Культура22

«Якуб Колас мяне папракаў, што доўга чакае ў метро». Захавальніца беларускіх скарбаў бачыла класікаў нават у снах

«Жывы дакумент не заменіш ніякай копіяй», — заўважыла неяк вядомая архівістка Ганна Запартыка. Сапраўды, дакументы мінулага, сведкі беларускай гісторыі, для яе — жывыя. Шмат гадоў Ганна Вячаславаўна ўзначальвала Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Здаецца, няма такой асобы беларускай гісторыі, пра якую яна не змагла б расказаць штось цікавае. Гэтымі днямі Ганна Вячаславаўна адзначыла свой юбілей. Журналістка «Звязды» Людміла Рублеўская сустрэлася з юбіляркай, каб пагутарыць пра яе творчы шлях — а гаворка ўсё адно атрымалася пра беларускую гісторыю і яе дзеячаў.

Ганна Запартыка

— Колькі гадоў ты аддала Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва?

— Пачала там працу з 1978 года… Выходзіць, сорак шэсць гадоў, так? Прыйшла туды пасля філфака, з настроем паспрабаваць, паглядзець, а пасля мо знайсці штось больш грашавітае… Але адна старэнькая супрацоўніца архіва тады сказала мне: «Ты тут застанешся». Яна мела рацыю — я так і засталася.

— Зацягнула гэтая справа?

— Так, ад фонду да фонду — і зацягнула. Першыя гады, вядома, былі перапынкі: нарадзіліся дзеці — сын, пасля дачка… Да 1993 года асноўнай маёй задачай як архівіста было працаваць з фондамі нашых творчых устаноў — Саюза кампазітараў, Саюза кінематаграфістаў, Саюза мастакоў, Саюза пісьменнікаў… Працавала з фондамі часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Работніца і сялянка». Да архіваў такіх адносіны былі трапяткія, паважлівыя, але ніхто адмыслова імі не займаўся, у рэдакцыях яны захоўваліся ў неапрацаваным стане. Памятаю, на кінастудыі «Беларусьфільм» я знайшла нават дакументы часоў вайны і першых пасляваенных гадоў, пачынаючы з 1943 года, калі толькі задумвалася вяртанне кінастудыі ў Беларусь, ішла падрыхтоўка да здымак там першых фільмаў… І гэтыя каштоўныя дакументы не былі ўнесены ў дзяржаўны рэестр. Так што я ведала «кухню» ўсіх творчых устаноў, даследаванні зацягнулі…

— І гэта менавіта пасля філфака?

— Так, філалагічны факультэт даў добрую падрыхтоўку. У нас былі цудоўныя выкладчыкі: Ніл Гілевіч, Вячаслаў Рагойша, Алег Лойка, Іван Навуменка…

— А якая была самая першая адметная архіўная справа?

— Першае, што мне даручылі, — навуковую апрацоўку фондаў асабістага паходжання. І першыя асобы, фонды якіх я апрацавала, — Рыгор Няхай і Яўген Васілёнак, пісьменнікі, якія на сёння падзабытыя. Вельмі старалася… Рыгор Няхай быў яшчэ жывы, я з ім сустракалася. Да нараджэння сына паспела яшчэ зрабіць фонды акцёрскія — Барыса Платонава і Ірыны Ждановіч, старых купалаўцаў… А калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, мне і прапанавалі працаваць з фондамі творчых арганізацый. Але і да асабістых фондаў звярталася: мне гэта падабалася.

— А якая была першая публікацыя, якую лічыш знакавай для сябе?

— Калі я прыняла пасаду дырэктара архіва, у кабінеце выявіла шмат цікавага. Мая папярэдніца не паспела шмат чаго падрыхтаваць да здачы. Я знайшла цэлы пакет дакументаў з архіва Каруся Каганца. Іх гісторыя пачалася з Віталя Скалабана. Недзе ў 1985 годзе ён пабываў у Маскве ў дачкі Каганца Пуцяты Галіны Казіміраўны. Гісторыка не пакінулі абыякавым убачаныя матэрыялы, што належалі сям’і Кастравіцкіх.

