвор'я ў выглядзе спёкі ў гэтым месяцы загінулі сотні людзей», — заявіў суд у чацвер.
Ад спёкі гінуць у тым ліку тыя, хто задзейнічаны ў арганізацыі выбараў у парламент, якія падыходзяць да канца ў Індыі.
Выбары цягнуцца шэсць тыдняў, праходзяць у сем этапаў, многія супрацоўнікі выбарчых камісій абавязаны стаяць на пасту ўвесь дзень, часта — пад адкрытым небам.
У чацвер у штаце Біхар ад спёкі памерлі 14 чалавек, паведамілі афіцыйныя крыніцы, з іх 10 удзельнічалі ў арганізацыі выбараў.
У самым густанаселеным штаце Індыі — Утар-Прадэш — у пятніцу памерлі прынамсі дзевяць супрацоўнікаў выбарчых камісій, уключаючы ахоўнікаў, паведамляе агенцтва Reuters.
«У іх была высокая тэмпература, калі іх прывезлі. Магчыма, гэта таксама выклікана цеплавым ударам. У цяперашні час мы лечым прынамсі 23 чалавекі, дастаўленых з выбараў», — сказаў журналістам дырэктар медыцынскай установы, куды прывезлі пацярпелых.
Выбаршчыкам таксама даводзіцца цяжка: на ўчастках утвараюцца чэргі, стаяць прыходзіцца на пекле. Выбарчыя камісіі прапануюць ваду тым, хто прыйшоў прагаласаваць, і даюць вентылятары для тых, хто чакае ў чэргах.
Сваякі пацярпелых ад цеплавога ўдару распавялі AFP, што струхлелыя дзяржаўныя бальніцы з цяжкасцю спраўляюцца з наплывам пацыентаў.
У красавіку, траўні і чэрвені ў большасці раёнаў Індыі заўсёды горача, пакуль сезон мусонных дажджоў не прыносіць прахалоду.
Але ў апошнія гады спёка стала экстрэмальнай.
У мінулым годзе толькі ў красавіку і траўні моцная спякота забрала жыцці больш за 100 чалавек у Індыі і суседнім Пакістане. Высокія тэмпературы таксама знішчылі сотні тысяч акраў пасеваў, ад чаго пацярпелі мільёны людзей у шырокім сельскагаспадарчым сектары Індыі.
Але цяперашняя спёка б'е папярэднія рэкорды.
Навукоўцы звязваюць экстрэмальную спякоту ў Азіі са змяненнем клімату. Індыя — самая густанаселеная краіна ў свеце — займае трэцяе месца па выкідах парніковых газаў.
Каментары
А людзі загінулі не праз ўласьцівую Індыям спеку, а праз выкананьне рэлігійнага дэмакратычнага рытуалу