Грамадства1818

«Калі трапіў за краты, сябры проста зніклі». Споведзь берасцейца, які заступіўся за дзяўчыну перад сілавікамі і атрымаў 4 гады

«Аднойчы вязні адмовіліся засцілаць ложак, як загадана, і іх проста без разбору пакалацілі». Берасцеец Віктар Панцялееў уступіўся за дзяўчыну перад сілавікамі, за што атрымаў кулі ў нагу і плячо, а потым і 4 гады зняволення. Для «Нашай Нівы» ён расказаў пра свой шлях і тое, як на гэтым шляху яму дапамагала каханне.

Фота: архіў суразмоўцы

Віктара Панцялеева асудзілі па ч. 2 артыкула 293 — «Масавыя беспарадкі». Мужчына атрымаў чатыры гады зняволення, адбываў пакаранне ў калоніі №15 у Магілёве.

«Байсол» адкрыў збор у дапамогу Віктару — паўдзельнічаць можна тут. Калі вы можаце прапанаваць былому палітвязню працу ці гатовыя дапамагчы любым іншым чынам, пішыце Віктару сюды.

«Атрымаў раненні ў нагу і плячо, засталіся рубцы»

Увечары 9 жніўня 2020-га мы з сябрам рушылі ў цэнтр Брэста, дзе чакалі вынікаў выбараў. Потым сабраліся ў калоны з іншымі людзьмі, якія таксама не пагадзіліся з абвешчанымі вынікамі, і пайшлі маршам па Маскоўскай вуліцы, перайшлі на Савецкую вуліцу і там трохі паўдзельнічалі ў маршы.

Назаўтра ўжо было спякотна. Мы з сябрам прыехалі на скрыжаванне бульвара Касманаўтаў і вуліцы Шаўчэнкі, далучыліся да калоны, якая ішла з боку бульвара. Павярнулі за скрыжаванне і пабачылі, што ў наш бок едуць машыны з мігалкамі, бягуць людзі са шчытамі і дручкамі. Калона спынілася — людзі разумелі, што, напэўна, нешта будзе.

З нашага боку выйшла дзяўчына і пайшла па дарозе ў бок міліцыі, падняла рукі і нешта ім крычала. Некалькі супрацоўнікаў выбеглі ў яе бок, дзяўчыну вельмі жорстка затрымалі. Мы пабеглі туды, каб ёй дапамагчы, і тут міліцыя пачала закрываць дарогу, у нас адбылася сутычка з імі — спрабавалі прарвацца да дзяўчыны, але не атрымалася.

Мы стаялі насупраць іх, у іх бок выйшаў чалавек і ледзь не ўпаў на калені — прасіў, каб яны не прымянялі фізічны гвалт. Яны рассунулі шчыты і спрабавалі яго затрымаць, мы перацягвалі яго назад і неяк выцягнулі. Потым падбеглі іншыя і пачалі нас закідваць гранатамі, дымавымі шашкамі, страляць з помпавага ружжа гумавымі кулямі. Я атрымаў раненні ў нагу і плячо, засталіся рубцы.

Пратэсты ў Брэсце 10 жніўня 2020-га. Фота: binkl.by

У наступныя дні пачаліся ланцугі салідарнасці, жанчыны выходзілі з кветкамі. Мы прыносілі ім ваду, марожанае, маглі пастаяць каля іх, каб не было ніякіх правакацый.

Я тады меў маленькі бізнэс — дзве машыны таксі, яшчэ падпрацоўваў кіроўцам грузавой машыны. Мяне затрымалі якраз на працы. Перакрылі дарогу маёй службовай машыне, на якой я развозіў малако па крамах, выйшлі чатыры супрацоўнікі ў медычных масках. Пачалі крычаць і пагражаць, ніякіх пасведчанняў не паказалі. Рэагаваў на гэта агрэсіўна, бо не разумеў, што гэта за людзі. 

Мяне адвезлі ў Следчы камітэт, спрабавалі ўзяць паказанні, я не даваў. Тады мяне закрылі на трое сутак у ІЧУ, да мяне прыходзіў нейкі кіраўнік з ГУБАЗіКа — пагражаў і казаў, што мая мама будзе плакаць і мне на зоне не паздаровіцца, хаця я яшчэ не быў асуджаны. На наступны дзень прыйшоў следчы і сказаў, што мяне быццам адпусцяць, папрасіў кантакт мамы. Калі яна прыехала, сказалі, што планы памяняліся.

«Нас вадзілі як тэрарыстаў — у позе ластаўкі, з рукамі за спінай у кайданках, з апушчанай галавой і вачамі ў зямлю»

Калі я трапіў за краты, мае тагачасныя сябры проста зніклі, хаця тады яшчэ можна было пісаць лісты. Атрымліваў па 20-30 лістоў штодзень ад людзей, якіх ніколі не бачыў, і нават калі там тры словы падтрымкі, гэта было вельмі важна — хачу ім усім падзякаваць, і за грашовую падтрымку таксама.

