Пры ўездзе ў Беларусь смартфоны людзей падносяць да дзіўнай прылады. Што гэта?
Расказваем, як гэта можа працаваць і якія тут магчымасці ў сілавікоў.
Што адбылося?
Чытач «Нашай Нівы» расказаў нам, што пры вяртанні яго сяброўкі ў Беларусь на мяжы, акрамя стандартнага апытання, адбылася дзіўная рэч. Сілавікі папрасілі яе разблакаваць тэлефон і падносілі той «да нейкай прылады, падобнай да планшэта». Яго там трымалі нейкі час. Прылада выдавала нейкія гукі. Пасля чалавека адпусцілі без пытанняў.
Сяброўка, прычым, у 2020-м нідзе не ўдзельнічала. Таму была вельмі здзіўленая тым, што адбылося.
Што гэта можа быць за прылада?
«Кіберпартызаны» ды ініцыятыва Cyberbeaver сказалі «Нашай Ніве», што не ведаюць, якая гэта можа быць прылада.
Яны раяць пасля такога надгляду праверыць адкрытыя сесіі, памяняць паролі, скінуць смартфон да заводскіх наладаў.
Мы самі ў «Нашай Ніве» пасля кансультацый з экспертамі схіліліся да такога тлумачэння. Прылады, якія счытваюць звесткі са смартфонаў бескантактна (праз Bluetooth) і выглядаюць як планшэты, існуюць даўно. Напрыклад, Logiccube F-Callxtract або Cellebrite UFED. Гэта вядомыя прылады ад вялікіх заходніх кампаніяў, якімі беларускія спецслужбы маглі валодаць даўно, або нейкія іх аналагі, напрыклад, з Кітая.
Нам цяжка меркаваць, пра якую мадэль і марку прылады можа ісці гаворка, але разблакаваны тэлефон, да якога не падключаюць кабеля, гэткі ж уразлівы, як калі да яго нешта падключаюць — у сучасным свеце існуе шмат бесправадных інтэрфейсаў, якія даюць вялікія магчымасці. Самыя папулярныя з іх — Bluetooth і WiFi.
Такім чынам сілавікі могуць спрашчаць сабе працу — трэба мець толькі прыладу-планшэт без дадатковых кабеляў і дзесяць хвілінаў часу, каб паглядзець тое, што іх цікавіць.
Напрыклад, спампаваць кантактную кнігу, перапісаць IMEI, IMSI (ідэнтыфікатар абанента, запісаны на сім-карту) і ICCID (унікальны нумар сім-карты), усе чэкі банкаўскай праграмы, мэйлы або паведамленні ў мэсэнджарах у тэкставым выглядзе.
Cellbrite таксама заяўляе, што яго прылада можа скапіяваць сім-карту, якая стаіць у смартфоне, нават без пін-кода, але мы не можам гэта праверыць. У афіцыйным дапаможніку няма адказу.
Тэарэтычна гэтак жа можна і ўсталяваць нешта ў смартфон, але такіх прыкладаў на рынку мы не адшукалі.
Любая інфармацыя на гэтую тэму важная для бяспекі беларусаў. Таму, калі вы нешта ведаеце больш, калі сутыкаліся з такім ці наступствамі гэтага, пішыце рэдактару ў @nn_editor або на пошту [email protected]. Ці ў прыват тым рэдактарам і журналістам «НН», якіх ведаеце асабіста.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Гэта было дзве гадзіны, «да трусоў», з панятымі». Як праходзяць надгляды і праверкі на мяжы Беларусі
Брэсцкая айцішніца вярталася з Польшчы з даведкай ад КДБ аб сплаце кампенсацыі за данаты. Шэсць гадоў калоніі
«Суразмоўцы спрабуюць стварыць ілюзію, што яны на маім баку». Беларусы расказалі, як праходзілі допыты на мяжы
Каментары
"мы не ведаем што гэта, калі б ведалі"...
Божачкі. Ды гэта ўсё што заўгодна. Калі вы разблакуеце смартфон - вы даеце ПОЎНЫ доступ да ўсяго што на ім ёсьць. І там ужо няма розьніцы "што гэта". Больш таго - ніхто не гарантуе што калі не разблакаваць смартфон - фсб/кгб не зможа адтуль нічога вычытаць (праз уразьлівасьці напрыклад, можна пачакаць 2 гады і ваш бяспечны смартфон стане ... адкрытым для каго заўгодна). Увогуле смартфоны гэта адна з самых небяспечных рэчаў. Толькі да беларусаў вельмі-вельмі павольна даходзіць... праз сьмерці і пасадкі. Напэўна яшчэ 30 год трэба будзе каб уцямілі што не трэба сядзець у ФСБшным тэлеграме... Не трэба сядзець у ВК/АК і што не купіш у БССР прыладу якая бяспечная. І не прывязеш.