Адразу ж дырэктарка архіва-музея літаратуры і мастацтва напісала Галіне Казіміраўне ліст з просьбай перадаць у архіў-музей дарагія рэліквіі. У 1992 годзе Галіна Казіміраўна прыехала ў Беларусь на адкрыццё помніка свайму знакамітаму бацьку і прывезла бясцэнны дарунак: нататнік Карла Кастравіцкага (бацькі Каруся Каганца), візітоўку з аўтографам і фотаздымкі самога пісьменніка, ягоны ліст да будучай жонкі Ганны Канстанцінаўны, пенсійную кніжку апошняй ды інш.

Я зрабіла на ўсё знойдзенае вопіс, і мяне зацікавіў нататнік, самы стары дакумент архіва. Я ўбачыла там згадкі пра кляштар бернардзінцаў, дзе падчас паўстання знаходзілася вязніца, — і зразумела, што гэта ж той самы будынак, у якім сёння працуе архіў. Пачала даследаваць… І вынікам стала першая мая навуковая публікацыя.

— Так што першым персанажам навуковых даследаванняў аказаўся Карусь Каганец?

— Так. Пасля — Паўліна Мядзёлка. Потым мне замовілі нарысы для зборнікаў, якія выпускала выдавецтва «Юнацтва», пра Еўфрасінню Полацкую і Рагнеду — напалову мастацкія, напалову навукова-папулярныя… Займалася і пакаленнем літаратараў 1920—1930-х, часоў «Маладняка» і «Узвышша». Я ж ініцыявала «Узвышаўскія чытанні», якія ўпершыню адбыліся ў 2001 годзе, і «Архіўныя чытанні» з 2003 года. І першыя, і другія адбываюцца да гэтай пары. Ганаруся гэтым.

— А дысертацыю не думала пісаць?

— Думала. Але калі заняла пасаду дырэктара архіва, не было ўжо зусім часу. А я ж яшчэ дваццаць пяць гадоў выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на гістарычным факультэце. Ну і што датычыцца асабістага жыцця — мы будавалі дом у Ратамцы, клопатаў хапала. А напрацовак шмат, засталіся яшчэ нявыдадзеныя зборнікі, пра таго ж Эпімах-Шыпілу.

— І цяпер працягваеш займацца даследаваннямі?

— Так. Да наступных «Архіўных чытанняў» падрыхтавала даклад пра Цётку. Пра яе я не раз ужо пісала, але ёсць яшчэ шмат нераскрытых тэм. Па-першае, гісторыя яе спадчыны. Па-другое, варта ўдакладніць яе біяграфію. Па-новаму прачытаць дакументы, тыя ж атэстаты — хто пакінуў свае подпісы, хто быў настаўнікам Цёткі, хто на яе ўплываў. Усе імёны ўжо мною разгаданы. Цікавая тэма — Цётка-падарожніца. Яна шмат ездзіла па Еўропе, Першую сусветную вайну сустрэла ў Фінляндыі. І яшчэ аспект — яе жаночы лёс.

На канферэнцыі хачу зрабіць даклад пра фатаграфіі і фатографаў Цёткі. Фатаграфій захавалася мала, і датуюць іх вельмі хаатычна. Вось на фота яна не зусім з элегантнай прычоскай, дык вырашылі, што гэта, відаць, ужо Першая сусветная вайна пачалася, не да прычосак, і датавалі 1914 годам. І ніхто не звяртае ўвагі, што фота скапіравана з дакумента, на якім стаіць дата — 1910 год. Максім Лужанін у сваіх успамінах піша, што Янка Купала дэманстраваў яму здымак, на якім Цётка ў капялюшыку, са стужачкамі, якія развяваюцца па ветры.

Стужачкі са здымка прыбрала сама Цётка, бо ёй трэба быў той здымак для студэнцкай кніжкі, а гэта афіцыйны дакумент. Але самае цікавае, што ў савецкі час з Цёткі на тым здымку капялюшык знялі — і фота пачало перадрукоўвацца ўжо без капялюшыка, які не адпавядаў вобразу народнай паэткі-рэвалюцыянеркі.

— Фоташоп стагадовай даўніны?

— Так! І я задалася пытаннем — хто ж яе фатаграфаваў, такую чароўную, у капялюшыку? Думаю, гэта быў вельмі дарагі ёй чалавек, з якім яна сустрэлася ў Вільні, а пасля жыла побач у Закапаным, разам слухала лекцыі ў Ягелонскім універсітэце.

— І гэта не яе муж, Сцяпан Кайрыс?

