«Давялі пазіцыю». Урсула фон дэр Ляен напісала Ціханоўскай ліст па справе Андрэя Гнёта
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен накіравала ліст Святлане Ціханоўскай, у якім пацвердзіла, што Еўракамісія трымае на кантролі справу беларускага рэжысёра, актывіста і журналіста Андрэя Гнёта, якому пагражае дэпартацыя з Сербіі ў Беларусь.
«Еўрапейская камісія знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам. У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні — і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда.
Мы давялі кіраўніцтву краіны пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэслілі нашыя чаканні. Справа Андрэя Гнёта павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза», — адзначыла ў лісце Урсула фон дэр Ляен.
Акрамя таго, яна асобна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюза неаднаразова даводзілі да сербскіх уладаў наступнае:
- ордар на арышт спадара Гнёта быў палітычна матываваным;
- у выпадку экстрадыцыі на радзіму беларус сутыкнецца з рэпрэсіямі.
Раней сербскі суд пастанавіў экстрадзіраваць рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь. Беларус спрабуе дамагчыся адмены гэтага рашэння.
Каментары