Каго глядзелі болей і што ў каментарах? Параўналі навагоднія звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі
За 18 гадзін зварот Ціханоўскай набраў 184 тысячы праглядаў, Лукашэнку бачылі 370 тысяч. «Братья белоруссы», — пішуць у каментарах пад відэа Лукашэнкі. «Жыве Беларусь!» — вітаюць адно аднаго пад ролікам Ціханоўскай.
Зварот Святланы Ціханоўскай
Падчас звароту ў Беларусі заблакавалі ютуб, як і ў мінулым годзе. Ён не працаваў прыкладна з 23:40 да новага года. Ціханоўская запісала зварот цалкам на беларускай мове.
Выступ Святланы Ціханоўскай транслявалі два ютуб-каналы: яе ўласны ды «Еўрарадыё». На канале Святланы Ціханоўскай за першыя 18 гадзін відэа сабрала 130 тысяч праглядаў і 723 каментары. На «Еўрарадыё» былі 54 тысячы праглядаў і 279 каментароў. Агулам — 184 тысячы праглядаў і каля 1000 каментароў. Мы не ўлічваем навагоднія шоу, дзе праграма таксама перарывалася зваротам дэмакратычнай лідаркі.
На канале Святланы Ціханоўскай 53 тысячы падпісчыкаў, на канале «Еўрарадыё» — 139 тысяч. Агулам — 192 тысячы.
Вынік троху горшы за той, што быў у мінулым годзе, але летась зварот транслявалі пяць ютуб-каналаў. Тады за 11 гадзін ён набраў 170 тысяч праглядаў і больш за 1400 каментароў.
Каментары пад ролікам у большасці ад беларусаў. Значная іх частка на беларускай мове. Людзі віншуюць адно аднаго з Новым годам, зычаць шчасця і пакідаюць воклічы «Жыве Беларусь!».
Зварот Аляксандра Лукашэнкі
Зварот Лукашэнкі паказвалі, як і ў мінулым годзе, чатыры ютуб-каналы: БелТА, АНТ, СТБ і БТ (цяпер ён называецца news.by).
У выніку:
- на БелТА зварот сабраў 113 тысяч праглядаў, ролік мае 859 каментароў;
- на АНТ — 159 тысяч праглядаў і 551 каментар;
- на СТБ — 66 тысяч і 291 каментар;
- на news.by — 32 тысячы і 190 каментароў.
Але Лукашэнку круцілі і па ТБ.
Зварот быў цалкам рускамоўны. На кожным з каналаў больш за мільён падпісчыкаў, агулам яны маюць больш за 6 мільёнаў падпісчыкаў. Гэта амаль у 32 разы болей, чым у каналаў, якія транслявалі зварот Святланы Ціханоўскай.
Па каментарах бачна, што шмат людзей яго глядзелі з Расіі ды іншых краін. На ўсіх каналах першыя каментары збольшага з замежжа. Акрамя Расіі, праскокваюць каментары з Латвіі, Малдовы, Літвы, самаабвешчанай Абхазіі, Германіі, Казахстана.
Расіяне называюць краіну «наша Беларусь», а беларусаў — «братья белоруссы» ці «братья славяне». Некаторыя дзякуюць Лукашэнку за тое, што ён «захаваў краіну».
Агулам зварот Лукашэнкі за 18 гадзін атрымаў 370 тысяч праглядаў ды 1891 каментар.
Летась яго зварот за 11 гадзін меў 308 тысяч праглядаў і 2102 каментары.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары