У некралогу 43-гадовага маёра ўнутранай службы Мікалая Лаўрыновіча адзначалася, што ён «трагічна загінуў».
Мікалай Лаўрыновіч быў начальнікам рэжымнага аддзела СІЗА-1 (у народзе гэты следчы ізалятар быў вядомы як Валадарка, але нядаўна ён пераехаў на новы адрас у Калядзічы).
У некралогу паведамлялася, што ён трагічна загінуў. Больш дэталяў не прыводзілася.
Па інфармацыі адной крыніцы, Лаўрыновіч загінуў пры пажары ў лазні на сваім лецішчы.
На карысць гэтай версіі сведчыць і іншая інфармацыя. У зводках МНС ёсць паведамленне аб пажары 5 кастрычніка ў жылым доме ў вёсцы Млехава Барысаўскага раёна. Дом належыць пенсіянерцы. На пажары загінуў яе 43-гадовы сын. Год нараджэння супадае з годам нараджэння Лаўрыновіча. А на яго маці запісаны дом у вёсцы Млехава (па звестках з базы «Белпола»).
Прычыны пажару ў паведамленні МНС не называліся.
Згодна з базамі «Белпола», у сістэме папраўчых органаў Лаўрыновіч працаваў з 1999 года. Пачынаў кантралёрам у СІЗА-1. Працаваў нейкі час таксама ў калоніі № 14 (Навасады, Барысаўскі раён), папраўчых установах адкрытага тыпу № 36 і 34. З 2016 года вярнуўся на работу ў СІЗА-1.
За час працы ў папраўчых установах Лаўрыновічу некалькі разоў рабілі строгія вымовы. Адна з іх — за тое, што будучы пад алкаголем хваліўся службовым пасведчаннем у грамадскім месцы.
Ён праходзіў адным з пацярпелых па крымінальнай справе аб апублічванні персанальных даных сілавікоў, заведзенай у 2020 годзе.
Каментары