Калі быў у СІЗА, у мяне заўжды былі грошы на рахунку. Не важна, хто колькі дасылаў мне, пяць ці сто рублёў, людзі гэта адрывалі ад сябе. Чалавечая падтрымка ў мяне была на ўзроўні, а шмат хто з маіх сяброў нават лісты мне не пісаў. Я не стаў высвятляць чаму, проста зразумеў, што гэта за людзі.

На судзе быў цырк, ніхто не ўлічваў тое, што казалі мы і нашы адвакаты. Улічвалі толькі мянтоўскія паказанні і тлумачылі гэта тым, што міліцыя нібыта не можа хлусіць, хаця насамрэч яны казалі шмат няпраўды. 

Я правёў у СІЗА недзе 11 месяцаў і ўжо нічога не чакаў, ведаў, што з суда зробяць нейкую імпрэзу. Мяне судзілі ў другой групе пратэстоўцаў з Брэста, і мы толькі прыкідвалі, дадуць чатыры ці чатыры з паловай гады. Мы ўсе былі гатовыя, не баяліся, мы і перад канвоем правы адстойвалі. А яны нас вадзілі як тэрарыстаў — у позе ластаўкі, з рукамі за спінай у кайданках, з апушчанай галавой і вачамі ў зямлю. 

Мы смяяліся, не звярталі ўвагі на тое, што адбывалася ў судзе. Карміць нас мусілі ў СІЗА, але нас заводзілі ў камеры-стаканы, дзе была толькі лаўка, і давалі ежу. Мы адмаўляліся есці, бо гэта як кармёжка жывёлы — няма стала і рукі няма дзе памыць. Тады яны перасталі здымаць з нас кайданкі, рабілі гэта толькі ў залі суда.

У СІЗА я пабраўся шлюбам з маёй каханай жонкай, якая падтрымлівала мяне ўвесь гэты час. Я за гэта ёй вельмі ўдзячны, кахаю і не ведаю, што б рабіў без яе, гэтыя эмоцыі так проста не выкажаш.

Яўгенія, жонка Віктара, у дзень роспісу. Фота: «Брэсцкая газета»

Мы з ёй даўно пазнаёміліся, проста ў 2020-м у нас былі нязгоды, і мы праз гэта трошкі разышліся. Калі яна даведалася, што мяне пасадзілі, напісала мне ліст у СІЗА, у нас распачалася перапіска, і выбухнулі нейкія пачуцці. Практычна ўсе сябры ад мяне адвярнуліся, засталася яна, і яна прайшла гэты шлях са мной да канца.

Пасля суда былі СІЗА ў Баранавічах, Гродне і Магілёве. Баранавіцкае УДВП прыдумала для вязняў дурацкую схему засцілання пасцелі — напэўна, каб людзі лепш падпарадкоўваліся.

Бярэш коўдру, скідваеш у даўжыню да падлогі, скручваеш у чатыры разы, атрымліваецца доўгі прамавугольнік. Кладзеш яго па цэнтры пасцелі. Тое ж самае робіш з прасцінай і кладзеш яе крыж-накрыж, толькі ў іншы кут, напрыклад, у левы. І потым трэба памераць кутамі падушкі, каб кожны кут супадаў з коўдрай. Калі кут не супадае, пішуць рапарт за няправільнае засціланне пасцелі — і за такое ўсе палітычныя звычайна ідуць у карцар.

Аднойчы вязні адмовіліся так засцілаць ложак, і да іх прыбегла група хуткага рэагавання са шчытамі і дручкамі. Іх проста без разбору пакалацілі, але гэта наступства парушэння, а не само пакаранне. Пакаранне — гэта карцар: халодны, цёмны, маленькі пакойчык, у якім нічога няма, акрамя зубной пасты, шчоткі, мыла і ручніка.

Яшчэ калі выходзіў там на шпацыр, трэба было прысесці на кукішкі. Упаў — пачынаецца маральны ціск: крычаць, зневажаюць. А ёсць жа старыя людзі, якім цяжка прысесці, пакуль уся камера выходзіць, тым больш што яны выходзяць па адным.

Раскажу пра этап: вязня перавозяць у аўтазаку і потым перасаджваюць у сталыпінскі вагон. Там ёсць купэ, якія зачыняюцца на краты, там ты і знаходзішся. Людзі па розных артыкулах, забойцы і гвалтаўнікі, ехалі свабодна, а палітычныя ўвесь шлях праводзяць у кайданках, і табе іх ніхто не здымае. Мы ехалі з Гродна да Магілёва, гэта больш за суткі ў кайданках.

