Беларуская армія, падобна, атрымала новую партыю самалётаў-знішчальнікаў
На адным з каналаў у тыктоку пра Узброеныя сілы Беларусі засвяцілася відэа з палётам беларускага знішчальніка Су-30CM з бартавым нумарам «06». На хвасце самалёта выразна бачны дзяржаўны сцяг Беларусі, заўважыў тэлеграм-канал «ОтВинта. Авиация Беларуси». З гэтага робіцца выснова, што УС РБ маглі атрымаць ад Расіі новую партыю самалётаў.
Аўтар канала звяртае ўвагу, што першая пастаўленая ў ВПС Беларусі партыя з чатырох Су-30СМ носіць бартавыя нумары з «01» па «04», а ніякіх афіцыйных заяў аб папаўненні парку знішчальнай авіяцыі ў апошні час не было.
Колькі новых самалётаў магла атрымаць апошнім часам Беларусь, пакуль невядома, але бартавы нумар «06» сведчыць, што як мінімум павінен быць і знішчальнік з бартавым «05».
Апошні анонс аб новых пастаўках у Беларусь Су-30СМ быў ад міністра абароны Віктара Хрэніна ў лютым гэтага года. Падобна на тое, што на кадрах якраз адзін з іх, таму ў найбліжэйшы час варта чакаць афіцыйных заяў ад Мінабароны.
Каментары