Signal i Proton змаглі дабіцца, каб новыя правілы шыфравання паведамленняў не ўводзіліся
Гарачая спрэчка разгарнулася вакол метаду аналізу прыватных паведамленняў. Яго прапаноўваў ЕС, але маглі б выкарыстаць таталітарныя рэжымы.
Як паведамляе Le Monde, прапанаваныя правілы шыфравання паведамленняў былі накіраваныя перадусім на перадухіленне распаўсюду дзіцячага порна, але маглі прывесці да большага сачэння за карыстальнікамі ў цэлым.
Планавалася, што праект правіл будзе прыняты 20 чэрвеня камітэтам пастаянных прадстаўнікоў урадаў краін-членаў ЕС, што дасць дарогу пачатку перамоў па яго прыняцці паміж Еўрапейскім парламентам, Еўракамісіяй і Радай ЕС.
Адзначаецца, што праект, які быў прадстаўлены на галасаванне, значна адрозніваецца ад першапачатковага, які быў прадстаўлены ў канцы 2023 года. Ён прапаноўваў абавязаць распрацоўшчыкаў аналізаваць змест паведамленняў, якія праходзяць праз іх платформы, на прадмет наяўнасці дзіцячай парнаграфіі.
Гэтая ідэя выклікала рэзкую крытыку як кампаній, так і еўрачыноўнікаў (асабліва левых). Спецыялісты па шыфраванні сцвярджалі, што выстаўленае патрабаванне немагчыма выканаць не «зламаўшы» механізмы, неабходныя для абароны асабістых даных.
Новая версія правіл, распрацаваная пры старшынстве ў ЕС Бельгіі, атрымала назву «кампраміс». Яна захавала ідэю «кантролю чата» — аўтаматызаванага і абагуленага аналізу фота, відэа і спасылак, якімі абменьваюцца праз свае смартфоны карыстальнікі.
Асноўным адрозненнем стала прапанова аналізу медыяфайлаў пры загрузцы ў месенджар, калі яны яшчэ не зашыфраваныя («маніторынг загрузак») а не падчас адпраўкі. Такім чынам, само паведамленне застанецца зашыфраваным.
Праект прадугледжвае рэалізацыю тэхналогіі ўсплываючага акна з прапановай карыстальніку даць згоду на сканаванне кантэнту, што ён збіраецца адаслаць. У выпадку адмовы рэалізацыя паслугі была б абмежаванай: адправіць можна было б толькі тэкст без медыяфайлаў ці URL.
Але гэтыя змены прадстаўнікі кампаній Proton (прапаноўвае паслугі зашыфраванай электроннай пошты) і Signal (абароненага месенджера) назвалі «гульнёй у рыторыку», заявіўшы, што сутнасць не змянілася.
«Мы павінны дакладна заявіць: навязванне масавага аналізу прыватных паведамленняў аслабляе шыфраванне (…) і стварае ўразлівасць, якой могуць скарыстацца хакеры і варожыя дзяржавы», — цытуе выданне словы дырэктара Signal Мерэдыт Уітакер (Meredith Whittaker). Уітакер прыгразіла спыніць дзейнасць Signal у ЕС, калі правілы будуць уведзеныя ў дзеянне.
Дэпутат Еўрапарламента ад Пірацкай партыі Германіі Патрык Брэйер (Patrick Breyer) выступіў з адкрытым лістом у Раду ЕС, які падпісалі 48 еўрадэпутатаў. У ім ён назваў прапанаваны тэкст «праектам масавага сачэння», які стане «мадэллю для аўтарытарных дзяржаў». Па яго словах, «нават Расіі і Кітаю не атрымалася ўстанавіць «жучкі» ў нашай кішэні ў такім маштабе, як гэта збіраецца зрабіць ЕС».
У выніку 20 чэрвеня галасавання па праекту не адбылося. Чакаецца, што новая спроба адбудзецца ў другой палове гэтага года, калі старшынстваваць у ЕС будзе Венгрыя, якая заявіла, што паставіць пытанні сям'і ў цэнтр свайго мандату і перазапусціць праект «кантролю чата». У гэтым яе падтрымлівае Іспанія. А вось Германія і Аўстрыя выступаюць супраць.
У гэтым вострадыскусійным пытанні краіны ЕС і Еўрапарламент павінны дайсці да згоды да красавіка 2026 года, калі скончыцца тэрмін дзеяння выключэння, якое дазваляе сацыяльным сеткам самастойна мадэраваць кантэнт. Калі ж гэтага не адбудзецца, то для абмену канфідэнцыйнымі медыя-файламі не застанецца ніякіх перашкод.
Каментары
АБСАЛЮТНА Ж ІНШАЯ СПРАВА