«0,00033 грама наркотыка, а чалавек атрымаў за гэта 10 гадоў калоніі»

Калі мы прыехалі ў калонію [№15], нас выгрузілі з аўтазака. Выйшаў аператыўнік, пачаў крычаць, лаяцца і зневажаць нас. Прывялі ў пакой, дзе ўсе пераапранаюцца ў зонаўскую робу. Напэўна, я адразу не спадабаўся аператыўніку, які праводзіў гутаркі, бо мяне павялі ў ШІЗА на дзесяць сутак. 

Часам людзей, якія туды заязджаюць, збіваюць у першыя дні, але гэта збольшага тыя, у каго артыкул не звязаны з гвалтам. Напрыклад, у мяне быў артыкул «Масавыя беспарадкі», у мяне пацярпелыя — супрацоўнікі міліцыі, я меў сямімесячны канфлікт з супрацоўнікам брэсцкага СІЗА. Такіх людзей, як я, хто мог даць адпор, асабліва не чапалі. І мяне таксама ніхто не біў, калі я заехаў. Іншая справа — астатнія артыкулы або тыя, хто пачынаў з самага пачатку правы качаць. 

Адзін супрацоўнік вельмі любіў здзекавацца з вязняў. Пастаянна зневажаў, ставіў на расцяжкі, мог ударыць нагой ці кулаком у грудзі, казаў прамым тэкстам, што ён нас усіх ненавідзіць і падвёў бы пад расстрэл. Напэўна, такіх супрацоўнікаў было больш за ўсё.

Фота: тэлеграм-канал «Вясны»

Былі вязні, якіх надломвала зняволенне. Тады яны пачыналі супрацоўнічаць з адміністрацыяй і працаваць супраць сваіх жа, каб палепшыць свае ўмовы. Але ў маім атачэнні мы дапамагалі адзін аднаму як маглі, нягледзячы на забарону і пагрозы адміністрацыі.

Вось найлепшы прыклад: аднойчы начальнік калоніі сказаў, што мы мусім хадзіць у краму пасля [вязняў] нізкага статусу, і па ўсёй зоне палітычныя адмовіліся туды хадзіць. Але ў выніку амаль усіх зламалі, і толькі брэсцкія хлопцы не пабаяліся ніякіх рэпрэсій з іх боку. Ганаруся, што мае хлопцы такія моцныя.

Спачатку я ў калоніі шыў рукавіцы для вязняў, якія чысцілі дрот. Потым у мяне адбыўся канфлікт з брыгадзірам — ён раўнаваў, што мы з маімі хлопцамі хутчэй рабілі працу, чым іншыя, і наскардзіўся, быццам я хацеў яго пабіць. Тады мяне трохі збіў начальнік калоніі: спрабаваў за вушы дзёргаць, нагой біць, пасадзіў мяне ў ШІЗА. Яму вельмі падабалася караць палітычных, так кайфаваў, што ажно рукі трэсліся, страшны лукашыст.

Потым мяне перавялі ў грузчыкі, насіў драты з алюмінію, медзі. Уявіце: 150 чалавек працуюць з дратамі, кожны мусіць здаць па дзевяць кілаграм металу. І мы, шэсць грузчыкаў, мусім загрузіць па дзевяць кілаграм металу на кожнага з гэтых людзей. А потым яшчэ я папрацаваў на дрэваапрацоўцы.

Большасць людзей там сядзіць за наркотыкі, даюць велізарныя тэрміны за пыл у кішэні — напрыклад, 0,00033 грама наркотыка, а чалавек атрымаў за гэта 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ведаю, што там сядзяць за наркотыкі хлопцы 2005, 2006 гадоў нараджэння.

Лічу, што гэта ненармальна, калі за наркотыкі чалавек заязджае ў 18 гадоў, а вызваляецца ў 30 гадоў. Яны згубілі маладосць і нічога больш не разумеюць, акрамя жыцця ў зоне. Калі столькі часу правесці ў той дзірцы, можа, ты і не даведаешся пра іншае жыццё. 

«Калі Чудзянцоў прыносіў пра кагосьці інфармацыю, чалавек мінімум на пяць сутак адпраўляўся ў ШІЗА»

Як сядзелася з Уладзімірам Чудзянцовым? Ён працаваў супраць сваіх і чужых. Я стараўся трымаць яго на адлегласці ад сябе і не гутарыць з ім, хаця нашы нары і былі суседнія.

Калі яму нешта не падабаецца, акно адчыненае ці ў праходзе між нар нехта збіраецца, ён два разы нешта кажа, а на трэці раз ідзе скардзіцца. Адміністрацыя яго любіла, гэта першы чалавек з экстрэмісцкім прафулікам, які зняў статус злоснага парушальніка, усё ў яго там файна.

