Ціханоўская паказала свой працоўны кабінет. Там ёсць і нашумелы кубак з навагодняга звароту
Святлана Ціханоўская падзялілася ў інстаграме відэа са свайго працоўнага кабінета.
Офіс Ціханоўскай цяпер у Вільні. У кабінеце Ціханоўскай стаяць два бел-чырвона-белыя сцягі. На сцяне — малюнак з ёй і Сяргеем Ціханоўскім.
На стале сабраныя розныя памятныя рэчы — партрэт Ціханоўскага мастачкі Ксішы Анёлавай, карціна Алены Зеленцавай, жоўта-сіні бранзалецік (Ціханоўская адзначыла толькі, што яго сплёў вельмі важны для яе чалавек), хэнд-мэйд лялька Света, падораная ў Познані, каляндарыкі з натхняльнымі выразамі.
Вось такі звон з Ефрасіннеўскім крыжом дораць часам міжнародным партнёрам:
Таксама стаіць нашумелы кубак з навагодняга звароту Ціханоўскай. Ён нарабіў шуму, бо ў твітары абмяркоўвалі, ці нармальна мець кубак за 20 еўра. У Офісе тады тлумачылі, што кубак належыць гаспадару кватэры, дзе запісвалі зварот.
«Доўгі час яго ў мяне не было, але так шмат пра яе жартаў… Памятаеце, Вара з Чэхіі, якая аддала свой дрон нашым добраахвотнікам? Вось яна мне падарыла гэты кубак», — падзялілася Ціханоўская.
У яе кабінеце стаіць таксама стэлаж з рознымі сувенірамі, якія ў будучым перададуць у музей. Там паштоўкі, кніжкі, розныя статуэткі.
«Я лічу вельмі важным атачаць сябе рэчамі, якія натхняюць працягваць працу», — напісала Ціханоўская пад відэа.
Каментары