— Не. Хаця Кайрыс да яе туды прыязджаў у Закапанэ, і яна да яго ездзіла ў Расію, дзе ён працаваў інжынерам.

— То-бок, у іх з мужам былі адносіны таварыскія, платанічныя… А з кім былі рамантычныя, за кім яна паехала, невядома?

— Дапускаю, што гэта быў Барыс Вігілёў, рускі рэвалюцыянер. Я знайшла ўспаміны яго жонкі Алексіеўскай, дзе яна згадвае «какую-то фельдшерку», якая дапамагала яе мужу, то-бок Алаізу Пашкевіч. Ён славіўся як выдатны фатограф. Пакуль што я ўсё гэта асэнсоўваю, шукаю дадатковыя крыніцы, параўноўваю даты.

— А бывала, што ў дакументах знаходзілася тое, пра што не напішаш?

— Так, вядома. Калі я пасябравала з пляменніцай Янкі Купалы Ядвігай Раманоўскай, яна пачала адкрываць мне таямніцы сваіх калекцый і аддала лісты Пятра Глебкі да Паўлюка Труса. Я стала чытаць хлапечыя сакрэты тых юных яшчэ паэтаў — Паўлюка Труса, Пятра Глебкі, Максіма Лужаніна… Хлопцы, адораныя Божай міласцю, заставаліся ўсё адно жывымі людзьмі, хваліліся нейкімі любоўнымі прыгодамі, часам перабольшвалі тыя прыгоды, свае раманы з дзяўчатамі, залёты… Ці варта было ўсё гэта публікаваць, даючы падставу плёткам? І калі рыхтаваўся зборнік твораў Паўлюка Труса, туды некаторыя эпізоды не былі ўключаны.

— Многае пераацэньваецца з часам, і дакументы ў тым ліку… Віталь Скалабан паўтараў: больш за ўсё лжэ дакумент. Гэта значыць, заўсёды трэба ўлічваць кантэкст, у якім гэты дакумент ствараўся. Люблю параўноўваць, напрыклад, аўтабіяграфіі нейкай асобы, напісаныя ў розныя часы: адзін раз чалавек піша, што яго бацька да рэвалюцыі працаваў чыноўнікам, а другі раз пазначае, што той з бедных сялян…

— Так здаралася часта. «Нацягвалі сялянскасць» у біяграфіі, знаходзілі рэвалюцыйныя матывы ў творах. Храналогія шмат што падказвае. Ацэньваючы творы Цёткі, трэба ўсведамляць кантэкст яе жыцця. Да 1904 года яна піша пра беларускую прыроду, вёску… 1905 год. Знаёмства з вядомым рэвалюцыянерам Вігілёвым, многімі беларускімі дзеячамі, сумесныя паездкі і выступленні на мітынгах. І ў яе з’яўляюцца вершы-пратэсты… 1906 год — разгром рэвалюцыі, суд, расчараванне… 

Навязлівы матыў крыві ў творах. У 1907 годзе Алаіза Пашкевіч жыве за мяжой, ратуецца ад сухотаў у Закапаным і ніводнага верша не напісала. 1911 год — шлюб са Сцяпанам Кайрысам, вяртанне ў Расійскую Імперыю пад новым прозвішчам. Пераходзіць на публіцыстыку, піша апавяданні, клапоціцца пра адукацыю беларускіх дзетак.

Успомнім першы зборнік Уладзіміра Дубоўкі пасля яго рэабілітацыі — здаецца, нічога незвычайнага, добрыя творы, у тым ліку падрэдагаваны самім аўтарам верш «О, Беларусь, мая шыпшына»… А калі раскладаеш вершы тыя па храналогіі, бачыш: вось яна, пярэрва ў дваццаць пяць гадоў… У чытача павінна ўзнікнуць пытанне: а дзе быў паэт гэтыя дваццаць пяць гадоў?

— За час працы ў архіве даводзілася нярэдка і самой здабываць дакументы?

— Вельмі часта… Усе замежныя нашы фонды так і прыйшлі — праз асабістыя кантакты, даводзілася карыстацца дапамогай і Міністэрства замежных спраў, і нашых пасольстваў, ездзіла сама ў Санкт-Пецярбург, у Маскву, у Вільню… Вазіла архівы ў чамаданах.

— Страшна было?

