Найлепшы футбаліст Беларусі — 2021, якога судзілі за пратэсты, працягнуў кантракт з клубам з Мазыра
Андрэй Салавей, які атрымаў хатнюю хімію, працягне гуляць у чэмпіянаце Беларусі.
Андрэй Салавей падоўжыў кантракт з мазырскай «Славіяй». Ён будзе выступаць за клуб у новым сезоне.
Нядаўна стала вядома, што найлепшы футбаліст Беларусі — 2021 быў затрыманы разам з жонкай Аксанай паводле палітычнага артыкула. Мужа і жонку адпусцілі пад заклад, неўзабаве суд прызначыў ім па два гады хатняй хіміі за ўдзел у пратэстах. Мяркуючы з усяго, інфармацыю пра Салаўя сілавікі знайшлі ў тэлефоне ў сваяка.
І да суда, і пасля Салавей працягваў гуляць за «Славію» ў чэмпіянаце Беларусі. Былі сумневы, ці дазволяць клубу падоўжыць кантракт з футбалістам, якога судзілі за палітыку.
Салавей пасля падпісання новага пагаднення падзякаваў «Славіі» за давер.
«Я ўдзячны трэнерскаму штабу і кіраўніцтву за давер і веру ў мяне, што ўзаемна. Са свайго боку працягну паляпшаць прафесійныя навыкі, каб дапамагаць камандзе дасягаць высокіх вынікаў і радаваць заўзятараў», — цытуе Салаўя клубная прэс-служба.
У мінулым сезоне футбаліст доўга аднаўляўся пасля цяжкай траўмы. Усяго ён згуляў у 15 матчах і забіў 3 галы.
Каментары