У новым выпуску ТОКу экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч расказаў, якую памылку Віктара Бабарыкі ён лічыць галоўнай і ці галасаваў бы за яго.
Па словах Аляксандра Мілінкевіча, Віктар Бабарыка як палітык «выглядае шчырым, наіўным».
«Я думаю, што ён сапраўды лічыў, што калі сумленна паступаць на выбарах і праводзіць кампанію, то не будзе рэпрэсій. (…) Хіба ён не ведаў, як рэпрэсавалі людзей, якія ўдзельнічалі ў выбарах, мірна ўсё рабілі. Ім перашкаджалі намертва».
Мілінкевіч дапускае, што ў Бабарыкі маглі быць сустрэчы ў Маскве, бо «ён сыходзіў з вельмі высокай наменклатурнай пасады. Так проста людзям не дазваляюць пайсці палітыку ў чужой дзяржаве. А ён быў у Газпрамбанку».
Пры гэтым палітык падкрэслівае, што ніколі не лічыў Бабарыку агентам ці здраднікам і збіраўся за яго галасаваць.
«Ён прафесіянал, фінансіст, эканаміст. Бабарыка дакладна б зрабіў рэформы. Ён, напэўна, не здаў бы незалежнасці Беларусі. Не ведаю, ці рабіў бы ён мяккую беларусізацыю, якая так важная для ідэнтычнасці і самасвядомасці. Ён не казаў, што выступае за еўраінтэграцыю. Але бывае, што такія людзі ў пераходны час ад дыктатуры да дэмакратыі могуць быць карыснымі».
У якасці прыкладу Мілінкевіч згадаў першага сакратара ЦК кампартыі Літвы Альгірдаса Бразаўскаса, які стаў першым прэзідэнтам Літвы.
Глядзіце цалкам:
Каментары