— Здаралася. Як я архіў Адама Бабарэкі везла… 1999 год, стагоддзе Адама Бабарэкі. З нашай ініцыятывы адбыліся святкаванні. Дачка Бабарэкі Алеся Адамаўна была запрошаная ў Мінск. Сустракалі яе вельмі цёпла. Рэпарцёры бралі інтэрв’ю проста на вакзале, быў зняты нават дакументальны фільм.

Пасля такіх шырокіх святкаванняў падчас канферэнцыі Алеся Адамаўна паабяцала, што перадасць архіў бацькі нам. Вельмі хутка я паехала за ім у Маскву… Плацкартны вагон. Адныя мяшочнікі. У вагоне такі вэрхал, такі рух усю ноч… А я везла фотаздымкі вялікага фармату, на шырокім паспарту. Яны ў мяне нікуды не змяшчаліся. Я нейкага мужчыну папрасіла пакласці іх на самую верхнюю паліцу над уваходам.

Ён у мяне пытаецца: «Что вы такое везете?». Я адказваю: «Гэта скарбы Беларусі». Ён вырашыў, што я жартую. А я ўсю ноч не прымружвала вачэй.

— А было такое, што губляўся дакумент?

— На маёй памяці такога не было. Хаця вазіла дакументы часта, і тут, па Беларусі. У Мінску ведала адрасоў многа, бывала ў дамах вядомых людзей. Самыя складаныя, аб’ёмныя архівы часам сама і разбірала. Таго ж Адама Бабарэкі ці архіў Валянціны Коўтун — у яе шмат было заблытана. Тэксты ў некалькіх асобніках, і ў кожным асобніку праўкі розныя. Як цяжка ўсё гэта злучыць…

Урэшце на сваім досведзе я напісала дапаможнік «Методыка работы з дакументамі асабістага паходжання ў дзяржаўных архівах Беларусі». З практычнага пункту гледжання, гэты дапаможнік мае падставы жыць доўга. Але мяняюцца прававыя нормы, і трэба было б пэўныя змены ўнесці.

— Падобна, архівіст — справа пажыццёвая… А ці бывала, што сніліся героі даследаванняў?

— Ого, яшчэ як сніліся… Якуб Колас мяне папракаў, што доўга чакае ў метро. Снілася, што працую, і ніяк не ўдаецца датаваць дакумент ці разабраць почырк. Падобнае здаралася і ў рэальнасці. Я добра ведала почырк Паўлюка Труса, але аднойчы зрабіла памылку, якая пайшла ў публікацыю. Потым вельмі доўга ўглядалася ў дакумент і зразумела, што гэта пісаў не Трус, а Пятро Глебка. Але почырк у іх настолькі падобны…

— Па почырку многіх пазнаеш?

— Так. Ведаю почырк Уладзіміра Караткевіча, Міхася Мушынскага, Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Максіма Танка — у Танка, дарэчы, адзін з самых прыгожых почыркаў… І Браніслава Эпімах-Шыпілы, і Язэпа Пушчы, і Адама Бабарэкі… Я заўсёды пазнаю іх почыркі.

Каментары2

  • Станция Площа Якуба Ёласа
    28.10.2024
    Ты хоть в метро хоть раз была? Боже, что несёт эта женщина
  • Вот так колхозан
    28.10.2024
    Станция Площа Якуба Ёласа, ты столько букв не знаешь, сколько для белорусской культуры сделала ЭТА ЖЕНЩИНА.

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Студэнты-аматары запусцілі ў космас гіпергукавую ракету ўласнай вытворчасці2

Куды небяспечна ехаць беларусам, якіх на радзіме пераследуюць за палітыку КАРТЫ15

Аб'явілі збор на падтрымку Васіля Верамейчыка10

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка15

Выратаваныя беларускія альпіністкі расказалі, як выжылі ў гарах Турцыі1

У Брэсце чыноўнікі паспрабавалі перабіць рэкорд БРСМ па колькасці дзяржсцягоў на квадратны метр ВІДЭА4

Маск і Рамасвамі расказалі, як будуць скарачаць выдаткі. Вось чаму гэта можа моцна паўплываць і на Беларусь18

У Расіі 49-гадовы рэжысёр зрабіў прапанову 17-гадовай актрысе. Сацсеткі абурыліся іх рамантычным ФОТА17

Мужчына збіў наведнікаў на пошце ў Дрыбінскім раёне. Адна жанчына памерла ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»9

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →