У Беларусі зменшылася колькасць «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці» — Следчы камітэт
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Аляксандр Жукаў, выступаючы ў праграме «По существу» на тэлеканале СТБ, заявіў, што колькасць «злачынстваў», якія ў рамках рэжыму Лукашэнкі кваліфікуюцца як «экстрэмісцкія», у Беларусі змяншаецца.
Аляксандр Жукаў. Скрыншот з відэа
Паводле высокапастаўленага сілавіка, у 2024 годзе было здзейснена «ўсяго» больш за тысячу «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці», між тым як за апошнія 5 гадоў такіх было зафіксавана ажно 22,5 тысячы.
З гэтага Жукаў зрабіў выснову, што «сістэма мер па супрацьдзеянні экстрэмізму відавочна працуе». За гэтым эўфемізмам хаваюцца шматгадовыя брутальныя рэпрэсіі ў рэжыме «не да законаў».
У той жа час свядомае насаджэнне праз рэпрэсіі ў грамадстве атмасферы страху сілавік назваў «выпрацоўкай адпаведнага імунітэту», параўнаўшы змаганне з «экстрэмізмам» з пандэміяй кавіду. Маўляў, як і ў выпадку з хваробай у Беларусі не сталі аб'яўляць агульнага каранціну, так і тут не сталі татальна блакаваць цэлыя платформы, а сталі на шлях бязлітаснага пакарання за рэпосты, падпіскі і лайкі забароненых рэсурсаў.
Праўда, «пракантраляваць усё гэта, асабліва ўлічваючы стварэнне новых рэсурсаў, таксама складана». Таму сілавік разам з іншымі ўдзельнікамі праграмы таксама гаворыць пра «выхаванне, развіццё патрыятызму», насуперак раней самім сабой названым лічбам сцвярджаючы, што рэпрэсіі — гэта ў нас нібыта толькі крайняя мера.
Стрыжак: улады рыхтуюць правакацыі з удзелам рэпрэсаваных, скіраваныя на зніжэнне даверу да «Байсола»
Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца
Адкуль праўладныя сацыёлагі ўзялі 80% падтрымкі Лукашэнкі
Рэсурс «Письмо.бел» прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Што пагражае, калі некалі ім карыстаўся?
Каментары