Крычаў, што ён бізнэсмен, зрабіў Nexta, падцягнуў туды Пратасевіча.

Адзін мой знаёмы, калі шыў сабе пальчатку, выпадкова зрабіў яе ў БЧБ-колерах, дык яго адправілі ў ШІЗА і перавялі ў горшы атрад. А калі Чудзянцоў рабіў цэлыя тарты з БЧБ-сцягам, яму за гэта нічога не было, і ўсе гэта бачылі. Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі: калі ён прыносіў пра кагосьці інфармацыю, чалавек мінімум на пяць сутак адпраўляўся ў ШІЗА.

Фота: архіў суразмоўцы

Як мяне падтрымлівалі? Найвялікшы прыклад падтрымкі — лісты і званкі. Гэта самае важнае, што ёсць у вязня на зоне, калі чалавеку пішуць і за яго хвалююцца. Спатканні — гэта таксама афігенна, калі да цябе прыязджаюць і ты столькі часу не дакранаўся да каханага чалавека, а тут ёсць такая магчымасць. Але самае важнае — калі пішуць табе, адказваюць на твае лісты і падымаюць трубку, калі ты тэлефануеш. 

Станоўча ацэньваю свой досвед зняволення. Шмат чаго зразумеў, шмат пра што даведаўся і ад людзей, і ад кніжак. Не страціў, а набыў, сустрэў новых сяброў і пабачыў, што такое падтрымка і салідарнасць.

9 сакавіка 2024 года я вызваліўся, а 10 мая ўжо ехаў у Польшчу. Проста 9 мая мне пазванілі і сказалі, што на мяне заводзяць новую крыміналку. Наступнай раніцай, калі быў на працы, мне гэта пацвердзілі. За чатыры гадзіны я сабраўся — узяў маленькую сумку і 400 даляраў, і паехаў. Дзякуй «Байсолу», што вызвалілі мяне з гэтага палону.

Мала што магу сабе дазволіць, жыву ў хостэлах далёка ад сваёй жонкі, каб мець магчымасць падпрацоўваць. Жонка жыве ва Уроцлаве, і я таксама знаходжуся там шмат часу, але мне ў любы момант могуць пазваніць і прапанаваць падпрацоўку недзе яшчэ. Даводзіцца ездзіць, каб неяк тут існаваць. Раблю падсобную працу, дастаўку, але ўсё гэта нясталы прыбытак.

Пакуль не думаў, чым бы хацелася займацца. Разбіраюся ў аўтамабілях, з хлопцамі ў гаражах спрабавалі аднаўляць старыя машыны. Думаю, можна зноў заняцца бізнэсам, звязаным з таксі, бо ведаю, як гэта працуе.

Сілавікі, суддзі, канваіры і іншыя — усе тыя людзі заслугоўваюць ваяўнічага падыходу, на роўных умовах я б з імі яшчэ раз сутыкнуўся, і было б цікава, што з імі здарылася б. Тады ж усё было няроўна: мы былі без зброі, а яны былі са спецсродкамі і зброяй у руках. 

Разумею, што палітыка новай Беларусі мусіць быць збудаваная на гуманізме і мы не павінны рабіцца такімі ж, як яны. Я і сам лічу, што трэба ўсё рабіць па законе, але маё іншае «я» кажа — не, трэба даць ім зразумець, што яны нарабілі. Калі б мне далі выбар і сказалі, што нічога мне за гэта не будзе, я б, напэўна, паступіў з імі такім жа чынам, як яны паступілі з беларусамі, якія дагэтуль знаходзяцца ў калоніях.

Я б не змог гэта адпусціць. Столькі людзей загінула, і хто за іх адкажа? Як глядзець у вочы людзям, у каго родныя загінулі ці засталіся калекамі? Мы павінны даць тым людзям шанс, але, наколькі ведаю, людзі не змяняюцца. Яны памяняюць погляды толькі тады, калі ў іх запахне смажаным і яны пачнуць прыкідвацца, быццам гэта іх падставілі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары18

  • Для местных это норма
    20.08.2024
    Местные ведь, в основном, срущиеся рабы. Ну и главное. Теперь у Вас есть настоящие друзья. А это было говно. Оно высохло и отпало корками с кедов. Заьудьте и не вспоминайте.
  • Злобный вожык
    20.08.2024
    Все правильно. Сначала с ними по правде, а потом по закону. Второй вариант: ничто не мешает написать закон и по новому закону с ними обойтись. Одним из законом для зверей должна быть публичная порка и бесплатная поездка в один конец из страны.
  • Дзякуй зямляк
    20.08.2024
    ЧАЛАВЕК

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа3

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні пройдзе акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка5

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага7

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа3

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →