Экс-дыпламат і ініцыятар праекта па лячэнні дзяцей з чарнобыльскай зоны.
Ва ўзросце 73 гадоў памёр Аляксандр Рухля — ініцыятар стварэння Беларуска-нямецкага цэнтра «Надзея» па лячэнні дзяцей з заражаных рэгіёнаў, кандыдат хімічных навук і былы намеснік міністра замежных спраў, піша «Позірк».
У 1987—1988 гадах Рухля актыўна ўдзельнічаў у стварэнні карт радыяцыйнага забруджвання Беларусі з прычыны выбуху на ЧАЭС.
Тады ў яго і ўзнікла ідэя стварэння аздараўленчага цэнтра. На працягу многіх гадоў Рухля займаўся пытаннямі пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС.
У 2005 годзе Рухля падпісаў «Зварот да беларускага народа», у якім было абвешчана аб стварэнні апазіцыйнага руху «Воля народа». Пасля гэтага ён быў звольнены з ВНУ.
«Мабыць, я занадта доўга пражыў у Германіі, каб быць задаволеным тым, што ў нас адбываецца. Беларусь — краіна, якая спакойна магла б развівацца ў еўрапейскім рэчышчы», — сказаў Рухля ў інтэрв'ю пасля звальнення з БДУ.
Каментары