Трох чалавек, затрыманых па справе аб «падрыхтоўцы тэрактаў», пачнуць судзіць у кастрычніку
Мінгарсуд 22 кастрычніка ў закрытым рэжыме пачне разглядаць справу ў дачыненні да ўкраінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, даведалася «Вясна». Працэс будзе весці суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Фігурантам справы інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), арт. 358-1 (агентурная дзейнасць), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) ч. 2 арт. 406 КК (неданясенне аб злачынстве).
Пра затрыманне мужчын стала вядома ў мінулым верасні з прапагандысцкага фільма па БТ. Сцвярджалася, што яны нібыта выйшлі на сувязь з СБУ і планавалі ўзарваць чыгунку ў Талачынскім раёне.
Каментары